23 снежня 2024, панядзелак, 9:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч патрабуе пакінуць яго ў «адзіночцы»

8
Мікалай Статкевіч патрабуе пакінуць яго ў «адзіночцы»
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ
ФОТА: AFP

Адміністрацыя магілёўскай турмы, дзе трымаюць Мікалая Статкевіча, прапануе змясціць у ягонай камеры яшчэ аднаго зняволенага, але палітык адмаўляецца ад суседства.

Пра гэта «Радыё Свабода» распавяла жонка палітвязня Марына Адамовіч, якая атрымала ад мужа чарговы ліст.

«Яму зноў прапаноўвалі суседа, як ён піша - «настойліва». У якой форме гэта адбываецца, не ведаю. Ведаю, што адмаўляецца ён з прычын бяспекі, бо ад такіх суседзяў, якіх да яго раней падсялялі, можна чакаць усякіх правакацый, што раней і было. Пагатоў, цяпер было шмат сігналаў, што правакацыі могуць паўтарыцца», - кажа Марына Адамовіч. Тэлефанавання, якое мерыўся зрабіць Мікалай Статкевіч на гэтым тыдні, Марына Адамовіч не дачакалася. Прычына, чаму Мікалай Статкевіч не змог патэлефанаваць, ёй невядомая.

У лісце палітвязень выказаўся наконт правакацый супраць палітвязня Мікалая Дзядка, якога ў горацкай калоніі зноў саджалі ў карцэр нібыта за парушэнне дзённага рэжыму.

«Ён прачытаў аб першым пакаранні Мікалая Дзядка ў Горках і тлумачыць, якім чынам яго проста падставілі пад абух. Што гэта вельмі распаўсюджаны спосаб правакацыі, маўляў, спаў у неналежны час - да сігналу. Мікалай растлумачыў, што зазвычай зняволеным у калоніях дазваляюць класціся на гадзіну раней, бо раніцай пасля абуджэння ёсць толькі 5 хвілін на зборы і прыбіранне, і таму людзі раней успорваюцца. Але супраць палітычных гэта шырока выкарыстоўваецца, калі за фармальнае парушэнне раскладу дня могуць пакараць. Ён успомніў, як сам чуў словы дзяжурнага, як той дакладваў начальству, што ён «не спіць, чытае кнігу». Гэта значыць, там сочаць за кожным палітычным вельмі пільна і на загад могуць адразу пакараць, калі чалавек лёг раней. Так маглі зрабіць і з Мікалаем Дзядком», - пераказала словы Статкевіча Марына Адамовіч.

Пра сябе Мікалай Статкевіч напісаў, што аднавіў «былую фізічную чыннасць»: «Напісаў, што пасля ПКТ лепш пачуваецца, бо там было і цёмна і задушліва. А цяпер у той камеры, дзе раней знаходзіўся, сядзіць праваабаронца Андрэй Бандарэнка. Яго перавялі туды адразу пасля Мікалая».

На пачатку года Мікалая Статкевіча перавялі з крытай магілёўскай турмы ў шклоўскую калонію, дзе ён прабыў толькі тры месяцы і зноў паводле прысуду як злосны парушальнік быў змешчаны ў тую ж турму ў Магілёве.

Палітвязню дазволена набываць прадукты ў турэмнай краме толькі на адну базавую адзінку, а харчовыя пасылкі атрымліваць забаронена - толькі адну бандэроль на 2 кілаграмы. «Вось збіраю зараз такую бандэроль, сушу прадукты, каб больш укласці. Сухія плады высушыла так, што аж грукоча. Бо гэта на цэлы год!» - кажа Марына Адамовіч.

Мікалай Статкевіч - адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які дагэтуль знаходзіцца ў зняволенні. У траўні 2011-га ён быў прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў арганізацыі масавых непарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зняволеным.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках