Сутыкненні паміж заўзятарамі і паліцыяй у Польшчы: ёсць загінулы
7- 3.05.2015, 11:57
- 27,237
200 футбольных заўзятараў напалі на паліцэйскіх у польскім горадзе Кнуруве пасля таго, як супрацоўнікі правапарадку застрэлілі заўзятара падчас матчу.
Сустрэча паміж камандамі «Канкордыя» (Кнурув) і «Рух» (Радзенкув) праходзіла у суботу, 2 траўня, паведамляе Reuters.
Падчас сустрэчы заўзятары пачалі кідаць на поле петарды, а калі рэферы спыніў гульню, самі выбеглі на яго. Каб утаймаваць іх, паліцыянты ўжылі сілу і, у прыватнасці, адкрылі па хуліганам стральбу гумовымі кулямі, піша «Корреспондент».
Адзін з іх атрымаў раненне ў шыю і быў шпіталізаваны. Аднак лекары не здолелі выратаваць яго жыццё. Затым група з 200 чалавек пачала бойку з паліцэйскімі, што ахоўвалі лякарню.
Паводле інфармацыі польскага тэлеканала TVN 24, 14 супрацоўнікаў праваахоўных органаў атрымалі раненні. Таксама прадстаўнік паліцыі адзначыў, што на працягу ночы былі затрыманыя шасцёра «найбольш агрэсіўных з тых, хто нападаў».