Сведкі паводле справы Рубцова: Ён не адмаўляўся ад працы
4- 27.05.2015, 16:54
- 16,776
Сведкі паводле крымінальнай справы Юрыя Рубцова, разгляд якой праходзіць 27 траўня ў судзе Пружанскага раёна, распавялі, што ён не адмаўляўся ад працы.
Палітвязень абвінавачваецца паводле артыкула 415 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу складае тры гады пазбаўлення волі, паведамляе БелаПАН.
Са слоў рэжысёркі Вольгі Нікалайчык, у якасці сведак на судзе апыталі кіраўніцтва, супрацоўнікаў і асуджаных папраўчай установы адкрытага тыпу (ПУАТ) у вёсцы Куплін (Пружанскі раён Берасцейскай вобласці), дзе адбывае пакаранне актывіст. Было апытана больш за 15 чалавек. Суддзю Мікалая Рэпіху цікавіла, як праходзіла працэдура працаўладкавання Рубцова, а таксама прычыны і абставіны, паводле якіх ён адмаўляўся ад прапанаванай яму працы.
«Юрый заяўляў, што ён не адмаўляўся ад працы, а проста быў не згодны працаваць праз нізкі ўзровень аплаты працы, - сказала грамадская актывістка Вольга Нікалайчык. - Ніхто са сведкаў не казаў, што Рубцоў катэгарычна адмаўляўся працаваць, усе сведчылі на карысць таго, што яго толькі не задавальняў заробак».
Нікалайчык паведаміла, што ў зале суда страціўшы ў вазе праз галадоўку Рубцоў распрануўся да пояса, агаліўшы вытатуяваную на грудзях фразу «Лукашэнка, сыходзь». Яна, а таксама актывісты Максім Вінярскі і Мікалай Колас надзелі цішоткі з аналагічным надпісам. «Яго вельмі ўзрадавала такая наша падтрымка, наогул ён трымаецца годна», - ахарактарызавала яна маральны стан Рубцова.
Гамяльчук, са слоў Нікалайчык, хадайнічаў аб выкліку некалькіх сведкаў са свайго боку - асуджаных, з якімі ён адбывае пакаранне ў Купліне. Суддзя Рэпіха абвясціў перапынак да 15.00.
Нагадаем, 6 кастрычніка 2014 года суд Цэнтральнага раёна Менска прысудзіў 53-гадовага Юрыя Рубцова да двух з паловай гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ, аднак з улікам амністыі рэальны тэрмін пакарання быў скарочаны да паўтара года. Рубцова абвінавацілі ў абразе суддзі Савецкага райсуду Кірыла Палулеха (арт.391 КК), які вёў ягоны адміністрацыйны працэс пасля акцыі «Чарнобыльскі шлях» 28 красавіка 2014 года ў Менску.
Адбываючы пакаранне ў ПУАТ у вёсцы Куплін Пружанскага раёна, асуджаны актывіст адмаўляўся працаваць праз нізкі заробак. Рубцоў патрабаваў забяспечыць яго працай з сярэднім заробкам у краіне (600 даляраў ЗША ў эквіваленце). Гэта і стала падставай для завядзення новай крымінальнай справы.
Да суда Рубцова ўтрымлівалі ў следчым ізалятары Баранавічаў (Берасцейская вобласць). 6 красавіка гомельскі актывіст абвясціў галадоўку на знак пратэсту супраць вылучаных яму абвінавачванняў, бо мяркуе, што абедзве крымінальныя справы ў дачыненні да яго сфабрыкаваныя. На пачатку траўня Рубцоў заявіў, што пяройдзе на сухую галадоўку, калі пасяджэнне 27 траўня будзе праходзіць у закрытым рэжыме.