Жанна Літвіна: З пачатку года 12 журналістаў прайшлі праз суды. Аб якім «пазітыве» гаворка?
2- 20.05.2015, 16:32
- 18,532
Улады зробяць усё, каб «перакрыць кісларод» беларускаму сектару інтэрнэта.
Былая старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна заявіла charter97.org, што ў Беларусі скончылася эра вольнага інтэрнэту. Пра гэта кажуць падзеі апошняга тыдня: шэраг папярэджанняў СМІна фоне закупкі абсталявання для блакавання. Акрамя гэтага, абмежаванне доступу да свабоднай інфармацыі адначасова з патокам масіраванай расейскай прапаганды можа прывесці да сур'ёзных наступстваў у грамадстве.
- На жаль, гэта сведчыць аб тым, што мы павінны развітацца з ілюзіямі «непаслушэнства», калі ў нас была магчымасць для свабоднага абарачэння інфармацыі ў інтэрнэце, калі інтэрнэт вельмі актыўна развіваўся ўнутры краіны. Ра што толькі кажуць лічбы: у нас больш за чатыры мільёны сталых карыстальнікаў у інтэрнэце, два мільёны стала карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі. Відавочна, у нейкі момант улады адчулі тую пагрозу, якая можа зыходзіць ад інтэрнэту і ад наяўнасці такога аб'ёму інфармацыі, якую немагчыма кантраляваць і цэнзураваць.
Хутчэй за ўсё, менавіта з гэтым звязанае ўзмацненне кантролю.
- З якога моманту беларуская ўлада пачала знішчаць свабодную інфармацыйную прастору?
- Я ўсё ж такі брала б пункт адліку са снежня, з моманту прыняцця паправак у закон аб СМІ. Тых паправак, якія далі велізарныя паўнамоцтвы міністэрству інфармацыі ў блакаванні інтэрнэт-рэсурсаў. І самае галоўнае і трывожнае тое, што ўсе гэтыя блакаванні адбываюцца і будуць адбывацца ў пазасудовым парадку. Гэтая прыступка ў нас як бы прапускаецца.
Акрамя гэтага, гэта прадыктавана набліжэннем чарговай электаральнай кампаніі і прэзідэнцкіх «выбараў». Улады будуць рабіць усё, што ад іх залежыць, каб паставіць бар'ер для інфармацыі.
- Сёння старшыня Еўрапейскай Рады Дональд Туск заявіў, што ў ЕЗ з Беларуссю ўстанавіўся «новы тып стасункаў», прынамсі, згадаў пра нейкія «пазітыўныя сігналы з Менска» і адзначыў, што калі яны будуць прадаўжацца, то Еўразвяз гатовы зрабіць «шэраг незвычайных сустрэчных крокаў». Пра якія пазітыўныя сігналы ідзе гаворка, калі ў сітуацыі з СМІ чым далей, тым горш?
- Шкада, вядома, што Туск не расшыфраваў вось гэта сваё выказванне, бо самая галоўная праблема, якая ў нас існуе - гэта палітвязні. Гэта ў першую чаргу - лёс Мікалая Статкевіча, умовы, у якіх яго ўтрымліваюць. Таму пакуль існуе вось гэты фактар, казаць пра паляпшэнне сітуацыі проста не прыходзіцца. Калі ўлічваць свабоду слова і свабоду выказвання - то тут таксама няма ніякіх зрухаў у бок паляпшэння. Я б нават сказала наадварот: назіраецца ўзмацненне ціску і пераследу журналістаў, матэрыялы якіх размяшчаюцца на замежных рэсурсах. З пачатку года да канца 12 красавіка журналісты, якія працуюць без акрэдытацыі, прайшлі праз судовую сістэму і былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. Агульная сума штрафаў складае больш за $5 тысяч. Для Беларусі гэта вельмі сур'ёзная сума. Сама праблема, мне здаецца, носіць характар надуманасці, бо адмаўляць журналістам у акрэдытацыі, таму што ён раней працаваў без акрэдытацыі, а потым прыцягваць яго да адказнасці - гэта ўжо на мяжы поўнага абсурду.
Акрамя гэтага, у нас існуе праблема з фрылансёрамі, з доступам да інфармацыі, з умовамі працы журналістаў. Праблем гэтых назапасілася вельмі шмат. І шкада, што яны так абвастраюцца менавіта ў гэты перыяд, калі наша інфармацыйная прастора знаходзіцца пад масіраваным уздзеяннем прапаганды. Зусім нядаўна міністр інфармацыі казаў пра тое, што ў нас «адкрытая інфармацыйная прастора». Я ж гэта называю «расчыненая інфармацыйная прастора», праўда, у адзін бок. У бок Расеі. Таму гэтая прапаганда настолькі дакладна трапляе ў нашу свядомасць, абуджае імперскія амбіцыі і прыводзіць да дэзарыентацыі нашых людзей і гэтыя працэсы могуць мець вельмі сур'ёзныя наступствы.
- У якой сітуацыі сёння знаходзяцца дзяржаўныя СМІ? Ці ўплывае на іх паток прапаганды з Расеі?
- Адзіныя ўстойлівыя СМІ ў нас у краіне - гэта дзяржаўныя СМІ. З аднаго боку ўлады іх падтрымліваюць: бюджэтнае фінансаванне, ведамасная падпіска, а з другога боку яны знаходзяцца ва ўмовах дзяржаўнага кантролю, умяшання, дзяржаўнага рэгулявання. Таму гэтыя СМІ здымаюць з сябе адказнасць і ніяк не могуць не тое што супрацьстаяць прапагандзе, але нават канкураваць з ёй. Яны праяўляюць бездапаможнасць, бо чакаюць указанняў «зверху».
- Ці можна сусветнай супольнасці дапамагчы ў супрацьстаянні дэструктыўным захадам беларускіх уладаў, каб захаваць за беларусамі права на дакладную і аператыўную інфармацыю?
- Выхад толькі адзін. Паводле нашых даследаванняў, як раз аўдыторыя незалежных СМІ - найбольш устойлівая да прапаганды. Таму я мяркую, што нам трэба накіроўваць усе намаганні на развіццё каналаў, прасторы свабоды слова і стандартаў незалежных СМІ. Неабходна адмяжоўвацца ад «байцоў» інфармацыйных войнаў, якія сябе, відавочна, уважаюць за журналістаў. Тут вельмі шмат працы як раз для міжнароднай і еўрапейскай федэрацый журналістаў. Неабходна выпрацаваць стратэгію, накіраваную на станаўленне і ўмацаванне якаснай журналістыкі.