Лаўроў заявіў, што Саўчанку могуць амніставаць пасля пастановы суда
8- 22.04.2015, 14:56
- 44,152
Да лётчыцы могуць ужыць палажэнні Менскіх пагадненняў аб амністыі, але спачатку справа павінна дайсці да суда.
Кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў не выключае, што да ўкраінскай лётчыцы і народнага дэпутата Надзеі Саўчанкі могуць быць ужытыя палажэнні Менскіх пагадненняў аб амністыі, але спачатку справа павінна дайсці да суда.
Як паведамляе ТАСС, у інтэрв'ю тром расейскім радыёстанцыям Лаўроў заявіў: «Наконт абмену «ўсіх на ўсіх» - яна не закладніца, яна арыштаваная паводле падазрэння ў злачынствах. Тут можа ісці гаворка аб задзейнічанні іншай часткі Менскіх пагадненняў, дзе гаворыцца аб амністыі ўсіх датычных да падзеяў на «паўднёвым усходзе». Але каб амніставаць чалавека, трэба спачатку давесці да суда, і суд павінен прыняць пастанову».
«Калі суд вызначыць, што яна вінаватая, то тады, напэўна, яна будзе падпадаць пад амністыю, калі я магу цяпер так патлумачыць Менскія дамоўленасці», - адзначыў Лаўроў.
Нагадаем, Саўчанка была выкрадзеная баевікамі на Данбасе летам 2014 года, а затым яе перавезлі ў Расею, дзе абвінавацілі ў датычнасці да гібелі расейскіх журналістаў. Паводле звестак абароны, яна не магла быць датычнай да гібелі журналістаў, бо трапіла ў палон яшчэ да іх смерці.
26 кастрычніка 2014 г на пазачарговых выбарах Саўчанка была абраная народным дэпутатам паводле спісу партыі «Бацькаўшчына». Вярхоўная Рада дэлегавала яе ў ПАРЕ.
28 студзеня Парламенцкая асамблея Рады Еўропы пастанавіла вызваліць Саўчанку цягам 24 гадзін і вярнуць яе ва Украіну ці перадаць трэцяму баку.
Адвакат Саўчанкі Марк Фейгін паведаміў, што ў пятніцу, 25 красавіка, ягонай падабароннай выстаўленае афіцыйнае абвінавачванне ў незаконным перасячэнні мяжы.