Uzari & Maimuna адпраўляюцца ў Вену для ўдзелу ў «Еўравізіі»
3- 10.05.2015, 10:34
- 25,073

Дуэт Uzari & Maimuna разам з беларускай дэлегацыяй 10 траўня адправіцца ў Вену для ўдзелу ў міжнародным конкурсе песні.
Артысты вязуць на конкурс кампазіцыю Time, яны выступяць у першым паўфінале 19 траўня пад 11-м нумарам, піша БелаПАН.
12 траўня дуэт правядзе першую індывідуальную рэпетыцыю на сцэне Венскай гарадской залы, 15 траўня адбудзецца другая рэпетыцыя і прэс-канферэнцыя. Увечары 17 траўня беларускія канкурсанты разам з іншымі артыстамі прымуць удзел у афіцыйнай цырымоніі адкрыцця конкурсу ў венскай ратушы.
Сёлета беларуская дэлегацыя складаецца з 21 чалавека. Для конкурсу падрыхтаваная промапрадукцыя ў выглядзе паштовак, прэзентацыйных буклетаў, нататнікаў і футболак, а для прыхільнікаў - пледы з выявай дуэта і электронныя гадзіннікі з флэш-карткай, на якой змешчаная інфармацыя пра артыстаў.
Дуэт Uzari & Maimuna - гэта выканаўца, кампазітар і аранжавальнік мянчук Юрый Наўроцкі (Uzari), якому 11 траўня споўніцца 24 гады, і 35-гадовая скрыпачка Маймуна, ураджэнка Санкт-Пецярбурга, у жылах якой цячэ беларуская, украінская, гішпанская і афрыканская кроў. Абодва яны - спрактыкаваныя музыкі, удзельнікі міжнародных конкурсаў. Права выступаць на "Еўравізіі" атрымалі ў выніку нацыянальнага кваліфікацыйнага тура.
Шасцідзесяты конкурс "Еўравізія" пройдзе ў Вене 19-23 траўня пад слоганам "Будуючы масты". Сёлета ў ім возьме ўдзел рэкордная колькасць краін - 40. У лютым арганізацыйная група "Еўравізіі" і тэлевізійны камітэт Еўрапейскага вяшчальнага звязу прынялі пастанову дапусціць да ўдзелу ў юбілейным конкурсе Аўстралію. Прадстаўнік гэтай краіны выступіць адразу ў фінале конкурсу, як і прадстаўнікі краін - заснавальніц конкурсу ды Аўстрыі, якая перамагла на леташняй "Еўравізіі". Беларусь бярэ ўдзел у конкурсе 12-ы раз.
Акрамя удзельнікаў конкурсу на "Еўравізіі" будуць блізу 1300 чальцоў дэлегацый краін-удзельніц, а таксама блізу 1700 журналістаў.
Жывую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу конкурсу будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Камэнтаваць шоў будзе журналіст Яўген Перлін. У фінале, які адбудзецца 23 траўня, балы ад Беларусі абвесціць спявак Тэа - беларускі ўдзельнік леташняй "Еўравізіі".
Вынікі галасавання краіны на "Еўравізіі" складваюцца напалову з галасоў тэлегледачоў і нацыянальнага журы. У склад журы ад Беларусі сёлета ўвайшлі дырэктар тэлеканала "Беларусь 2" Наталля Марынава (старшыня журы), спявак, кампазітар і шоўмэн Віталь Карпанаў, экспэрт у сфэры культуры і мастацтва Аксана Арцюшэўская, спявак і трэнер вакалу Аляксей Грос, спявачка і кампазітар Іскуі Абалян, а таксама тэлевядоўца і прадусар Дзмітрый Карась у якасці запаснога чальца журы.