«Палатка» ўхваліла дэкрэт Лукашэнкі аб прымусовай працы
75- 6.05.2015, 11:52
- 31,243
Цяпер беспрацоўныя павінны выплачваць збор 20 базавых велічынь.
«Дэпутаты» «палаты прадстаўнікоў» 6 траўня ўхвалілі рэзанансны дэкрэт Лукашэнкі №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».
Як адзначыла, прадстаўляючы дакумент, міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна, дэкрэт «кажа пра сацыяльную адказнасць грамадзян за фінансаванне дзяржаўных выдаткаў», піша БелаПАН.
- Не трэба навешваць цэтлікі «дармаеды». Чалавек добраахвотна кажа, што не ўдзельнічаў у выдатках і заплаціў пэўную суму. Ён такі ж грамадзянін, як і ўсе, - падкрэсліла міністарка.
Адной з мэтаў дэкрэта Шчоткіна назвала легалізацыю працоўнай дзейнасці:
- Гаворка не ідзе пра тое, каб напоўніць бюджэт грашыма. Гаворка ідзе пра тое, каб чалавек удзельнічаў у фінансаванні дзяржаўных расходаў.
Міністарка таксама паведаміла, што будзе праводзіцца маніторынг зваротаў грамадзян у дэкрэце.
- Пакуль праца насіла, хутчэй, тлумачальны характар. Канструктыўных прапаноў не паступала, - адзначыла яна.
Яна таксама адзначыла, што дэкрэт носіць часовы характар.
«Дэкрэт часовы. Як толькі запрацуе інтэграваная інфармацыйная сістэма, калі будуць сацыяльныя электронныя карты, ён перастане працаваць. Мы будзем плаціць усё па-рознаму, як каму трэба», - заявіла Шчоткіна.
Нагадаем, згодна з дэкрэтам грамадзяне Беларусі, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, што пастаянна пражываюць у краіне, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржвыдаткаў або ўдзельнічаюць у такім фінансаванні менш 183 каляндарных дзён у годзе, павінны выплачваць збор 20 базавых велічынь (сёння гэта 3 млн. 600 тыс. рублёў).
Паводле ацэнак экспэртаў, сёння налічваецца блізу 400 тысяч чалавек, якіх улады могуць аднесці да «сацыяльных утрыманцаў».
Дэкрэт выклікаў неадназначнае стаўленне ў грамадстве і вострую крытыку з боку незалежных экспэртаў, якія назвалі яго «класічным прыкладам выкарыстання прымусовай працы».
Аналітыкі таксама папярэджваюць аб сур'ёзных выдатках выканання дэкрэта - паводле іх ацэнкі, выдаткі на працу чыноўнікаў і міліцыі будуць большыя, чым паступіць сродкаў ад самога збірання збору.
Акрамя таго, ёсць асцярога, што ўлады могуць прымяняць палажэнні дэкрэта ў дачыненні да актывістаў грамадзянскай супольнасці, як яшчэ адзін элемент уздзеяння на тых, хто не згодны з уладай.