23 снежня 2024, панядзелак, 8:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Рымашэўскі: Дыялог ЕЗ з Лукашэнкам вядзе да новых тэрмінаў для палітвязняў

Віталь Рымашэўскі: Дыялог ЕЗ з Лукашэнкам вядзе да новых тэрмінаў для палітвязняў
ФОТА: «Радыё Свабода»

Чым часцей у Беларусь ездзяць чыноўнікі з ЕЗ, тым больш робіцца нахабнай улада.

Еўракамісар у еўрапейскай палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні ЕЗ Ёханэс Хан 16 красавіка сустрэўся з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл Беларусі ў Менску. У сустрэчы ўдзельнічалі лідары Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, прадстаўніца аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Вольга Кавалькова і палітык Уладзімір Някляеў.

Сустаршыня аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі сказаў charter97.org, што візіты ў Менск еўрапейскіх палітыкаў прыводзяць да ўзмацнення рэпрэсій супраць апазіцыі.

- Я неаднаразова гаварыў пра тое, да чаго прывядуць візіты еўрачыноўнікаў у Беларусь. Гэта пацвердзілася цяпер. Безумоўнае супрацоўніцтва з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі забяспечвае новыя тэрміны тым палітвязням, якія ўжо ёсць, спрыяе новым тэрмінам і адкрывае дзверы ў турмы для новых палітвязняў - такіх, як Юрый Рубцоў.

З новымі візітамі еўрачыноўнікаў палітвязняў у Беларусі не становіцца менш, а нават наадварот. На фоне новых візітаў, напярэдадні Рыжскага саміту Мікалаю Статкевічу пагражае новы тэрмін. Зразумела, што новая справа супраць яго - палітычна матываваная. Тое, што яго зноў могуць кінуць у горшыя ўмовы або павялічыць тэрмін - гэта пацвярджэнне таго, што нічога, акрамя карт-бланш на ўнутраныя рэпрэсіі нічога супрацоўніцтва еўрапейскіх чыноўнікаў з беларускім рэжымам не прыносіць, - кажа палітык.

- Якой павінна быць палітыка Еўразвязу ў дачыненні да беларускіх уладаў?

- Еўрапейскім палітыкам трэба прытрымлівацца выстаўленых раней умоў. Трэба прытрымлівацца сваіх слоў, патрабаванняў і абяцанняў, нават нічога новага прыдумляць не трэба. Я кажу пра патрабаванні правядзення свабодных і сумленных выбараў, аб немагчымасці супрацоўніцтва пры наяўнасць палітвязняў у турмах, асабліва напярэдадні новых так званых прэзідэнцкіх «выбараў», калі да гэтага часу сядзяць людзі за мінулую прэзідэнцкую кампанію. Таксама яны павінны быць адкрытыя для беларускага грамадства. Я маю на ўвазе падтрымку грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл у Беларусі як адзіны інструмент уздзеяння на рэжым унутры Беларусі.

Гэта ўсё дэкларавалася ў дыялогу «Усходняга партнёрства», а цяпер усё звялося да супрацоўніцтва з беларускім рэжымам і да звароту толькі да ўладаў. Еўрапейскія палітыкі самых высокіх рангаў казалі, што не будуць супрацоўнічаць, пакуль у краіне будуць палітвязні. Наадварот, супрацоўніцтва з уладамі адбываецца насуперак тым словам і рэзалюцыям, нават без дакументальных зменаў тых самых пунктаў. Я заклікаю Еўразвяз не выдумляць нічога новага, а проста трымаць сваё слова, бо ў палітыцы гэта заўсёды цэніцца. Бо як ворагі, так і сябры заўсёды цэняць, разумеюць і паважаюць цвёрдую і непахісную пазіцыю.

Нагадаем, некалькі дзён назад стала вядома аб тым, што Мікалаю Статкевічу пагражае новы тэрмін. Цяпер ён утрымліваецца ў памяшканні камернага тыпу, дзе няма дзённага святла, а на шпацыр адводзіцца паўгадзіны ў дзень.

Пра тое, што адміністрацыя калоніі ўзмацніла ціск на апазіцыйнага палітыка, стала вядома ў пачатку красавіка, калі толькі за адзін тыдзень на яго склалі восем актаў нібыта за парушэнне рэжыму. Палітвязень быў пазбаўлены кароткатэрміновага спаткання, якое ў іх планавалася ў гэтым месяцы і прадуктовай перадачы, правёў трое сутак у штрафным ізалятары, а 3 красавіка яго перавялі на два месяцы ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

Мікалай Статкевіч - адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні. У траўні 2011-га ён быў прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зняволеным.

Першапачаткова асуджаны палітык адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі №17, аднак у студзені 2012-га яму зрабілі больш жорсткімі варункі і перавялі ў магілёўскую турму №4 на тры гады. Пасля сканчэння гэтага тэрміну, 12 студзеня гэтага года, Статкевіча вярнулі ў шклоўскую калонію, дзе ў першыя ж два дні ў дачыненні да палітыка склалі два рапарты аб парушэнні правілаў унутранага распарадку.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках