Новым старшынём БАЖ абраны Андрэй Бастунец
1- 24.04.2015, 16:40
- 22,859
У Менску прайшоў IX справаздачна-выбарны з'езд «Беларускай асацыяцыі журналістаў».
Новым кіраўніком грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў», якое аб'ядноўвае 1500 журналістаў, стаў 48-гадовы Андрэй Бастунец, які займаў пасаду намесніка старшыні БАЖ, піша БелаПАН.
На з'езд, які праходзіць у гатэлі Crown Plaza, прыехала 75 з 88 дэлегатаў, вылучаных рэгіянальнымі філіяламі асацыяцыі і асобнымі рэдакцыямі.
Выбары былі безальтэрнатыўнымі. Кандыдатуру Бастунца на пасаду старшыні БАЖ вылучыла Жанна Літвіна, якая кіравала арганізацыяй з моманту яе стварэння ў 1995 годзе. Літвіна назвала Бастунца «сумленнем арганізацыі, чалавекам, на якога можна пакласціся».
Абраныя таксама чатыры прадстаўнікі БАЖ - Святлана Калінкіна (газета «Народная воля»), Міхаіл Янчук (тэлеканал «Белсат»), Аляксандр Старыкевіч (інтэрнэт-выданне «Салідарнасць») і Аліна Суравец (БАЖ). Усе яны, акрамя Янчука, ужо былі намеснікамі старшыні БАЖ.
Перад пачаткам з'езду стала вядома, што Жанна Літвіна наважыла не вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду старшыні БАЖ.