2 траўня 2024, Чацвер, 6:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка прызнаўся ў збіцці механізатара ў 1989 годзе

57
Лукашэнка прызнаўся ў збіцці механізатара ў 1989 годзе

Аляксандр Лукашэнка, калі быў старшынём саўгаса «Гарадзец» у 1989 годзе, «выкарыстаў фізічную сілу» да механізатара Бандуркова.

Пра гэта Лукашэнка распавёў падчас інтэрв'ю прафесару Рэдфардскага ўніверсітэта ЗША Грыгорыю Іофэ, піша tut.by.

Першымі аб гэтай гісторыі напісалі журналісты Святлана Калінкіна і Павел Шарамет у сваёй кнізе "Выпадковы прэзідэнт". Паводле іх інфармацыі, у 1989 годзе старшыня саўгасу «Гарадзец» Аляксандр Лукашэнка збіў механізатара саўгаса Уладзіміра Бандуркова (з іншых звестак - Васіля), за што Лукашэнку пагражала крымінальная справа. Аднак, сцвярджаюць аўтары кнігі, яна не была распачатая, бо Лукашэнка быў дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, які не даў згоды на зняцце з яго дэпутацкай недатыкальнасці.

Вось як пракаментаваў гэты эпізод сваёй біяграфіі сам Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю Грыгорыю Іофэ.

- Не, ну гэта праўда было, я выкарыстаў фізічную сілу, але не так, як гэта тады падавалася, тады гэта выкарыстоўвалася ў палітычных мэтах, бо я ўвязаўся ў перадвыбарчую ўжо барацьбу. Яны хацелі пачаць супраць мяне крымінальную справу і выключыць з партыі. Яны хацелі, каб я як мінімум страціў працу, а ў найлепшым выпадку, каб мяне пасадзілі за краты. У той час я ўжо быў добра вядомым чалавекам, Гарбачоў запрасіў мяне (на канферэнцыю ў ЦК), таму мне было прасцей, чым іншым старшыням і дырэктарам купіць тэхніку для сваёй гаспадаркі. І я памятаю, як мне ўдалося купіць адразу сем ці дзесяць трактароў. Напраўду, мне даручылі найгоршую гаспадарка ў Савецкім Саюзе.

Калі я купіў сем ці дзесяць трактароў адразу, жонка Бандуркова, здаецца, яе клікалі Тамара, прыйшла да мяне. У іх было пяцёра дзяцей, і сям'я была беднай. Тамара была даяркай. Яна папрасіла мяне: Аляксандр Рыгоравіч, калі ласка, вазьміце майго дурня трактарыстам. Нам трэба карміць дзяцей, дык дайце яму зарабіць грошай. Я кажу ёй: добра, але што з ягоным п'янствам? Яна кажа: я абяцаю, ён не будзе больш піць. Я ведаў, што яна не можа быць у гэтым упэўненая, але я пашкадаваў іх дзяцей. І я даў яму новы трактар.

Я звычайна позна ўвечары аб'язджаў саўгас. Вось я еду і бачу - нейкі трактар стаіць, з паднятым капотам. Я падумаў, гэта можа быць трактар, які я запісаў на Бандуркова, бо я ўбачыў трактар побач з ягонай вёскай. Я з'ехаў на узбочыну і гляджу, што ён нават не заглушыў рухавік, ён проста з'ехаў у канаву і не змог выехаць, рухавік працаваў, і дзверы былі адчыненыя, але побач нікога не было. Я залез у гэты трактар, выкіраваў яго з канавы і сам ледзь не перакуліўся. Затым я выкіраваў трактар на роўную паверхню, заглушыў рухавік, вярнуўся ў аўтамабіль. Заязджаю ў вёску: сядзяць тры чалавекі і сярод іх гэты Бандуркоў, ушчэнт п'яны. Вы разумееце, як цяжка было атрымаць тыя трактары, мяне папрасілі ўзяць чалавека на працу дзеля яго галодных дзяцей. У мяне ў жылах кроў закіпела.

- Скажыце, а вось цікава. Вы жылі ў такім асяродку, але самі Вы ніколі да гэтага не заахвоціліся...

- Ніколі, бо ў мяне...

- Пачуццё адказнасці?

- Не, не ў гэтым рэч. У нашым доме ніколі не было алкаголю. Мая маці за ўсё сваё жыццё выпіла, можа, кубак віна. Яе арганізм алкаголю не ўспрымае, таму ёй становіцца дрэнна, і ў мяне тая ж праблема. Калі я п'ю чырвонае віно, у мяне пякотка жудасная, а калі белае, то галава расколваецца. І пасля каньяку мне таксама дрэнна, і я ніколі не п'ю гарэлку... Але магу крыху за кампанію.

- Напэўна, пра Вас думалі, як пра недарэку, бо ў вачах п’янтосаў той, хто ўстрымліваецца, заўсёды недалуга.

- Менавіта, гэта заўсёды насцярожвала некаторых людзей. Вяртаючыся да гэтага выпадку, я бачу гэтага Бандуркова п'яным. Я пытаюся ў яго: «Валодзя (па-мойму, яго Валодзем клікалі), дзе ты кінуў трактар? Гэта ж ты яго прасіў». У адказ ён вылаяўся. Ну, а я мужык здаровы, і я быў яшчэ мацнейшы тады. А ён да мяне падскоквае, каб пакрасавацца перад сябрамі.

Ну, вось ён да мяне падскочыў, я яго ўзяў за грудзі, ён выпіты моцна быў. Яшчэ і пры сведках. Калі б адзін на адзін, дакладна б па-мужчынску... А так я яго ўзяў і кінуў, і ён куляй з гэтай гары з пяском паляцеў. Развярнуўся, рукі абтрос і пайшоў.

- І гэта ўсё?

- Так, але гэта падалі так, быццам я яго збіў. Але потым высветлілася, што не. Справу закрылі. Таму што я быў дэпутатам мясцовага Савета, гэты орган павінен быў даць згоду на прыцягненне мяне да крымінальнай адказнасці.

***

Варта адзначыць, што важную ролю ў гэтай гісторыі адыграў старшыня Магілёўскага абкама КПБ Васіль Лявонаў, які заступіўся за Лукашэнку. Пасля свайго абрання прэзідэнтам Лукашэнка прызначыў Лявонава міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання. Аднак у 1997 годзе пасадзіў яго на 4 гады. Суд прызнаў экс-міністра вінаватым у хабарніцтве і прысваенні дзяржаўнай маёмасці.

У лістападзе 2000 году Лявонаў быў вызвалены паводле амністыі.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках