Жонка Мікалая Статкевіча атрымала першы ліст з Магілёўскай турмы
6- 13.05.2015, 16:06
- 10,302
Марына Адамовіч, жонка палітвязня і былога кандыдата ў прэзідэнты, атрымала ад мужа першы ліст з Магілёўскай турмы №4.
Мікалай Статкевіч быў этапаваны ў абласны цэнтр са Шклоўскай калоніі паводле выраку суда, які 4 траўня змяніў рэжым утрымання на больш жорсткі. У Магілёўскай турме палітык знаходзіўся і раней - з 2012 да 2015 года. Марына Адамовіч адзначыла, што ліст стаў першай весткай ад мужа. Яна яшчэ не атрымала ад адміністрацыі турмы паведамлення, што ён туды трапіў, паведамляе «Радыё Рацыя».
- Напісаў 6 траўня, - распавяла Марына Адамовіч. - Напісаў пра этап. Этап, на маю думку, быў 5 траўня. Звычайна, гэта бывае ўначы. Яго змясцілі ў ягоную старую камеру. Піша:
«Ціск на мяне ў калоніі быў настолькі відавочным і дэманстратыўным, што некаторыя калегі па атраду казалі, што да серыйных забойцаў лепш ставяцца».
Камера, у якую змешчаны палітвязень, - адзінкавая. Мікалай Статкевіч сам падаў заяву пра змяшчэнне яго ў адзіночку.
- Сядзець са спецыяльна падабранымі для мяне суседзямі, пастаянна кантралюючы іх паводзіны, не хачу. Рэжым строгі, таму ў камеру прапусцілі трохі рэчаў, якія прывёз з сабой з калоніі, - піша Мікалай Статкевіч у лісце да жонкі.
Мікалай Статкевіч - адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які дагэтуль знаходзіцца ў зняволенні. У траўні 2011-га ён быў прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зняволеным.
Першапачаткова асуджаны палітык адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі №17, аднак у студзені 2012-га яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы і перавялі ў магілёўскую турму №4 на тры гады. Пасля сканчэння гэтага тэрміну, 12 студзеня гэтага года, Статкевіча вярнулі ў шклоўскую калонію, дзе ў першыя ж два дні ў дачыненні да палітыка склалі два рапарты аб парушэнні правілаў унутранага распарадку.