Жонка Рубцова: Муж са звычайнай галадоўкі можа перайсці на сухую
9- 20.04.2015, 16:15
- 23,970
Ужо два тыдні трымае галадоўку палітвязень Юрый Рубцоў, які пратэстуе супраць распачынання супраць яго новай крымінальнай справы.
Што вядома пра стан галадоўніка і ягоную крымінальную справу? Навінамі пра палітвязня з «Радыё Свабода» падзялілася ягоная жонка Ядвіга Рубцова.
«На днях там яго наведала адвакат. Яны вывучалі крымінальную справу, якую супраць яго завялі нібыта за ўхіленне ад адбыцця «хіміі». Адвакат сказала, што суд дакладна будзе, але калі, яшчэ невядома. Муж па-ранейшаму трымае галадоўку і нават не выключае, што пяройдзе на «сухую», калі пераследу не спыняць. Баюся пра гэта нават думаць, сама ўжо не магу ні есці, ні спаць, але ён такі, не саступае», - распавяла Ядвіга Рубцова.
Юрый Рубцоў распачаў галадоўку 6 красавіка, калі яго з камендатуры ў вёсцы Куплін прывезлі ў Пружанскі райаддзела міліцыі, дзе змясцілі ў адзіночную камеру і паведамілі пра распачынанне супраць яго крымінальнай справы паводле абвінавачвання ва ўхіленні ад адбыцця «хіміі». Рубцоў не прызнае сябе вінаватым. Ён кажа, што не ўхіляўся ад працы, але не згаджаўся на працу за мізэрны заробак і патрабаваў аплаты на ўзроўні сярэдняга заробку ў краіне.
Некалькі дзён таму Юрыя Рубцова з Пружанаў перавезлі ў следчы ізалятар у Баранавічах. Пра ўмовы, у якіх цяпер трымаюць Юрыя Рубцова, жонка палітвязня кажа, што «яны звычайныя». «Адвакат паведаміў, што адмыслова папярэдзіў адміністрацыю ізалятара пра тое, што паводле закона яны адказныя за стан здароўя Юрыя і павінны пры пагаршэнні сітуацыі выклікаць да яго лекараў», - распавяла Ядвіга Рубцова.
Як цяпер сябе адчувае арыштант?
Паводле звестак адваката, Юрый Рубцоў пакуль асабліва не скардзіцца на здароўе, але жонка палітвязня мяркуе, што напраўду яму становіцца ўсё горш. Ядвіга Рубцова нагадала, што вясной 2014 Юрый Рубцоў ужо галадаў 25 дзён, калі суддзя Савецкага райсуду Менску Кірыл Палулех прысудзіў яго да адміністрацыйнага арышту пасля Чарнобыльскага шляху. «Як выйшаў, так выглядаў вельмі дрэнна і здароўе было дрэннае. Цяпер, мабыць, будзе тое ж самае. Не ведаю, як яму дапамагчы. Спаткання не дазваляюць, лісты ад яго не даходзяць. Тэлефанаваць не даюць», - кажа Ядвіга Рубцова.
Грамадскі актывіст з Гомеля Юры Рубцоў ў канцы 2014 года быў прысуджаны да 1,5 гадоў "хіміі" паводле абвінавачаньня ў абразе суддзі Кірыла Палулех. Зараз Юрыю Рубцову пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.