Пасол Вугоршчыны: Мы гатовыя разгледзець узмацненне жорсткасці санкцый супраць Расеі
- 4.05.2015, 12:37
- 23,989
Вугоршчына гатовая разгледзець узмацненне жорсткасці санкцый супраць Расеі ў выпадку зрыву менскіх пагадненняў і эскалацыі сітуацыі ў Данбасе.
Пра гэта ў інтэрв'ю «Aпостраф» заявіў пасол Вугоршчыны ва Украіне Эрно Кешкень.
«У выпадку калі, не дай Бог, сітуацыя на ўсходзе пагоршыцца, мы гатовыя разгледзець магчымасць узмацнення жорсткасці. Вугоршчына ні ў якім выпадку не плануе сысці ад санкцый. Усе падобныя размовы з'яўляюцца прапагандай, элементам гібрыднай вайны», - адзначыў пасол.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што ўведзеныя супраць Расеі санкцыі вельмі ўдарылі па Вугоршчыне, паколькі РФ з'яўляецца адным з асноўных гандлёвых партнёраў гэтай краіны.
«Гэтыя абмежавальныя захады вельмі шкодныя для венгерскай эканомікі. Праз санкцый мы страцілі блізу мільярда даляраў. Зрэшты, нягледзячы на гэта, мы разумеем, што адзінае меркаванне краін Еўрапейскага звязу - гэта вельмі важна. Таму мы падтрымліваем іх. Санкцыі - не карысныя для Вугоршчыны, нават шкодныя. Нам гэта не падабаецца, але ўсё ж такі мы іх падтрымліваем. І мы не плануем адмаўляцца ад іх», - адзначыў Кешкень.
«Ёсць краіны, якія кажуць пра тое, што гэта шкодна для іх эканомікі. Але ці ёсць дзяржава, якая хацела б скасаваць санкцыі, - пра гэта мне невядома», - дадаў ён.
У той жа час амбасадар уважае магчымым зняць з РФ санкцыі ў выпадку выканання менскіх пагадненняў.
«Мы таму і падтрымліваем выкананне менскіх пагадненняў. Мы ўважаем, што толькі мірным шляхам можна развязаць гэтае пытанне. Калі ў гэтай сферы будуць прасоўванні, потым з РФ можна будзе зняць санкцыі. Мы спадзяемся, што гэта будзе. Калі сітуацыя паляпшаецца, то чаму б і не?» - адзначыў дыпламат.
Нагадаем, Расея ў сакавіку 2014 года пасля ўводу войскаў анексавала ўкраінскі Крым і пачала дэстабілізаваць абстаноўку ў Данбасе. Пры непасрэдным удзеле расейскіх спецслужбаў і падтрымцы расейскага войска на ўсходзе Украіны былі створаныя так званыя Данецкая і Луганская «народныя рэспублікі». РФ пастаўляе тэрарыстам зброю і накіроўвае на Данбас наймітаў і свае рэгулярныя войскі.
Праз гэтыя дзеянні ЗША, Еўразвяз, Канада, Японія, Аўстралія і многія іншыя краіны ўвялі санкцыі супраць Расеі.