Акцыя ў падтрымку беларуса, арыштаванага ў Расеі за салідарнасць з Украінай
6- 23.04.2015, 7:51
- 13,792
Берасцейскія актывісты правялі акцыю салідарнасці з Кірылам Сілівончыкам.
Як стала вядома charter97.org, вялікі каляровы плакат з надпісам «Слава Украіне! Жыве Беларусь!» з'явіўся на адной з развязак трасы М1, якая вядзе з Берасця ў Менск і Маскву. Ён быў добра бачны ўсім аўтааматарам і пасажырам грамадскага транспарту, што праязджаюць дарогаю.
Нагадаем, некалькі дзён назад стала вядома, што Маскоўскі вайсковы суд прысудзіў беларуса Кірылы Сілівончыка да двух гадоў калоніі-пасялення. Маладзён быў прызнаны вінаватым паводле артыкула «Публічнае апраўданне тэрарызму ці публічныя заклікі да яго». У Расеі справы паводле гэтага артыкулу падпадаюць пад юрысдыкцыю вайсковага суда, нават калі абвінавачаны - цывільная асоба.
Кірыл Сілівончык публікаваў на сваёй старонцы ў сацсетцы «Вконтакте» тэксты і малюнкі ў падтрымку Украіны і з асуджэннем расейскай палітыкі.