23 снежня 2024, панядзелак, 14:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Rzeczpospolita: Агрэсія супраць Украіны - частка плана РФ для дэмантажу Еўропы

2
Rzeczpospolita: Агрэсія супраць Украіны - частка плана РФ для дэмантажу Еўропы

Уладзімір Пуцін не хавае, што хоча гуляць у неасавецкім стылі палітыкі, маючы зону ўплыву ў прылеглых да Расеі краінах.

«Тэрарысты з «Ісламскай дзяржавы» , якімі б крыважэрнымі яны не былі, з часам будуць знішчаныя. Але стратэгія Расеі больш доўгатэрміновая і нацэленая на дэмантаж адзінства Захаду», - піша польскі палітолаг, кіраўнік дэпартамента стратэгічных даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта і дарадца прэзідэнта Польшчы ў міжнародных пытаннях Раман Кужняр у сваёй калонцы для польскага выдання Rzeczpospolita (пераклад - «Новое Время»).

Аўтар мяркуе, што стасункі Захаду і Расеі зайшлі ў бязвыхадную сітуацыю. На сёння ніводзін з бакоў не задавальняе статус-кво, але і перамогу абвясціць таксама ніхто не можа. Такім чынам, мы не ведаем, што будзе далей.

Расея далучыла Крым, узяўшы ў рукі зброю, а цяпер яшчэ і кантралюе частку Данбаса з дапамогай сепаратыстаў, адзначае калумніст. Хоць кошт агрэсіі для Расеі не такі ўжо высокі, але ўсё ж ён стаў больш сур'ёзным, чым разлічвалі ў Маскве. Таму запалохванне Захаду з боку Расеі нацэленае на тое, каб знізіць для сябе гэты кошт. Расейцы спрабуюць прымусіць еўрапейцаў збавіць тон і вярнуцца да таго, што міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў называе здаровым сэнсам.

Захад можа думаць, што ён зрабіў усё, што павінен, і нават больш. Так, ЕЗ і ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да Расеі (праўда, хутчэй тактычныя, чым стратэгічныя), а NATO ўзмацняе свой усходні фланг. Канфлікт у Данбасе пасля падпісання другіх Менскіх пагадненняў замарожаны, і сітуацыя стабілізавалася на пэўным узроўні. Час задумацца: а што будзе далей?

Частка вялікага плана

На жаль, рана разыходзіцца па дамах. Прынамсі, цяперашняе супрацьстаянне паміж Расеяй і Захадам - не проста канфлікт дзесьці на «далёкім усходзе» Еўропы, які ў многіх заходніх краінах здаецца яшчэ больш аддаленым, чым курдская праблема. Наіўна думаць, што пасля агрэсіі Расеі ва Украіне еўрапейскі парадак бяспекі вернецца на сваё месца. Гэта не проста акт агрэсіі, які не меў месца на кантыненце пасля заканчэння Другой сусветнай вайны - гэта частка значна большага плана.

Па-першае, прэзідэнт Пуцін не хавае, што хоча гуляць у неасавецкім стылі палітыкі, маючы зону ўплыву ў прылеглых да Расеі краінах. Па-другое, ён не хавае, што хоча аслабіць згуртаванасць паміж ЕЗ і NATO, і такім чынам абмежаваць уплыў ЗША ў Еўропе. Па-трэцяе, Пуцін не хавае, што хоча змяніць існы парадак у Еўропе. Ён хоча, каб тут панавала палітыка гвалту, дзякуючы якому Расея зможа заняць дамінантную пазіцыю.

Усё гэта, са словах Кужняра, суправаджаецца надзвычайнай актывізацыяй шавіністычных імпэрскіх настрояў, і фашызацыі палітычнага жыцця ў Расеі. Пуцін не ў настроі весці дыялогі і развязваць канфлікты шляхам кампрамісаў. Яго цікавіць толькі выкананне ягоных чаканняў.

Хто-то можа сказаць, што адзін чалавек, нават той, хто стаіць на чале рэгіянальнай дзяржавы, не ў стане падарваць міжнародны парадак у Еўропе. Але прыклады Напалеона, Гітлера ды Сталіна даводзяць, што такое ўжо здаралася неаднойчы. Пуцін сапраўды можа падарваць спакой у Еўропе, асабліва калі заручыцца падтрымкай іншых дзяржаў.

Business first

Польскі палітолаг падкрэслівае, што сённяшнія настроі ў Еўропе вельмі падобныя на тыя, што былі ў позні перыяд існавання Лігі Нацый. Хтосьці можа не пагодзіцца. Бо, урэшце, Еўропа салідарная ў пытанні санкцый супраць Расеі, акрамя таго, надаецца фінансавая і тэхнічная дапамога Украіне. Але ў той жа час, прадаўжаюцца і ліхаманкавыя спробы пайсці насустрач Пуціну.

Еўрапейскія палітыкі па-ранейшаму гатовыя ездзіць на сустрэчы і запэўніваць кіраўніка РФ, што Расея патрэбная Еўропе, што ў краін ёсць агульныя інтарэсы і на працягу некалькіх месяцаў усё стане на свае месцы.

Нагадаю, піша Раман Кужняр, Ліга Нацый і міжнародны парадак перад Другой сусветнай вайной зведаў паразу не таму, што быў дрэнна задуманы, а таму, што яго прынцыпы былі адданыя краінамі-заснавальнікамі перад тварам геапалітычнага рэвізіянізму іншай дзяржавы. Хтосьці скажа, што такія параўнанні неапраўданыя, але ў 1934 годзе і нават праз год ці два, таксама думалася, што Еўропе нічога не пагражае, што з Бэрлінам можна супрацоўнічаць, калі накіраваць яго апетыт на Усход.

Амерыканскі прафесар паліталогіі Джон Маршэймер, які кажа, што нам варта адмовіцца ад мары аб сяброўстве Украіны ды Грузіі ў Еўрапейскім Звязе і спыніць распаўсюд дэмакратыі і правоў чалавека ў краінах былога Савецкага Саюза, бо гэта раздражняе Маскву, мае нямала паслядоўнікаў на Захадзе. Яны сцвярджаюць, што з Расеяй можна весці бізнэс, акрамя таго, Расея патрэбная, каб развязаць праблему Паўночнай Карэі, Ірана, барацьбы з тэрарызмам і г.д.

Вядома, параўнанне з Лігай Нацый, як і ўсялякае іншае такое параўнанне, адноснае. Але аналогіі ўвесь час чамусьці вучаць нас. Пасля Другой сусветнай вайны Еўропа засвоіла, што ў такіх сітуацыях, як сённяшняя, нельга праводзіць палітыку замірэння. І такія параўнанні варта рабіць ужо таму, яшчэ раз падкрэсліў польскі калумніст, што многія заходнія палітыкі і экспэрты не хочуць чуць пра палітыку стрымлівання Расеі. Гэта не халодная вайна, а Расея - не Савецкі Саюз, паўтараюць яны.

Я з імі згодзен, кажа Раман Кужняр, але і стрымліванне - гэта не сродак, а логіка.

Сродкі і метады павінны быць адаптаваныя да абставін. Але логіка стрымлівання тут патрэбная ўжо таму, што прычына яе выкарыстання аналагічная - рэвізіянісцкая агрэсіўная дзяржава, якая ўзначальваецца лідэрам, які, не вагаючыся, выкарыстоўвае вайсковую сілу ў дасягненні сваіх геапалітычных мэт. Пра гэта сведчаць прыклады Чачні, Грузіі ды Украіны.

Гэты палітык не саромеецца выкарыстоўваць запалохванне, у тым ліку ядзернае, у краінах, якія яму нават не пагражаюць, як гэта надоечы прагучала ў бок Даніі. Якія яшчэ аргументы павінны быць?

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках