19 красавiка 2024, Пятніца, 12:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Каманда Статкевіча пераканае Лябедзьку зняцца з «выбараў»

60
Зміцер Бандарэнка: Каманда Статкевіча пераканае Лябедзьку зняцца з «выбараў»
ФОТА: UDF.BY

Дэмакратычныя сілы Беларусі як ніколі блізкія да рэалізацыі агульнай стратэгіі.

Пра гэта заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка. Палітык распавёў у інтэрв'ю сайту charter97.org пра мэты байкоту «выбараў» і аб тым, якім чынам беларусы змогуць супрацьстаяць расейскай агрэсіі.

- Вы былі адным з ініцыятараў байкоту «выбараў». Якія галоўныя мэты гэтай кампаніі?

- Галоўная мэта - паказаць усяму свету, што Лукашэнка з'яўляецца ўзурпатарам улады ў Беларусі і не мае падтрымкі насельніцтва. Мы ведаем, што на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года паводле інфармацыі з тых участкаў, дзе былі сумленныя людзі ў камісіях і нават паводле афіцыйных пратаколаў, Андрэй Саннікаў праходзіў у другі тур. На многіх участках у Менску ён проста перамог.

Калі я знаходзіўся ў турме КДБ, у «амерыканцы», у нас забралі тэлевізары, а потым іх прыносілі пяць разоў і прымушалі глядзець усіх «зэкаў» інаўгурацыю дыктатара. Начальнік турмы пытаў: «Ці падабаецца?». Я адказаў: «Супер! Глядзіце: гэты картэж едзе па абсалютна пустому горадзе. На Кастрычніцкай плошчы нікога няма, толькі дывановая дарожка, па якой ідзе Лукашэнка з Колем. Няма ні аднаго чалавека, няма ніякіх крыкаў радасці». Больш нам гэта «кіно» не паказвалі.

Шляхам рэпрэсій Лукашэнку ўдалося ўтрымацца ва ўладзе, але падтрымкі народа ён не мае. Мы павінны шляхам байкоту паказаць усяму свету, што дыктатар - голы.

- Тады, у 2010 годзе, вы былі адным з кіраўнікоў ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Чым сённяшняя сітуацыя адрозніваецца ад таго, што было пяць гадоў таму?

- Тады рэжым пайшоў шляхам заляцання з Захадам, атрымаўшы перад гэтым крэдыт МВФ, які трэба было аддаваць. Была гульня ў пэўную лібералізацыю, вельмі ўмоўную. Акрамя таго, Андрэй Саннікаў і ягоная каманда ставілі выразную мэта - правядзенне Плошчы. І гэта ў самым пачатку было абвешчана галоўнай мэтай выбарчай кампаніі. Плошча павінна была прадэманстраваць імкненне беларускага народа да свабоды, да таго, каб Беларусь стала сябрам Еўрапейскага Звязу. Плошча адбылася, таму што Саннікаў і іншыя кандыдаты ў жывым эфіры заклікалі беларусаў выходзіць на вуліцу пратэставаць супраць фальсіфікацыі выбараў.

Сёння, як мы ведаем, ніхто не ставіць такую задачу, пра гэта нават не гавораць.

Байкот і пустыя ўчасткі ў дзень галасавання сарвуць патугі рэжыму атрымаць міжнароднае прызнанне.

- «Еўрапейская Беларусь» яшчэ паўгода таму заклікала апазіцыю вылучыць палітвязня Мікалая Статкевіча ў якасці адзінага кандыдата ў прэзідэнты.

- «Еўрапейская Беларусь» першапачаткова казала пра тое, што галоўнай мэтай з'яўляецца байкот. Але наша стратэгія не змянілася. Мы застаемся паслядоўнымі і мяркуем, што якраз такі цяпер рэалізуецца наш заклік да таго, каб Мікалай Статкевіч стаў адзіным дэмакратычным кандыдатам. Калі яго не зарэгіструюць у якасці кандыдата ў прэзідэнты, усе павінны падлучыцца да байкоту.

Сёння мы як ніколі блізкія да рэалізацыі адзінай стратэгіі, да рэалізацыі таго, каб Мікалай Статкевіч стаў адзіным дэмакратычным кандыдатам. Сярод тых, хто заявіў пра свой удзел у «выбарах», толькі адзін чалавек мае «бэкграўнд» дэмакрата - гэта Анатоль Лябедзька. Усё астатняе - гэта спробы ўладаў праз падкантрольных псеўдажурналістаў надзімаць мыльныя бурбалкі. Узяла верх мудрасць у Аляксандра Мілінкевіча, які наважыў не ўдзельнічаць у выбарчым фарсе. Заслугоўвае павагі пазіцыя Уладзіміра Някляева, які заклікаў усіх кандыдатаў зняцца з «выбараў».

Я ведаю, што ў ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча ўвайшло больш за 1500 чалавек. Там вельмі шмат аўтарытэтных і паважаных людзей. Думаю, што яны змогуць угаварыць Анатоля Уладзіміравіча Лябедзьку зняцца з «выбараў». Бо ён сам не раз сцвярджаў, што нельга ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, калі ў ёй удзельнічае дыктатар і нават праводзіў кампанію «За выбары без Лукашэнкі».

Стратэгія «адзіны кандыдат дэмсіл Статкевіч альбо байкот» - гэта праява маральнай сілы беларускай апазіцыі.

- Што вы параіце звычайным беларусам, якія падзяляюць стратэгію байкоту? Як яны могуць падтрымаць кампанію?

- Зараз у краіне класічны эканамічны крызіс: масавае беспрацоўе, рост коштаў, збядненне насельніцтва. У гэтых умовах большасць грамадзян Беларусі ў «выбарах» не будуць удзельнічаць, таму што не вераць уладзе і не звязваюць з ёй ніякіх надзей на паляпшэнне. Яны проста не прыйдуць на ўчасткі. Гэта было засведчана ў 2012 годзе, падчас кампаніі так званых «парламенцкіх выбараў» і пазней - на «мясцовых».

Тыя людзі, якія хочуць паважаць сябе і не проста сядзець у засадзе або на канапе, могуць удзельнічаць у дзеяннях байкатавання не толькі выбараў, але і самой улады. Каля мільёна беларусаў маюць доступ да размнажальнай тэхнікі. Прынтэр і ксэракс цяпер абсалютна даступныя рэчы. Зрабіце дзве самыя простыя ўлёткі: «Свабоду Статкевічу» і «Байкот», раздрукуйце кожную па 20 асобнікаў і раскідайце па паштовых скрынях хоць бы ў сваім пад'ездзе. Можна праяўляць сваю пазіцыю ў сацыяльных сетках. Большасць свядомых беларусаў маюць свае старонкі ў іх і могуць сказаць «я на выбары не пайду» або апублікаваць артыкул з незалежнага сайта. Сёння XXI стагоддзе, магчымасцяў прадэманстраваць сваю пазіцыю хапае.

Самае галоўнае - не паддавацца ціску ўладаў. Не змогуць яны пяць-сем мільёнаў грамадзян пагнаць на «выбары», не ў стане, «пупок развяжацца», прабачце за такі выраз.

Калісьці Васіль Быкаў сказаў, што беларусы моцныя ў абароне. Байкот дыктатуры - гэта як раз такая магчымасць праявіць лепшую якасць беларусаў: быць упартым, быць упартым у абароне і не паддавацца ціску, спробам абалваньваць сябе.

- Ці існуе небяспека прызнання «выбараў» краінамі Захаду і легітымізацыі дыктатуры?

- Калі будуць пустыя ўчасткі, калі гэта будзе засведчана, легітымнасці Лукашэнкі не відаць, як сваіх вушэй. Ён не будзе прызнаны ніякім чынам.

Заўсёды інструментамі супраць легітымізацыі дыктатуры была Плошча і байкот. «Палатка» не прызнаецца менавіта таму, што было некалькі паспяховых кампаній байкоту так званых «парламенцкіх выбараў» у Беларусі. Сродкам супраць прызнання легітымнасці на «прэзідэнцкіх выбарах» заўсёды была Плошча. Сёння такім сродкам будзе байкот і пустыя ўчасткі ў дзень галасавання.

- Які вы бачыце стратэгію дзеянняў апазіцыі пасля заканчэння «выбараў»?

- У беларускага супраціву цягам апошніх 20 гадоў было заўсёды дзве асноўныя задачы: барацьба за свабоду ў краіне і барацьба за захаванне незалежнасці Беларусі. Нельга казаць, што адно важней іншага. Мы змагаліся і за свабоду, і за незалежнасць. Сёння пагроза незалежнасці Беларусі рэальная як ніколі. Расейская агрэсія ва Украіне паказала, што Пуцін і ягоны рэжым гатовыя знішчаць незалежнасць краін-суседзяў любымі спосабамі. Мы павінны быць гатовыя да гэтага. Мы павінны ўмець абараняцца. Калі прыйдзе патрэба мы павінны быць гатовыя абараняць незалежнасць краіны любымі спосабамі, у тым ліку і ваеннымі, як патрабуе таго ваенная прысяга кожнага дарослага мужчыны - абараняць свабоду і незалежнасць сваёй краіны са зброяй у руках.

Байкот выбараў - мінімальная трэніроўка для падрыхтоўкі да таго, што чакае нас наперадзе. Адседзецца не ўдасца - планы Пуціна ў агульным агучаны. Гэта «збіранне земляў», аднаўленне імперыі. І ў кнігах расейскіх геапалітыкаў выразна напісана, што Беларусь павінна цалкам увайсці ў склад Расеі. Мы павінны быць гатовыя супраціўляцца. Удзел у кампаніі байкоту сёння - гэта спроба такога супраціву мірнымі, негвалтоўнымі спосабамі.

Не менш важна для нас мець хаўруснікаў, якія падтрымаюць нас у гэтай барацьбе. Мы не павінны забываць, што 2/3 мяжы Беларусі з суседнімі дзяржавамі прыпадаюць на краіны Еўрапейскага Звязу і Украіну, якая хоча стаць часткай ЕЗ. Колькі б Пуцін не ўкладваў у падтрымку лукашэнкаўскага рэжыму, на тых жа выбарах 2010 года за Саннікава і іншых праеўрапейскіх дэмакратычных кандыдатаў прагаласавала большасць насельніцтва. І мы павінны разумець, што сёння не з'яўляемся меншасцю. Мы - большасць.

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках