23 снежня 2024, панядзелак, 14:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязню Пракапенку пагражае новы тэрмін?

2
Палітвязню Пракапенку пагражае новы тэрмін?

Праз парушэнні правілаў унутранага распарадку палітвязню не толькі адмовілі ў памілаванні, але могуць яшчэ і павялічыць тэрмін.

У лютым Арцём Пракапенка напісаў прашэнне аб памілаванні, у якім яму было адмоўлена. Бацька палітвязня Анатоль Пракапенка сказаў, што сын фармальна з'яўляецца злосным парушальнікам правілаў унутранага распарадку калоніі, што і магло паўплываць на пастанову.

- Не ўяўляю, чаму сыну адмовілі. Казалі: пішыце прашэнне аб памілаванні - мы вас памілуем. А чаму адмовілі - не ведаю. Нічога не зразумела, - здзіўляецца бацька.

- Як у яго наогул справы? Як здароўе?

- Рыхтуемся да працяглага спаткання. Яно павінна адбыцца ў чэрвені. Дазволу яшчэ няма, чакаем, яшчэ час ёсць. Здароўе? Ну, якое можа быць у турме здароўе...

- Многія звязваюць такія негатыўныя наступствы для палітвязняў з прыездам еўрачыноўнікаў і перамовамі ЕЗ з Лукашэнкам.

- Не ведаю, якія там ідуць працэсы напраўду. Але, як мы бачым, рэчы адбываюцца непрадказальныя. Ягонага таварыша Паўла Сырамалотава, асуджанага паводле таго ж артыкула, памілавалі і вызвалілі, а Арцём застаўся за кратамі. На думку адміністрацыі калоніі, ён з'яўляецца злосным парушальнікам правілаў унутранага распарадку. Адно пакаранне мінае, яму адразу «вешаюць» іншае...

- Гэта вельмі падобна на сітуацыю з Мікалаем Дзядком. За шматлікія парушэнні яго пакаралі яшчэ да аднаго года турмы. Ці не баіцеся аналагічнага сцэнару?

- Я нічога не баюся. Ад нас жа нічога не залежыць, мы проста чакаем...

На думку беларускага адваката, старшыні юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйлы Арцёму Пракапенку цалкам можа пагражаць дадатковы тэрмін.

- Паводле нашага заканадаўства гэта цалкам магчыма. У сітуацыі, калі зняволены прызнаецца злосным парушальнікам рэжыму адбыцця пакарання, пры хадайніцтве адміністрацыі распачынаюць новую крымінальную справу. Суд можа прысудзіць такога парушальніка яшчэ да аднаго года пазбаўлення волі. Дарэчы, трэба адзначыць, што такая практыка ўжываецца ў асноўным у дачыненні да палітвязняў. Хоць вядомыя і выпадкі, калі гэта ўжывалася і ў дачыненні да злачынных аўтарытэтаў, якія таксама, вынікаючы традыцыям, не падпарадкоўваліся, не выконвалі ўказанні, не ўставалі на шлях выпраўлення і дрэнна ўплывалі сваімі паводзінамі на іншых зняволеных, - распавёў ён.

Нагадаем, Арцём Пракапенка знаходзіцца ў зняволенні з 17 студзеня 2011 года. Ён асуджаны да 7 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму судом Бабруйскага раёна і г. Бабруйска паводле ч.2 арт.339 КК (злоснае хуліганства) і ч.3 арт.218 КК (пашкоджанне маёмасці ў асабліва буйным памеры). Паводле крымінальнай справы Арцём праходзіў разам з Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамалотавым.

Цяпер палітвязень знаходзіцца ў калоніі №15 Магілёва.

Праваабаронцы адзначаюць, што палітвязні ў турмах і калоніях знаходзяцца ў нечалавечых умовах. Супраць іх стала арганізоўваюцца правакацыі з боку адміністрацый, за малыя парушэнні іх падвяргаюць сур'ёзным пакаранням, пазбаўляюць перадач і спатканняў, кідаюць у карцэр. На асуджаных апазіцыянераў робіцца пастаянны ціск з мэтай напісання імі прашэнняў аб памілаванні.

Ціск узмацніўся напярэдадні саміту «Усходняга партнёрства», які пройдзе ў Рызе ў траўні.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках