23 снежня 2024, панядзелак, 19:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польскія СМІ: Лукашэнка водзіць за нос еўрапейскіх палітыкаў

23
Польскія СМІ: Лукашэнка водзіць за нос еўрапейскіх палітыкаў
Фота: EPA

Беларускага дыктатара цікавяць толькі грошы і ён не збіраецца вызваляць палітвязняў.

Расея дастатковымі для падтрымкі Лукашэнкі сродкамі не валодае, таму ён чарговым разам пачаў заляцацца да Брусэля. Пра гэта піша польскае выданне "Wprost" у артыкуле "Апошні прайдзісвет Еўропы" (пераклад - eurobelarus.info)

Ехаць у Маскву ён не збіраецца, і 9 траўня, у гадавіну перамогі над фашызмам, будзе праводзіць свой уласны парад. Больш за тое, беларускі дыктатар распарадзіўся, каб у гэтым годзе традыцыйныя георгіеўскія стужачкі, якія цяпер адназначна асацыююцца з падзеямі на ўсходзе Украіны, былі замененыя "кветкай Вялікай Перамогі" - сімвалам уласнай вынаходкі. Усе работнікі сферы паслуг у абавязковым парадку павінны насіць на вопратцы чырвона-зялёныя стужачкі з кветкамі яблыні, якія асацыююцца з колерамі постсавецкага беларускага сцяга.

Ці азначае гэта, што наступіў добры момант, каб дамовіцца з Лукашэнкам і накіраваць Беларусь па еўрапейскаму шляху? Не, гэта далёка ад ісціны. Лукашэнка не мае намеру змякчаць свой палітычны рэжым. Наадварот, узмацняе рэпрэсіі супраць апазіцыі. Гэта ён сам вызначыў, што наступіў ідэальны момант, каб з выгадай прадаць сваю лаяльнасць. А Еўропа гатовая купіць, заплюшчваючы вочы на ​​парушэнні правоў чалавека.

Злёт дыктатараў

Праўда палягае ў тым, што Лукашэнка ніколі не ездзіў у Маскву на святкаванне 9 траўня і штогод прымаў свой парад у Менску, паведаміў расейскі палітолаг Андрэй Акара. Збольшага гэта звязана з тым, што раней беларускага дыктатара неахвотна запрашалі ў сталіцу РФ. У мінулыя гады на Краснай плошчы часта прысутнічалі еўрапейскія афіцыйныя асобы, якім было няёмка паказвацца ў кампаніі з "апошнім дыктатарам Еўропы". Цяпер сітуацыя дыяметральна разгарнулася. Хутчэй за ўсё, ніхто з кіраўнікоў заходніх краін на гэтым мерапрыемстве прысутнічаць не будзе. Іх месца зоймуць прадстаўнікі Кітая, Кубы, ПАР, Манголіі, В'етнама і Паўночнай Карэі.

Украінскія публіцысты іранізуюць, што гэта будзе сусветны злёт дыктатараў, якія збяруцца адсвяткаваць перамогу над фашызмам, што з'яўляюцца для іх часцяком узорам для пераймання.

Лукашэнка мог бы паспець папрысутнічаць на абодвух парадах: і ў Менску, і ў Маскве. І нават калі б ён адмовіўся ад удзелу ў менскім парадзе на карысць таго, каб пастаяць на адной трыбуне з Пуцінам, беларусы хутчэй за ўсё паставіліся б да гэтага паблажліва, кажа Андрэй Акара. Аднак на гэты раз апынуцца ў адной кампаніі з узурпатарам не выгадна самому Лукашэнку, які ўжо год працуе над паляпшэннем уласнага іміджу. Гаворка ідзе не пра якія-небудзь рэальныя змены ў Беларусі. Лукашэнка з самага пачатку вайны ва Украіне дыстанцыяваўся ад дзеянняў Крамля і выказваў падтрымку Кіеву, разлічваючы, што яго пачнуць успрымаць у якасці "вялікага пацыфіста".

Гульня ў санкцыі

На думку Андрэя Ягорава, дырэктара беларускага Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, сітуацыя выглядае досыць празаічна. Увосень у Беларусі павінны будуць прайсці прэзідэнцкія выбары, у якіх Лукашэнка мае намер перамагчы - у пяты раз запар. Аднак эканоміка краіны знаходзіцца ў жудасным стане. Эканамічны крызіс, які перажывае Расея, б'е рыкашэтам па Беларусі. Цягам года беларускі рубель абясцэніўся на 45% у дачыненні да даляра. І калі раней Лукашэнка мог разлічваць на танныя расейскія крэдыты, то цяпер Крэмль сам зацягвае паясы ў сябе ў краіне. У гэтым годзе Беларусь папрасіла ў Масквы крэдыт у памеры 2,5 млрд даляраў, але атрымала ўсяго толькі 110 млн.

Летась Менск спрабаваў зарабіць на рээкспарце еўрапейскіх тавараў, супраць якіх Расея ўвяла санкцыі: цытрусавыя з поўдня ЕЗ траплялі на расейскі рынак ужо як "беларускія", а польскія яблыкі, якія афіцыйна, з беларускімі сертыфікатамі, ехалі з Беларусі ў Казахстан, "губляліся" дзесьці ў раёне Масквы. Такім чынам, беларускі імпарт і экспарт некаторых прадуктаў харчавання выраслі ў 20 разоў. Паводле некаторых ацэнак, гэты рынак каштуе блізу 500 млн даляраў, паведаміў Леанід Заіка, кіраўнік Аналітычнага цэнтра "Стратэгія". Аднак Менск пераацаніў свае магчымасці. Калі ўлады Расеі раскрылі гэтую схему, то ўвялі строгі мытны кантроль для прадуктаў, імпартаваных з Беларусі. І гэта моцна ўдарыла па ўсяму беларускаму экспарту, прывяло да значнага яго зніжэння.

Гульня цяпер вядзецца па вялікай стаўцы, тлумачыць Андрэй Ягораў. Праблема ў тым, што еўрапейскія санкцыі з'яўляюцца вялікай перашкодай для інвестыцый у беларускую эканоміку. І гэта моцна турбуе Лукашэнку. А цяпер для яго настаў вельмі добры час, бо мяняць нічога не трэба і пры гэтым можна весці перамовы з ЕЗ. Дастаткова таго, што Лукашэнка прапаноўвае Захаду сваю лаяльнасць. А калі Захаду яна не будзе патрэбная, то, магчыма, Масква заплаціць больш.

Расею цяпер не цікавіць, дзе Лукашэнка здабудзе крэдыт: у ЗША ці ў ЕЗ. Важна, каб ён не пераступіў пазначаную Крамлём "чырвоную рысу", чым магло б быць падпісанне Пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ на саміце "Усходняга партнёрства".

Еўрапейскія памкненні Беларусі - гэта казка. Лукашэнку цікавяць выключна грошы, ён і так не будзе змякчаць рэжым або выпускаць палітвязняў.

Раней еўрапейскія палітыкі махалі кулакамі перад носам Лукашэнкі. Цяпер гэта пакаленне сышло, а Лукашэнка і надалей застаецца на старым месцы. Новыя еўрапейскія палітыкі не маюць паняцця, што гэта таталітарная дзяржава і што гэта Беларусь. Таму Лукашэнка проста іх водзіць за нос.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках