Славамір Адамовіч: Байкот «выбараў» абудзіць людзей да актыўных дзеянняў
1- 22.07.2015, 14:26
- 21,218
Беларускія нацыянальныя сілы павінны заклікаць зарэгістраваных ЦВК кандыдатаў да адмовы ад удзелу ў «выбарах» і арганізаваць адзіную стратэгію байкоту.
Такое меркаванне ў інтэрв'ю сайту charter97.org выказаў вядомы беларускі паэт і былы палітвязень Славамір Адамовіч.
- Вы ўваходзіце ў ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча, якой у гэты панядзелак ЦВК адмовіў у рэгістрацыі. Якой, на вашу думку, павінна быць стратэгія дэмакратычных сіл Беларусі на гэтым этапе?
- Давайце адразу дамовімся аб тэрміналогіі: з шэрагу прычын я ўжываю словазлучэнне «нацыянальныя сілы».
Дык вось, нацыянальным сілам варта было б прапанаваць выйсці з «выбарчага працэсу» тым персаналіям, якія ўжо зарэгістраваныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй. Зняцца і далучыцца да нацыянальнага байкоту «выбараў», які павінен быць абвешчаны неадкладна.
Далей - у перыяд да 11 кастрычніка стварыць прадстаўнічы орган нацыянальнага самакіравання, які б каардынаваў дзеянні да правядзення рэальных выбараў легітымнай беларускай улады. А кіраўніком такога органа часовага самакіравання, свайго роду Беларускага нацыянальнага кангрэса, я б прапанаваў абраць Мікалая Статкевіча.
Такі паварот падзей стаў бы моцным стратэгічным ходам і рэальна пахіснуў бы існы рэжым «маскоўскага пракуратара». А галоўнае - гэта абудзіла б людзей да актыўных дзеянняў.
Поўнага вызвалення ўсіх палітвязняў - ды і ўсіх нас - можа стаць толькі стварэнне адзінай нацыянальнай палітычнай сілы. Без гэтага многія «рухі цела» апазіцыйных палітыкаў на гэтых «выбарах» будуць толькі пошукамі імгненнай выгады і прафіту.