На парадзе ў Маскве 9 траўня не будзе ніводнага прадстаўніка Украіны
23- 7.04.2015, 21:11
- 26,797
Ніводзін прадстаўнік Украіны не будзе ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях, запланаваных на 9 траўня ў Маскве.
"Ніякага ўдзелу ўкраінскіх прадстаўнікоў у мерапрыемствах у Маскве ў варунках расейскай агрэсіі супраць Украіны не будзе і не можа быць", - сказаў спікер МЗС Украіны Яўген Перабійніс на брыфінгу.
Акрамя таго, з ягоных слоў, МЗС адсочвае інфармацыю аб магчымым удзеле кіраўнікоў іншых дзяржаў і вайсковых кантынгентаў у Маскве, піша zn.ua.
"З улікам расейскай агрэсіі супраць Украіны такі ўдзел будзе расцэньвацца Украінай як дэманстрацыя салідарнасці з агрэсарам і краінай, якая, нягледзячы на сваю антынацысцкую рыторыку, усяляк заахвочвае нацысцкія рухі ў сваёй краіне і з'яўляецца цэнтрам паломніцтва неанацыстаў з усяго свету. Мы мяркуем, што святкаванне Дня Перамогі ў такой дзяржаве цяжка назваць па-іншаму, акрамя як блюзнерства, таму такая салідарнасць з агрэсарам можа адбіцца і на нашых двухбаковых стасунках з адпаведнымі дзяржавамі", - падкрэсліў Перабійніс.
Раней Масква накіравала шэрагу сусветных лідараў запрашэнні наведаць урачысты парад у гонар 70-й гадавіны Перамогі. Ад паездкі ў Маскву ўжо адмовіліся прэзідэнты Польшчы, Літвы, Латвіі ды Эстоніі.
Амерыканскі лідар Барак Абама таксама не прыедзе ў Расею 9 траўня. Як паведаміла Канцылярыя брытанскага прэм'ера Дэвіда Кэмерана, ён таксама адмовіўся наведаць Маскву. Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд пакуль не даў канчатковага адказу наконт гэтага пытання.
Прыязджаць у Маскву на вайсковы парад 9 траўня адмовілася і канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, аднак яна мае намер прыляцець у расейскую сталіцу 10 траўня, і разам з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным ускласці кветкі да магілы невядомага жаўнера ля крамлёўскай сцяны.