Вышыванкі ў Менску: 400 майстроў узялі ўдзел у фэсце народных рамёстваў
2- 24.05.2015, 19:42
- 4,521
Фэст-кірмаш рамёстваў «Вясновы букет» прайшоў у Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе.
Як паведамляе «Мінск-Навіны», у парку сёння было людна як ніколі.
Сябе паказаць і на іншых паглядзець прыехалі майстры з розных рэгіёнаў краіны. Не менш чынныя і наведвальнікі - з ахвочых купіць вырабы ручной працы ладзіліся чэргі. Кошт «не кусаліся». Так, днушку з бука можна было купіць за 50 тысяч руб. У краме такія каштуюць у 2-3 разы даражэй.
Самыя цікаўныя і чынныя гараджане ўдзельнічалі ў майстар-класах: ткалі на кроснах, ляпілі з гліны, вышывалі, а таксама здабывалі сувеніры ў бясстратнай латарэі.
Вочы разбягаліся ад пададзеных тыпаў традыцыйных мастацкіх рамёстваў: разьбы па дрэве, ганчарнай і кавальскай справы, пляцення з прыродных матэрыялаў, бісерам ды іншых.
Рамеснікі ў сваім жаданні прывабіць свайго пакупніка стараліся хто да чаго здатны. Уладзімір Дзяржанскі з Клічава прывёз тры дзясяткі драўляных качалак. Жанчыны раскідалі вырабы з надпісам «Стабілізатар сямейных стасункаў». Са слоў Уладзіміра, ягоныя вырабы ёсць у 11 краінах свету.
Ля кроснаў было не праціснуцца. Валянціна Туркіна з Асіповіч, яна ж дырэктарка раённага цэнтра народнай творчасці, прадэманстравала, як ткаць на іх ручнікі. Ейныя інструменты: чаўнок, верацяно, грабянец для пражы. Паводле ейных слоў, час вырабу ручніка залежыць ад даўжыні і складанасці ўзору. А наогул гэты занятак працаёмісты і патрабуе вытрымкі.