23 снежня 2024, панядзелак, 13:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павал Дэмеш: Не бачу ніводнай прычыны для беларускай апазіцыі, каб удзельнічаць у выбарах

9
Павал Дэмеш: Не бачу ніводнай прычыны для беларускай апазіцыі, каб удзельнічаць у выбарах
Павал Дэмеш
ФОТА: SVABODA.ORG

Славацкі палітык Павал Дэмеш спадзяецца адзначыць шасцідзесяцігоддзе разам са сваім сябрам і аднагодкам Мікалаем Статкевічам, калі той будзе ўжо на волі.

Былы міністар міжнародных дачыненняў Славацкай Рэспублікі, сузаснавальнік сеткі незалежных офісаў і недзяржаўных арганізацый SAIA-SCTS, грамадскі дзеяч, фатограф і палітычны аналітык Павал Дэмеш у інтэрв'ю «Радыё Свабода» распавёў, чаму спадзяецца адзначыць 60-годдзе разам з Мікалаем Статкевічам, а таксама патлумачыў свой песімізм з нагоды ўдзелу беларускіх апазіцыянераў у выбарчай кампаніі 2015 года.

- Заўсёды цікава даведацца, што ў іншых краінах ведаюць пра тваю радзіму. Беларусь часта асацыююць з Лукашэнкам. У Славакіі, мабыць, таксама. Што яшчэ ў вашай краіне ведаюць пра беларусаў?

- Першая асацыяцыя - гэта Лукашэнка, вы маеце рацыю. Другая - хакей, яна толькі падмацоўвае першую. Трэцяя рэч - гэта Другая сусветная вайна, у тым сэнсе, што на тэрыторыі Беларусі ёсць пахаванні славакаў. Паміж Славакіяй і Беларуссю няма актыўнага турызму, мы не хочам ехаць у вашую краіну, бо калі шараговы турыст пачынае шукаць інфармацыю пра Беларусь, ён пераконваецца, што гэта паліцэйская, ізаляваная ад усяго свету дзяржава, якая знаходзіцца пад санкцыямі. Зразумела, тыя, хто трапляе ў Беларусь, вельмі здзіўляюцца. Я трапіў у Беларусь упершыню ў 2000 годзе і быў шакаваны тым, што ў вас ёсць Макдональдс (смяецца). Увогуле, вам ёсць чым ганарыцца, але вы ўвогуле не ўмееце піярыць сваю краіну.

- Вы шмат разоў бывалі ў Беларусі і ведаеце шэраг нашых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў. Вы добра знаёмыя з Мікалаем Статкевічам. Як вы мяркуеце, што дае яму сілы для барацьбы?

- Для мяне незразумела, як гэты чалавек у тых варунках, у якіх ён знаходзіцца апошнія пяць гадоў, здольны жыць і быць верным таму, у што ён верыць. Для звычайнага чалавека вельмі складана зразумець, якая ўнутраная сіла павінна быць, каб чалавек мог існаваць у такіх жудасных варунках. Гэта агульныя словы, але - так, пра Мікалая Статкевіча ў мяне ёсць і даволі асабістыя ўспаміны. Напрыклад, калі горача, я ў рэстарацыі заўсёды замаўляю сумесь 1 траціны белага віна і 2 траціны вады. Гэты рэцэпт падказаў мне менавіта Мікалай Статкевіч, калі я сустрэў яго ў Кіеве 10 гадоў таму. Ён мне сказаў, што, быўшы вайскоўцам, ён разам з калегамі тэставаў, якая вадкасць самая лепшая для гарачых варункаў. І цяпер я заўсёды п'ю «Статкевіч мікс». І перакананы, што гэта найлепшы напой у спякоту.

- Калі спадзеяцеся ўбачыць Мікалая Статкевіча наступным разам?

- Я вельмі схільны думаць, што Лукашэнка выпусціць яго перад сваёй паездкай да Папы Рымскага ў верасні гэтага года або адразу пасля яе. Мы з Мікалаем аднагодкі. Вельмі спадзяюся, што мы адзначым нашае 60-годдзе разам.

- Хто яшчэ з сучасных беларусаў выклікае захапленне ў еўрапейцаў?

- Напраўду, Беларусь вельмі ўнікальная краіна за кошт вялікай колькасці сучасных герояў, якія змагаюцца за правы чалавека. Я добра ведаю Алеся Бяляцкага. Шчыра кажучы, ягоная гісторыя для мяне - гэта сюжэт галівудскага фільма. Алесь змагаецца за чалавечыя правы, дапамагае іншым. Усё гэта адбываецца ў супрацоўніцтве з Еўразвязам, які падзяляе такія ж каштоўнасці і таксама хоча дапамагаць Беларусі. Потым той жа Еўразвяз выдае ўладам Беларусі звесткі аб Алесі Бяляцкім, праваабаронца трапляе ў турму. Затым Еўразвяз змагаецца за тое, каб яго адпусцілі. Фантастыка! Алесь - таксама чалавек нязломны. Я перакананы, што большасць людзей, прайшоўшы ягоны шлях, адмовілася б ад праваабарончай дзейнасці.

- Што вы думаеце пра прэзідэнцкія выбары, якія адбудуцца гэтай увосень? У якой атмасферы яны пройдуць?

- Я так разумею, што Лукашэнка ўжо абвясціў пра свой удзел у выбарах. Для вас выбары будуць выключна фармальнасцю, бо тая палітычная сістэма, якую прэзідэнт Беларусі выбудаваў, папросту не дазваляе празрыстых і справядлівых выбараў. Таму выбары не будуць спаборніцтвам, як гэта павінна быць. З гэтага вынікае, што быць паспяховым апазіцыйным палітыкам у Беларусі цяпер немагчыма. Таму вінаваціць апазіцыйных палітыкаў у тым, што яны нічога не робяць, проста несправядліва. Кожны сусветны палітык, які паспрабаваў бы спаборнічаць з Лукашэнкам ва ўмовах сучаснай Беларусі, саступіць.

- Ці мэтазгодны ўдзел у выбарах вялікай колькасці прадстаўнікоў апазіцыі?

- Мне здаецца, што ўсялякая форма выбараў, байкот або актыўны ўдзел, для беларускіх апазіцыянераў - гэта шэкспіраўская драма. Персанальна я ўпэўнены, што ўдзельнічаць няма сэнсу, бо такім чынам адбываецца легітымізацыя сістэмы. Я не бачу ніводнай прычыны ўдзельнічаць у выбарах. Магчыма, гэтая прычына, якой беларускія апазіцыянеры тлумачаць сваё жаданне ўдзельнічаць, - магчымасць быць заўважанымі, сустракацца з людзьмі. Але з практычнай пункту гледжання - удзельнічаць у выбарах няма сэнсу. Бо перадвыбарчая атмасфера ў Беларусі не дае прасторы для сапраўднага спаборніцтва - ніякага доступу да СМІ, да выбарцаў.

- Ці пашле Славакія назіральнікаў на выбары ў Беларусь?

- Пакуль складана казаць, бо дата толькі што была абвешчаная. Калі АБСЕ будзе назіраць за выбарамі, то вельмі магчыма, што будуць экспэрты і ад Славакіі. Таксама ў нас ёсць некалькі няўрадавых арганізацый, якія заўсёды назіраюць за выбарамі ў постсавецкіх краінах. Але я не думаю, што гэта будзе мець вялікі ўплыў - што мы можам назіраць? Гэта будзе замацаванне пазіцыі аднаго чалавека, а не спаборніцтва.

Павал Дэмеш нарадзіўся ў Славакіі ў 1956 годзе. Пачатковую і сярэднюю школу скончыў у родным горадзе Врабле (Vráble). Пазней вучыўся на факультэце прыродазнаўчых навук у Браціславе. У 1980 годзе скончыў Карлаў універсітэт у Празе. Там жа пазней атрымаў доктарскую ступень. У 1991-1992 гадах Павал Дэмеш быў міністрам міжнародных стасункаў Славацкай Рэспублікі.

У 1993-1996 гадах Дэмеш кіраваў аддзелам замежнай палітыкі ў апараце прэзідэнта Славацкай Рэспублікі. Быў дарадцам прэзідэнта Міхаіла Ковача.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках