14 студзеня 2026, Серада, 2:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Салігорскія даішнікі не змаглі скласці пратакол па-беларуску

20
Салігорскія даішнікі не змаглі скласці пратакол па-беларуску

Увечары 25 чэрвеня жыхар Салігорска Аляксандр Малочка быў спынены за дробнае правапарушэнне падчас руху на сваім аўто супрацоўнікамі ДАІ.

Кантактаваць з дзяржаўнымі чыноўнікамі салігорац пажадаў на беларускай мове, але даішнікі не змаглі нават пратакол аб правапарушэнні скласці па-беларуску, піша ПЦ «Вясна».

- З тым фактам, што шторкі на маім аўто з'яўляюцца парушэннем правілаў дарожнага руху, я абсалютна пагадзіўся. Але я папярэдзіў супрацоўнікаў ДАІ, што буду карыстацца беларускай мовай і запатрабаваў ад іх, як ад дзяржаўных служачых, таго ж. Таксама я запатрабаваў, каб пратакол быў складзены па-беларуску, інакш я не прызнаю факт правапарушэння, - кажа Аляксандр Малочка. - На жаль, адзінае, што я пачуў ад інспектара Сінельнікава, які нават не прадставіўся згодна з правіламі, як таго патрабуе працэдура, гэтае слова «калі ласка». На маё законнае патрабаванне падаць мне перакладчыка вышэйзгаданы супрацоўнік ДАІ ніяк не адрэагаваў і прадаўжаў звяртацца да мяне толькі на рускай мове.

Пасля з'яўлення другога супрацоўніка ДАІ па прозвішчы Вялічка, даішнікі пачалі рабіць відэаздымку працэсу на свой мабільны тэлефон. Тое ж зрабіць Аляксандру Малочку ў службовым аўтамабілі ДАІ было забаронена.

- Калі я перасеў у іх службовы аўтамабіль, то яшчэ некалькі разоў патрабаваў складання пратаколу па-беларуску. Усе мае вусныя запыты і законныя патрабаванні супрацоўнікі ігнаравалі і наогул перасталі падтрымліваць са мной кантакты, так як у службовым аўтамабілі была ўключаная сістэма запісу размовы, - працягвае Аляксандр Малочка. - Пратакол склалі на рускай мове на рускамоўным бланку без патрэбных вусных тлумачэнняў аб маіх правах і абавязках па-беларуску. Уручылі толькі выпіску на рускай мове. Напрыканцы я папярэдзіў іх аб тым, што буду абскарджваць такія незаконныя дзеянні і, што магчыма, мы яшчэ сустрэнемся ў судзе.

Супрацоўнікі ДАІ, перакананы Віктар Малочка, абавязаныя выконваць заканадаўства. І калі грамадзянін патрабуе складання пратаколу на роднай для яго беларускай мове, то гэта павінна выконвацца. Працэсуальна-выканаўчы кодэкс гарантуе асобам, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, права карыстацца роднай мовай ці паслугамі перакладчыка. Калі ж нейкія службовыя асобы ў Рэспубліцы Беларусь не ведаюць і не хочуць ведаць дзяржаўныя мовы, то яны павінны быць адхілены ад выканання сваіх службовых абавязкаў, мяркуе Віктар Малочка.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках