5 сакавiка 2024, aўторак, 12:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяброўства Менска і Пекіна: палітычны піяр і нявыгадныя крэдыты

12
Сяброўства Менска і Пекіна: палітычны піяр і нявыгадныя крэдыты
Фота: sb.by

Візіт старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь мае значэнне пераважна з пункту гледжання эканомікі, але выгада ад беларуска-кітайскага супрацоўніцтва пакуль застаецца сумнеўнай.

Такія думкі ў гутарцы з «Радыё Свабода» выказалі незалежныя эксэрты.

Палітычны складнік візіту кітайскага лідара ў Беларусь выглядае даволі сціпла. Як паведамляецца, Сі Цзіньпін і Аляксандр Лукашэнка падпісалі Дамову аб сяброўстве і супрацоўніцтве паміж дзвюма краінамі. Прынамсі, Беларусь і КНР дамовіліся «падтрымліваць выбраныя кожнай з іх у адпаведнасці са сваімі ўнутранымі ўмовамі шляхі і мадэлі развіцця». Таксама была прынятая супольная дэкларацыя аб далейшым развіцці і паглыбленні стасункаў усебаковага стратэгічнага партнёрства.

Палітолаг-міжнароднік Андрэй Фёдараў мяркуе, што візіт Сі Цзіньпіна нашмат важнейшы для Беларусі ў эканамічным плане, чым у палітычным.

«Для беларускага кіраўніцтва гэта важна як сведчанне таго, што такая вялікая ўплывовая дзяржава, як Кітай, з намі супрацоўнічае, дзяржаўны візіт праводзіць і гэтак далей. А збольшага я, шчыра кажучы, і не ведаю, што тут можа быць змястоўнага ў палітычным плане. Ну, падтрымае нас Кітай у тых ці іншых пытаннях ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (так, здаецца, мы разам ні ў якіх іншых арганізацыях пакуль не знаходзімся). Ну, а калі б нават і не падтрымаў, нічога б істотна не змянілася - мы ж усё адно ведаем, што сёння ААН не такая ўплывовая структура. Мне здаецца, што гэта як раз у палітычным плане больш піяр, чым напраўду важная падзея», - адзначыў Фёдараў.

Паводле вынікаў перамоў Сі Цзіньпіна і Аляксандра Лукашэнкі быў падпісаны шэраг беларуска-кітайскіх крэдытных пагадненняў. Прынамсі, падпісана генеральнае крэдытнае пагадненне паміж ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» і Дзяржаўным банкам развіцця Кітая аб выдачы крэдыту ў памеры 700 мільёнаў даляраў. Яшчэ на 300 мільёнаў даляраў падпісанае крэдытнае пагадненне паміж Дзяржаўным банкам развіцця Кітая і ААТ «АСБ Беларусбанк».

Але наколькі выгадныя для Беларусі крэдытныя пагадненні з Кітаем?

Эканаміст Леанід Злотнікаў нагадаў, што яшчэ некалькі гадоў таму паведамлялася аб адкрыцці Кітаем крэдытнай лініі для Беларусі на 16 млрд даляраў.

«Беларусы маглі выкарыстоўваць кітайскія крэдыты для таго, каб рэалізоўваць нейкія праекты. Але гэта былі звязаныя крэдыты, гэта былі крэдыты пад закупку кітайскага абсталявання, пад кітайскае праектаванне і іншае. Гэта значыць, значная частка гэтых крэдытаў працавала на Кітай», - тлумачыць ён.

Злотнікаў адзначае, што сутнасць новых крэдытных пагадненняў, якія былі падпісаныя ўчора, пакуль невядомая - незразумела, гэта свабодныя крэдыты, або яны звязаныя. Але ва ўсякім выпадку выгаднасць новых кітайскіх крэдытаў залежыць выключна ад таго, як будуць гэтыя крэдыты выкарыстоўваць беларускія ўлады.

«Тое, што было раней, - гэта не з кітайскай віны, а з нашай віны, - гэта было нам нявыгадна. Мы за кошт кітайскіх крэдытаў пабудавалі новыя лініі на цэментнымі заводах, але мы панеслі страты, а крэдыт трэба вяртаць. А гэты крэдыт, зноў падкрэсліваю, звязаны - гэта значыць ён больш кітайцам выгадны, чым нам. Ён быў бы і нам выгадны, калі б ён быў выкарыстаны эфектыўна. Калі новыя крэдыты таксама будуць неэфектыўна выкарыстоўвацца, то і яны будуць выгадныя Беларусі. Але калі гэта будзе выкарыстана для таго, каб павялічыць ВУП, стварыць новыя магутнасці, вырабляць прадукцыю, якая будзе карыстацца попытам, то гэта будзе выгадна. Гэта значыць, выгадныя або нявыгадныя нам гэтыя кітайскія крэдыты, залежыць менавіта ад нас. Да гэтага часу было нявыгадна. Я думаю, што так будзе і далей, бо наша сістэма не змянілася, і як бы гэтыя грошы проста не былі праедзеныя», - гаворыць Злотнікаў.

Трэба адзначыць, што сёння ў Менску на беларуска-кітайскім міжрэгіянальным бізнэс-форуме міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі заявіў, што агулам Кітай гатовы даць Беларусі крэдыты на 7 млрд даляраў. Са слоў міністра, 3 млрд даляраў складзе льготнае крэдытаванне, а 4 млрд - камерцыйныя крэдыты беларускім банкам на фінансаванне бізнэс-праектаў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках