22 снежня 2024, Нядзеля, 4:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гомельскі журналіст аштрафаваны на 5,4 мільёна

5
Гомельскі журналіст аштрафаваны на 5,4 мільёна

Журналіста-фрылансёра Кастуся Жукоўскага суд Чыгуначнага раёна Гомеля аштрафаваў на 30 базавых адзінак, або 5,4 мільёна рублёў.

Суддзя Мікалай Бакуноў прызнаў яго вінаватым у парушэнні часткі 2 артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ), піша БелаПАН.

У адміністрацыйным пратаколе, які разглядаў суд, указвалася, што Жукоўскі «5 лютага на тэрыторыі сярэдняй школы №12 узяў незаконнае інтэрв'ю ў супрацоўнікаў установы адукацыі, не маючы акрэдытацыі ў МЗС як замежны журналіст». На сайце тэлеканала «Белсат» 6 лютага выйшаў матэрыял пра тое, як у Гомелі за смерць трохмесячнай дзяўчынкі былі пакараныя педагогі школы №12 і работнікі дзіцячай паліклінікі.

Гаворка ідзе пра рэзанансную гісторыю: у абласным цэнтры знайшлі забальзамаванае цела трохмесячнай дзяўчынкі, якое амаль восем месяцаў праляжала ў зачыненай кватэры. Былі затрыманыя абвінавачаныя ў забойстве - маці дзяўчынкі і яе сужыцель. Пакаранне панеслі кіраўніцтва і педагогі школы і супрацоўнікі дзіцячай паліклінікі, размешчаныя ў гэтым мікрараёне.

На судзе журналіст-фрылансёр растлумачыў, што быў усхваляваны гэтай сітуацыяй і наважыў данесці да грамадскасці падрабязнасці крымінальнай справы, а асабліва праблему пакарання педагогаў і медыкаў. Ён звярнуў увагу, што цела дзяўчынкі знайшлі педагогі, якія разам з сужыцелем гора-маці выбілі дзверы маласямейнага інтэрната сякерай, калі шукалі зніклую дзяўчынку. «А дзе ў гэты час і раней была міліцыя? Шукала апазіцыю і складала пратаколы, як цяпер на мяне склалі? Дзе быў начальнік аддзела грамадскага правапарадку Чыгуначнага РАУС, які склаў на мяне пратакол? Чаму ўлады падвяргалі небяспецы жыццё маладога педагога, якая разам з забойцам з сякерай у руках адчыняла дзверы кватэры?» - заявіў на судзе журналіст.

Каб разабрацца ў сітуацыі, Жукоўскі, з ягоных слоў, адправіўся ў школу №12, зняў там відэа і выклаў яго на YouTube. Жукоўскі адзначыў, што Канстытуцыя гарантуе яму права на збор і распаўсюд інфармацыі. Ён дадаў, што не вырабляў «прадукцыю СМІ», бо не мае на гэта паўнамоцтваў - не з'яўляецца супрацоўнікам тэлеканала «Белсат», а аўтар сюжэту, які там выйшаў, - іншы чалавек.

У суд былі выкліканыя сведкі - супрацоўнікі школы №12, завуч па выхаваўчай працы і гардэробніца, якіх здымаў на камеру Жукоўскі. Яны пацвердзілі, што сапраўды іх здымаў на камеру гэты грамадзянін, і заявілі, што прэтэнзій у сувязі з гэтым не маюць і ніякай шкоды сваімі здымкамі ён ім не прычыніў.

Журналіст патрабаваў весці працэс на беларускай мове, бо мае на гэта права, гарантаванае Канстытуцыяй, але суддзя адхіліў хадайніцтва, як і не дазволіў, каб інтарэсы Жукоўскага ў судзе прадстаўляў юрыст БАЖ Леанід Судаленка.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках