Павел Сапелка: Адміністрацыі турмаў і калоній замоўчваюць факты катаванняў
2- 27.06.2015, 10:02
- 8,518
У 1997 годзе Генеральная Асамблея ААН абвясціла 26 чэрвеня Міжнародным днём у падтрымку ахвяр катаванняў.
У гэты дзень міжнародныя і нацыянальныя праваабарончыя арганізацыі нагадваюць у чарговы раз грамадству і дзяржаўным дзеячам, што «ніякія выключныя абставіны, якімі б яны ні былі, будзь то стан вайны або пагроза вайны, унутраная палітычная нестабільнасць ці любое іншае надзвычайнае становішча, не могуць служыць апраўданнем катаванняў», піша сайт ПЦ «Вясна».
Але катаванні прадаўжаюць прымяняцца, пра што сведчаць паказанні саміх ахвяр катаванняў або іх блізкіх. Amnesty International у 2014 годзе запусціла кампанію «Спынім катаванні», каб прыцягнуць увагу да сусветнага крызісу з ужываннем катаванняў.
«У той час, як многія краіны дасягнулі значных поспехаў у барацьбе з катаваннямі, урады ва ўсім свеце дагэтуль ужываюць катаванні для таго, каб атрымліваць інфармацыю, выбіваць прызнальныя паказанні, прымушаць змоўкнуць іншадумцаў або проста як адну з формаў жорсткага пакарання.
157 - колькасць краін ратыфікавалі Канвенцыю ААН супраць катаванняў, і 141 - колькасць краін, у якіх Amnesty зафіксавала за апошнія пяць гадоў прымяненне катаванняў або іншых відаў жорсткага абыходжання. У некаторых краінах гэта рэдкасць, у іншых іх ужываюць пастаянна. Але нават адзінкавыя выпадкі прымянення катаванняў - недапушчальныя», - інфармуе Amnesty International.
У лік краін, дзе ўжываюцца катаванні дагэтуль, можна з лёгкасцю ўключыць і Беларусь. Юрыст Праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка распавёў аб актуальнасці праблемы катаванняў у Беларусі:
«Катаванні - гэта тая праблема, пра якую ніколі нельга забываць. Гэта часта прыхаваная праблема, таму што і адміністрацыі месцаў пазбаўлення волі, і тыя, хто могуць у той ці іншай меры ўжываць катаванні і жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, усімі сіламі імкнуцца замаўчаць гэтыя факты».