Мікалай Статкевіч: Для беларускай справы важна, каб былі тыя, хто не здаўся
6- 19.05.2015, 13:00
- 16,605
Палітвязень адказаў на лісты, атрыманыя ім у Магілёўскай турме.
Чытачка charter97.org Алена атрымала ліст з турмы ад былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча. «Пішыце лісты палітвязням. Яны ў няволі за нашу з вамі будучыню», - напісала яна ў сваім «Фэйсбуку».
Фрагмент ліста:
«Вы добра зрабілі, што не хітравалі, а напісалі наўпрост - «не здавайцеся». Безумоўна, калі такая смелая, разумная і сумленная дзяўчына кажа, то як я магу? Але калі казаць больш сур'ёзна, то ніякай «здачы» я нават уявіць сабе не магу. І не толькі таму (хоць і таму таксама), што для беларускай справы важна, каб былі тыя, хто не здаўся. Але таму, што ўспрымаю такую «здачу», як маральнае самагубства. Ведаю, што некаторыя людзі ўспрымаюць такія рэчы па-іншаму, але маё стаўленне менавіта такое. А ўлічваючы тое, што ўсім нам трэба будзе памерці фізічна, навошта мне дзве смерці? Як па мне, так і адной занадта шмат», - напісаў палітвязень.
Мікалай Статкевіч - адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні. У траўні 2011-га ён быў прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зняволеным.
Першапачаткова асуджаны палітык адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі №17, аднак у студзені 2012-га яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы і перавялі ў магілёўскую турму №4 на тры гады. Пасля сканчэння гэтага тэрміну, 12 студзеня гэтага года, Статкевіча вярнулі ў шклоўскую калонію, дзе ў першыя ж два дні ў дачыненні да палітыка склалі два рапарты аб парушэнні правілаў унутранага распарадку.
Цяпер напісаць Мікалаю Статкевічу можна на стары «новы» адрас:
212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, СТ-4, каранцін.