5 сакавiка 2024, aўторак, 14:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Stratfor: Расею чакае калапс цягам найбліжэйшых 10 гадоў

10
Stratfor: Расею чакае калапс цягам найбліжэйшых 10 гадоў

Нават калі Расея не распадзецца на некалькі частак, Масква страціць уладу над рэгіёнамі.

Такі прагноз развіцця свету на найбліжэйшыя 10 гадоў зрабіла прыватная выведвальная фірма ЗША Stratfor, паведамляе ўкраінскае выданне «Апостроф» са спасылкай на Business Insider.

Расея не будзе знаходзіцца ў спісе найбуйнейшых эканомік свету праз санкцыі, зніжэнне коштаў нафты, падзенне рубля, рост вайсковых расходаў і павелічэнне ўнутраных супярэчнасцяў. Нават калі Расея не распадзецца на некалькі частак, яе чакае калапс: Масква страціць уладу над рэгіёнамі.

Stratfor мяркуе, што ЗША давядзецца ўзмоцнена ахоўваць ядзерныя сілы. Калі адбудзецца палітычная дэзінтэграцыя ў РФ, расейская ядзерная інфраструктура, раскіданая на шырокіх геаграфічных прасторах, будзе прадстаўляць яшчэ большую пагрозу. І ЗША прыйдзецца вызначаць, што з гэтым рабіць, аж да размяшчэння наземных сіл для аховы ядзернай зброі, уранавых складоў і сістэм дастаўкі.

Таксама цягам найбліжэйшых 10 гадоў можна будзе назіраць праблемы ў Нямеччыне. Эканоміка гэтай краіны можа пацярпець праз крызіс у еўразоне і хвалі еўраскептыцызму. Краіну могуць чакаць сур'ёзныя эканамічныя ўзрушэнні.

У той жа час Польшча апынецца ў цэнтры эканамічнага развіцця і будзе павялічваць палітычны ўплыў.

Амерыканскія выведчыкі мяркуюць, што варта чакаць расколу Еўропы. Пройдуць часы адзінства Еўропы з размытымі палітычнымі і эканамічнымі бар'ерамі і знікненнем усяго рэгіянальнага і нацыянальнага. Еўропы будуць чатыры: Заходняя, Усходняя, Скандынавія і Брытанскія выспы, якія ўжо не будуць такімі блізкімі.

Затое ўмацуюцца сувязі Турцыі і ЗША. Улічваючы сілу і прывабнасць Турцыі, яна можа стаць незаменным партнёрам ЗША, аднак наўзамен запатрабуе абарону ад патэнцыйнага агрэсара па іншы бок Чорнага мора - Расеі, якая мае вайсковыя базы ў Арменіі.

Таксама варта чакаць праблем у Кітаі. Запаволенне эканамічнага росту можа выклікаць незадаволенасць у дачыненні да кіроўнай Кампартыі. Партыя не пойдзе на лібералізацыю і адзіным шляхам для яе стане павелічэнне ўнутранага кантролю. Акрамя таго, паспяховасць Кітая абмежаваная тэрытарыяльна як унутры краіны, так і на міжнародных рынках.

Запаволенне эканомікі Кітая таксама прывядзе да таго, што працоўныя месцы пяройдуць у Мексіку, Нікарагуа, Дамініканскую Рэспубліку, Перу, Эфіопіі, Уганду, Кенію, Танзанію, Бангладэш, М'янму, Шры-Ланку, Лаос, В'етнам, Камбоджу, Філіпіны і Інданэзію.

Японія ўзмоцніць свае пазіцыі, як марская дзяржава. Краіне прыйдзецца сутыкнуцца з канкурэнцыяй Кітая і абараняць уласныя марскія шляхі. У Токіё не застанецца іншага варыянту, акрамя як узмацняць уладу ў рэгіёне. Прычым рабіць яму гэта прыйдзецца ў адзіночку, бо пазіцыі ЗША будуць слабець.

Спрэчным рэгіёнам застануцца Паўднёва-Кітайскія выспы. Дыспут вакол выспаў не справакуе ваеннага канфлікту, аднак па-ранейшаму будзе прадстаўляць праблему. Расея некалькі здасць пазіцыі, у той час як Кітай і Японія будуць зацікаўленыя ў іх прысваенні і на шляху да гэтага будуць ставіць палкі ў колы адзін аднаму.

У Stratfor мяркуюць, што ЗША пачне слабець. Вашынгтон стане занадта разважлівым у развязанні сусветных праблем замест таго, каб займаць актыўную лідарскую пазіцыю. Гэта зробіць свет яшчэ больш непрадказальным. Аднак Штатам стане камфортней ізаляваць сябе ад сусветных крызісаў пры моцнай эканоміцы, унутранай энэргетычнай вытворчасці, паменшыўшы экспарт і адчуваючы сябе самай стабільнай і моцнай краінай планеты

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках