На палітвязня Юрыя Рубцова завялі новую справу
9- 6.04.2015, 16:07
- 17,827
У дачыненні да гомельскага актывіста распачатая крымінальная справа за ўхіленне ад адбыцця пакарання.
Палітвязню Юрыю Рубцову сёння загадалі сабраць рэчы, пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль і вывезлі з тэрыторыі камендатуры ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна, паведамляе «Радыё Свабода».
За лічаныя хвіліны да таго, як Рубцова вывезлі з камендатуры, туды на сустрэчу з ім прыехалі актывісты.
«Мы бачылі, як яго пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль і некуды павезлі з рэчамі», - распавяла рэжысёр Вольга Мікалайчык.
Тым часам актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў паведаміў, што палітвязня адвезлі ў Пружанскі РАУС.
«Рубцова прывезлі ў Пружанскі РАУС, нас туды не пусцілі. Сказалі, што з удзелам Рубцова там будзе нейкі следчы эксперымент», - заявіў ён.
Паводле апошняй інфармацыі ад Вольгі Мікалайчык, Юрыя Рубцова пакінулі з рэчамі ў раённым Следчым камітэце, міліцэйскі аўтамабіль, які прывёз яго з Купліна, з'ехаў.
«Міліцыянты сказалі, што Рубцоў застанецца ў Следчым камітэце, бо на яго там заведзеная крымінальная справа», - распавяла Мікалайчык.
А 15:10 журналістам удалося датэлефанавацца да самога Юрыя Рубцова. Ён паведаміў:
«Так, я ў Следчым камітэце. «Шыюць» крымінальную справу паводле 415 артыкула - за ўхіленне ад адбыцця пакарання. Вінаватым сябе не прызнаю, патрабую незалежнага адваката. Мне тут прапануюць нейкага «свайго», але ад гэтага я адмаўляюся».
Паводле 415 артыкула КК Юрыю Рубцову пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.
Нагадаем, актывіст з Гомеля Юры Рубцоў асуджаны на 1,5 года «хіміі» нібыта за абразу суддзі Савецкага раённага суда Кірыла Палулеха. З канца 2014 Юры Рубцоў адбывае пакаранне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна.