Рэжысёрку Вольгу Нікалайчык асудзілі на 13 дзён за касметычку «Начных ваўкоў»
33- 26.05.2015, 13:25
- 16,613
Другая ўдзельніца акцыі, Кацярына Сакалоўская, павінна заплаціць штраф сумай 60 базавых адзінак.
Суд над актывісткамі, якія перадалі 29 красавіка каля амбасады РФ у Менску касметычку з памадай для «Начных ваўкоў», адбыўся ў судзе Цэнтральнага раёна горада Менска. Суддзя - сумна вядомы Міхаіл Хома - прысудзіў Вольгу Нікалайчык сумарна на 13 дзён адміністрацыйнага арышту. Іншая ўдзельніца акцыі, Кацярына Садоўская, паколькі з'яўляецца інвалідам III групы, атрымала пакаранне ў выглядзе штрафу сумай 60 базавых адзінак.
Сведчыў супрацоўнік міліцыі Паплаўскі, які выконваў у той дзень функцыі аховы амбасады Расейскай Федэрацыі. У «паказаннях» сведкі змяшчалася шмат супярэчнасцяў, былі складзеныя два рапарты: у першым рапарце паведамлялася толькі аб несанкцыянаванай «акцыі» каля амбасады, у другім, напісаным пазней, была даданая інфармацыя аб нібыта «супраціве» ўдзельніц акцыі пры затрыманні і «лаянцы матам». На судзе «сведка» адмовіўся ад другога пратаколу і не пацвердзіў факты супраціву супрацоўнікам міліцыі. Аднак, суддзя вынес прысуд Вользе Нікалайчык паводле двух артыкулаў КаАП - 17.1 «Дробнае хуліганства» (6 дзён), і 23.4 «Супраціў пры затрыманні» (7 дзён). Таксама было прадстаўлена 5 дзён на працэдуру абскарджання прысуду. У любы час актывістка можа быць узятая пад варту.
Вольга Нікалайчык змагла даць інтэрв'ю charter97.org. «Я абураная тым, наколькі гэта было брутальна, цынічна і незаконна. Уся справа была сфабрыкаваная, нават без клопату пра тое, каб надаць яму выгляд законнасці. Прысуд быў вынесены на падставе ілжэсведчання. Мы хадайнічалі аб дадатку да справы відэазапісу з камер амбасады, на якой было б відаць, што я не лаялася, не супрацівілася і не падала на зямлю, як заявіў «сведка». Але суддзя хадайніцтва адхіліў. Ілжывы сведка - дарэчы, ураджэнец Украіны, Чарнігаўскай вобласці - указаў гэта ў другім рапарце, складзеным пазней, чым першы. На судзе было бачна, што яму сорамна ілжэсведчыць. Ён быў чырвоны, як рак. Аднак, мяне «закрываюць» на 13 дзён. Шкада, але я да гэтага была гатовая - гэта раз. Яны мяне не спыняць - гэта два. І, гэта тры, прыйдзе час - і гэтыя людзі адкажуць за ўсё, што яны цяпер робяць. Яны псуюць будучыню не мне, а сабе», - паведаміла актывістка.