Паводле справы Нямцова паўторна арыштаваны Хамзат Бахаеў
1- 6.04.2015, 15:48
- 8,793
Басманны суд Масквы санкцыянаваў паўторны арышт Хамзата Бахаева, які абвінавачваецца ў датычнасці да забойства палітыка Барыса Нямцова.
Пра гэта паведамляе ТАСС.
«Выслухаўшы думкі бакоў і разгледзеўшы пададзеныя матэрыялы, суд прыходзіць да высновы, што хадайніцтва следчага аб абранні ў дачыненні да Бахаева меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту падлягае выкананню», - заявіла суддзя Валянціна Левашова.
Гэта ўжо паўторнае пасяджэнне аб абранні Бахаеву меры стрымання. Раней Масгарсуд скасаваў пастанову аб ягоным арышце і вярнуў матэрыялы на перагляд. Сам Бахаеў на судзе паўтарыў свае ранейшыя паказанні, заявіўшы, што не прызнае сваёй віны. «Я не браў удзелу ў гэтым злачынстве і ніякіх звестак не ведаў», - сказаў ён.
Таксама раней стала вядома, што іншы фігурант справы аб забойстве Нямцова, Заур Дадаеў, падаў скаргу ў Следчы камітэт. У ёй пазначана, што вечар у дзень учынення злачынства, 27 лютага, ён правёў на захадзе Масквы ў рэстаране на Нежынскай вуліцы, пасля чаго адправіўся ў кватэру на Веернай вуліцы. Дадаеў, які паводле сцвярджэння следства даў прызнальныя паказанні адразу пасля затрымання, пасля адмовіўся ад іх, заявіўшы, што яны былі дадзеныя пад ціскам.
8 сакавіка Басманны суд Масквы арыштаваў паводле падазрэння ў забойстве палітыка Барыса Нямцова пяць чалавек: Заура Дадаева, Анзора Губашава, Шагіта Губашава, Тамерлана Эскерханава і Хамзата Бахаева. Пасля ўсе фігуранты справы абскардзілі свой арышт, у выніку чаго 1 красавіка пастанова аб арышце Бахаева, Эскерханава і Шагіта Губашава была скасаваная ў сувязі з неналежным афармленнем і накіраваная на новы разгляд.
Апазіцыянер Барыс Нямцоў быў застрэлены ў ноч на 28 лютага на Вялікім Маскварэцкім мосце ў цэнтры сталіцы. У палітыка - сустаршыню «РПР-Парнас» і дэпутата Яраслаўскай аблдумы - трапілі чатыры кулі, ён памёр на месцы.