Ангела Мэркель і Эва Копач: ЕЗ абмяркуе санкцыі супраць Расеі ў ліпені
1- 27.04.2015, 16:55
- 19,963
Пытанне аб зняцці або прадаўжэнні санкцый супраць Расеі будзе абмяркоўвацца краінамі Еўразвязу ў ліпені.
Пра гэта заявілі на брыфінгу ў Варшаве канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель і прэм'ер-міністр Польшчы Эва Копач, паведамляе BBC.
"Мы абмяркуем гэтыя абмежаванні ў ліпені і прымем пастанову аб падаўжэнні альбо зняцці санкцый", - сказала Мэркель.
Эва Копач мяркуе, што санкцыі супраць Масквы, уведзеныя ў сувязі з анэксіяй Крыма і канфліктам на ўсходзе Украіны, пакуль павінны захавацца.
"Выкананне менскіх пагадненняў вызначыць, ці будуць яны пашырацца альбо застануцца на ранейшым узроўні", - распавяла Копач.
З яе слоў, далейшыя пастановы будуць прымацца пасля ўважлівага аналізу таго, што адбываецца ва Украіне.
Нагадаем, Расея ў сакавіку 2014 года пасля ўводу войскаў анэксавала ўкраінскі Крым і пачала дэстабілізаваць абстаноўку на Данбасе. Пры непасрэдным удзеле расейскіх спецслужбаў і падтрымцы расейскага войска на ўсходзе Украіны былі створаныя так званыя Данецкая і Луганская «народныя рэспублікі». РФ пастаўляе тэрарыстам зброю і накіроўвае на Данбас наймітаў і свае рэгулярныя войскі.
Праз гэтыя дзеянні ЗША, Еўразвяз, Канада, Японія, Аўстралія і многія іншыя краіны ўвялі санкцыі супраць Расеі.