Барыс Жаліба: Беларусы пачалі распускаць грошы са «схованкі»
6- 9.04.2015, 12:28
- 18,506
Другі месяц запар беларусы застаюцца чыстымі прадаўцамі валюты, павялічваючы аб'ёмы здачы.
Аб'ём чыстага продажу валюты ў сакавіку вырас у 3,7 разы ў параўнанні з лютым, першым месяцам, калі наяўны валютны рынак працаваў без абмежаванняў, уведзеных у снежні 2014 года. Эканаміст Барыс Жаліба ў каментары «Салiдарнасцi» адказаў, з чым звязаная «ахвота» людзей прадаваць банкам валюту.
- Адказ ляжыць на паверхні - гэта звязана з падзеннем рэальных прыбыткаў насельніцтва (а даходы сёлета ўпалі на 3% у беларускіх рублях). Валютны эквівалент сярэдняга заробку ў Беларусі цяпер складае блізу 400 даляраў. Зноў жа многія прадпрыемствы перайшлі на «чатырохдзёнку» і нават «трохдзёнку». А гэта азначае, што людзям проста не стае грошай на жыццё. І яны выкрываюць схованкі, - сказаў ён.
- Абменныя пункты працуюць. Курс даляра стабілізаваўся. Тэндэнцыя на раздробным рынку валюты аказвае ўплыў на сітуацыю, якая склалася?
- Вядома, і даволі істотную. Абарачэнне раздробнага рынку складае сотні мільёнаў даляраў у месяц, бывала, даходзіць амаль да мільярда. Вядома, вызначальным фактарам з'яўляюцца біржавыя таргі, але, тым не менш, актыўнасць насельніцтва ў куплі і продажы наяўнай валюты таксама мае значэнне.
- Ці ёсць нейкія падставы меркаваць, што ў наступныя месяцы сітуацыя зменіцца?
- Наўрад ці. Беларусь апынулася ўцягнутая ў расейскі крызіс. Праўда, няма ліха без дабра. Гандлёвы баланс выраўняўся, курс даляра адносна стабільны. Але гэта не самая лепшая стабільнасць - УБП краіны не расце, як і прыбыткі насельніцтва.
Святла ў канцы тунэля пакуль не відаць. Калі ў эканоміках Расеі і Украіны, што сур'ёзна ўплываюць на эканоміку Беларусі, найбліжэйшым часам нічога не зменіцца, цяжка разлічваць і на паляпшэнне сітуацыі на валютным рынку ў нашай краіне.