Надзея Саўчанка папрасіла пра суд прысяжных
4- 2.07.2015, 15:55
- 8,206
Украінская лётчыца і дэпутат Вярхоўнай Рады Надзея Саўчанка звярнулася з хадайніцтвам аб тым, каб яе справа разглядалася судом прысяжных.
Пра гэта расейскай службе BBC распавёў адвакат Марк Фейгін.
Паводле расейскіх законаў справа Надзеі Саўчанкі не можа разглядацца судом прысяжных. У 2013 годзе была прынятая папраўка ў крымінальна-працэсуальны кодэкс, згодна з якой, калі абвінавачанаму не пагражае пажыццёвае пазбаўленне волі, справа падлягае разгляду ў раённым судзе, гэта значыць без прысяжных. Паводле нормаў крымінальнага кодэксу, пажыццёвае пазбаўленне волі не прымяняецца да жанчын, асобаў, маладзейшых за 18 гадоў і старэйшых за 60.
Адвакаты Надзеі Саўчанкі неаднаразова падкрэслівалі, што ўважаюць гэта за гендэрную дыскрымінацыю.
Марк Фейгін тлумачыць, што хадайніцтва патрэбнае для таго, каб пасля звярнуцца ў Канстытуцыйны суд і абскардзіць гэтую, на ягоную думку, несправядлівую норму. "Нам трэба потым і ў ЕСПЧ даказаць, што Саўчанка не толькі не вінаватая, але і была пазбаўленая многіх канстытуцыйных правоў", - растлумачыў Фейгін.
У чацвер Надзея Саўчанка і яе абарона падпісалі дакументы аб сканчэнні працэдуры азнаямлення з матэрыяламі крымінальнай справы.
Надзея Саўчанка, якая служыла ў Добраахвотніцкім батальёне "Айдар", была захопленая ў палон прарасейскімі сепаратыстамі ў Луганскай вобласці мінулым летам і перапраўленая ў Расею. Яна знаходзіцца ў расейскім СІЗА з лета 2014 года. У снежні ўкраінка абвясціла галадоўку на знак пратэсту супраць затрымання. 5 сакавіка адвакаты Саўчанкі паведамілі, што яна наважыла часткова прыпыніць галадоўку, пасля 82 дзён. 11 сакавіка, адвакат украінкі паведаміў, што самаадчуванне ягонай падабароннай пасля частковай адмовы ад галадання не палепшылася. У сваю чаргу Саўчанка прыстрашыла зноў пачаць галадоўку, калі да яе не пусцяць украінскіх лекараў.
Надзея Саўчанка абраная народным дэпутатам Украіны паводле спісаў партыі "Бацькаўшчына". Таксама яна з'яўляецца дэпутатам ПАРЕ.