14 снежня 2024, Субота, 5:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Алесін: На менскім парадзе Расея адпрацоўвае перакідку ў Беларусь вайсковай тэхнікі

47
Аляксандр Алесін: На менскім парадзе Расея адпрацоўвае перакідку ў Беларусь вайсковай тэхнікі

У парадзе, які пройдзе ў Менску 9 траўня, возьме ўдзел рэкордная колькасць расейскай тэхнікі.

У Беларусь прыбылі «Іскандэры», «С-400», стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі «Тую-95», далёкія Ракетаносцы-бамбардзіроўшчыкі «Тую-22 М3». Масква ўжо другі год накіроўвае на парад у Менск сваю вайсковую тэхніку. «Гэта не толькі дэманстрацыя сілы, але і адпрацоўка перакідання ў Беларусь расейскіх частак і падраздзяленняў, - кажа «Радыё Свабода» вайсковы экспэрт Аляксандр Алесін. - Да ўкраінскіх падзей такога не было».

Для ўдзелу ў цяперашнім парадзе 9 траўня Расея, сярод іншага, накіравала ў Менск вайскоўцаў 234-га гвардзейскага Чарнаморскага дэсантна-штурмавога палка імя Аляксандра Неўскага і 76-й Гвардзейскай Чарнігаўскай дэсантна-штурмавой дывізіі. Вайскоўцы абодвух фармаванняў удзельнічалі ў першай і другой чачэнскіх войнах. А так званыя «пскоўскія дэсантнікі» з 76-й дывізіі ў 2014-м выконвалі «адмысловыя заданні» ў Крыме.

У жніўні 2014 Служба бяспекі Украіны заявіла, што «пскоўскія дэсантнікі» знаходзяцца ў Луганскай вобласці. Расейскія СМІ паведамлялі, што цягам баявых дзеянняў на тэрыторыі Украіны 1-я рота 76-й пскоўскай дывізіі была цалкам знішчаная. Журналісты нават знайшлі таямнічыя пахаванні на пскоўскіх могілках. Пракуратура Расеі называла гібель пскоўскіх дэсантнікаў дзяржаўнай таямніцай і паведаміла, што яны загінулі «не ў месцах пастаяннай дыслакацыі».

«Любыя часткі і падраздзяленні «засвечаныя» ў нейкіх канфліктах, - кажа Аляксандр Алесін. - Паветрана-дэсантныя войскі да нядаўняга часу былі адзінымі баяздольнымі часткамі ў расейскім войску. Гэта так званы «рэзерв прэзідэнта». Найбольш падрыхтаваныя, прафесійныя. Па антрапалагічных якасцях - усе атлеты. Вядома, кожная краіна хоча паказаць на парадзе годных прадстаўнікоў свайго войска. І нашы дэсантнікі таксама ўдзельнічаюць у парадзе ў Маскве».

Нашмат важней, мяркуе экспэрт, удзел у парадзе расейскай вайсковай тэхнікі. Летась на парадзе 3 ліпеня па менскіх вуліцах ужо ездзілі расейскія «Іскандэры», «С-400», прысутнічала вялікая група авіяцыі.

«Сёлета - расейскія танкі, БТР, стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі «Тую-95», далёкія бамбардзіроўшчыкі «Тую-22 М3», - пералічвае Алесін.

Чаму ўжо два гады запар да нас накіроўваецца баявая тэхніка, сярод якой патэнцыйныя носьбіты ядзернай зброі? Паводле спадара Алесіна, грунтоўнае прысутнасць расейскага ўзбраення на менскім парадзе - гэта дэманстрацыя сілы, выпад у бок NATO і адказ на вучэнні, якія адбываюцца ў краінах Балтыі.

«Расея паказвае, што ў выпадку абвастрэння сітуацыі з NATO на беларускія аэрадромы могуць быць перебазаваныя бамбавікі, у тым ліку далёкія. Могуць быць перакінутая аб'яднаная вайсковая тэхніка, у тым ліку самая сучасная, - падводзіць вынік Аляксандр. - Я б разглядаў гэта як адпрацоўку перакідання сюды расейскіх частак і падраздзяленняў».

Хто і як прымаў пастановы, якую расейскую тэхніку накіроўваць на парад у Менск, журналістам высветліць не ўдалося. На гэтае пытанне прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макараў адказаў так: «Нашы стасункі з Расейскай Федэрацыяй ў вайскова-тэхнічнай сферы адпавядаюць стасункам, якія павінны быць паміж братэрскімі народамі. Так было, ёсць і будзе».

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках