23 снежня 2024, панядзелак, 2:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пазыўны «Бiлорус»

25
Пазыўны «Бiлорус»
Фота: «Белсат»

Рэжысёр Антон Цялежнікаў прадставіў фільм пра беларуса, які ваюе за свабоду Украіны.

Галоўны герой стужкі - жаўнер з пазыўным «Бiлорус» - рызыкуе сваім жыццём дзеля свабоднай і непадзельнай Украіны, бо верыць, што ад гэтага будзе залежаць лёс і яго айчыны, паведамляе тэлеканал «Белсат».

Герой фільма нарадзіўся ва ўсходняй Беларусі. Ён быў на Майдане, а цяпер бярэ ўдзел у баявых дзеяннях паблізу Данецка. Беларус змагаецца ў шэрагах валанцёрскага корпуса «Правы сектар» - вайсковай адзінкі, якой расейская прапаганда палохае сваіх суграмадзян. Баец не мае ўкраінскага грамадзянства, і з прававога пункту гледжання ягонае знаходжанне на фронце нелегальнае. Ён не можа разлічваць ні на ўзнагароды, ні на пенсію.

«Я прыехаў на Майдан праз смерць Міхаіла Жызнеўскага», - распавядае ён.

У Данбасе на ўкраінскім баку ваююць блізу 100 беларусаў. Што матывуе маладых хлопцаў узяць зброю ў рукі? Пра гэта распавядае рэжысёр фільма Антон Цялежнікаў.

«Яшчэ якіх 25 гадоў таму насельніцтва СССР не пыталася, што рабілі іх суайчыннікі падчас грамадзянскай вайны ў Гішпаніі, В'етнаме, Егіпце або Афганістане, - кажа ён. - Усё гэта прыгожа называлася «інтэрнацыянальным абавязкам». Чаму нашы народы былі абавязаныя аддаваць сваё жыццё, ніхто не можа растлумачыць дагэтуль.

Асабіста я мяркую, што цяпер для беларусаў такая сапраўдная інтэрнацыянальная салідарнасць адбываецца не дзесьці ў Афрыцы або на Блізкім Усходзе, а тут, у нашых суседзяў украінцаў. Крамлёўскія ўлады развязалі чарговую братазабойчую вайну. На кліч сэрца яшчэ ў часы Еўрамайдана ва Украіну прыехалі дзесяткі беларусаў, якія ўбачылі ўсю несправядлівасць, якая праходзіла ў той час ва Украіне, яны бачылі яркія паралелі рэжыму Януковіча і цяперашняга рэжыму ў нашай краіне. Аднак перамога Майдана стала і пачаткам вайны на ўсходзе Украіны, і многія беларускія патрыёты не змаглі пакінуць у гэты цяжкі час брацкі народ, прыехалі і новыя.

Гэтыя людзі цвяроза ўсведамляюць, што ад таго, ці пераможа Украіна ў гэтай бязлітаснай вайне, залежыць наўпрост і будучыня Беларусі, ці паглыне нас наступнымі «рускі мір». Ахвяруючы сваім жыццём, яны могуць цвёрда разлічваць на ўзаемную салідарнасць і падтрымку ўкраінскага народа».

Песня «Не сдавайся!» і музыка, якая гучыць у фільме, напісаная Аляксандрам Чаркашыным, бардам, беларускім валанцёрам-капеланам ва Украіне, з якім рэжысёр пазнаёміўся на фронце.

Антон Цялежнікаў правёў ва Украіне ў зоне АТА амаль 2 месяцы, дзе здымаў дакументальны фільм, а таксама рэпартаж аб добраахвотніцкім корпусе «Правага сектара».

У іншых сваіх фільмах «Беларускі рэзыстанс», «Беларусь пад нямецкай акупацыяй», «Гульня ў вайнушку», «Праклятыя і забытыя» рэжысёр зрывае з гісторыі Беларусі хлуслівае покрыва афіцыйнай прапаганды. Шырокую вядомасць яму прынеслі кліпы з гістарычнай рэтраспектывай для вядомага рок-гурту «Дзяцюкі» - «Лясныя браты» і «Хлопцы-балахоўцы». Падчас здымак у Беларусі аднаго з кліпаў рэжысёр быў арыштаваны разам з усёй здымачнай групай і музыкамі.

Антон Цялежнікаў стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі charter97.org за абарону правоў чалавека.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках