27 лiстапада 2024, Серада, 10:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пратэст супраць беззаконня АМАПа: футбольныя заўзятары байкатуюць матчы

29
Пратэст супраць беззаконня АМАПа: футбольныя заўзятары байкатуюць матчы

Заўзятары патрабуюць спыніць беззаконне з боку міліцыянтаў і байкатуюць матчы нацыянальнай лігі.

Слова «байкот» асацыюецца з апошнімі палітычнымі кампаніямі ў Беларусі. Спорт - беларуская палітыка маладых. Але праблемы тут тыя ж самыя, паведамляе тэлеканал «Белсат».

Перад футбольным матчам 13-га тура паміж менскім «Дынама» і «Гомелем» супрацоўнікі АМАПу вывелі са стадыёна заўзятара менскага «Дынама» праз тое, што на яго шаліку быў бачны герб "Пагоня". Паводле закону, на матч не дапускаюцца заўзятары з забароненай сімволікай. «Пагоня» ж не з'яўляецца забароненай у Беларусі.

«Апошнія хатнія матчы менскага «Дынама» былі азмрочаныя чарговымі неабгрунтаванымі затрыманнямі заўзятараў і фанатаў, а таксама штрафамі і арыштамі на суткі. Пасля матчу са «Слуцкім» на вачах у футбалістаў і кіраўніцтва клуба трое дынамаўскіх фанатаў былі неабгрунтавана затрыманыя па ўжо «народным» артыкуле 17.1 Кодэкса адміністрацыйных парушэнняў («дробнае хуліганства»). Пасля матчу з «Гомелем» каля стадыёна «Трактар» быў затрыманы фанат са звычайнай татуіроўкай на сваёй руцэ, у выніку чаго паехаў на 10 сутак. У сувязі з гэтым мы, актыўныя фанаты, аб'яўляем байкот фанацкаму сектару як на хатніх, так і на выязных матчах у Беларусі», - паведамляе сайт заўзятараў zum.by.

Фанаты менскага «Дынама» звярнуліся з прапановай падтрымаць байкот як хатніх, так і выязных матчаў клуба да канца 2015 года.

«Вы павінны памятаць і выразна ўсведамляць, у любы момант вы можаце стаць злачынцам і апынуцца «па той бок кратаў», - гаворыцца ў паведамленні. - У заключэнне яшчэ раз хочам звярнуцца да каманды. Хлопцы, мы заўсёды побач з вамі і будзем падтрымліваць вас пры любых абставінах! Выходзячы на кожны матч ведайце, што за вамі стаіць велізарнае войска людзей, якія падтрымліваюць вас, хай і па-за стадыёнам! Мы спадзяемся на ваша разуменне.

Фанаты і заўзятары нашага клуба! Адмоўцеся ад паходу на стадыён, не дайце зрабіць з сябе злачынца! Шукайце камфортныя месцы ў горадзе для сумеснага прагляду матчаў!

Беражыце сябе і сваіх блізкіх».

Цэнтральны абаронца менскага «Дынама» Сяргей Паліцевіч заявіў, што байкот – правільная пастанова.

«У нядзелю мы гулялі кубкавы матч са «Смалявічамі-СТІ». Атмасфера была прыкладна такая, як на трэніроўцы. Людзі не хочуць хадзіць на футбол праз металашукальнікі, іх можна зразумець. Напэўна, байкот - гэта правільнае пастанова», - кажа ён.

Падчас гульні «Слуцк» - «Шахцёр» былі затрыманыя 34 футбольныя фанаты. Пазней на старонцы балельшчыкаў у «Інстаграме» з'явілася паведамленне аб тым, што яны далучаюцца да байкоту хатніх матчаў каманды.

«У сувязі з апошнімі падзеямі была прынятая сумесная пастанова - не хадзіць на хатнія гульні. Няхай наш другі дом будзе пуставаць і зачынены для нас цяпер, але рана ці позна мы прыйдзем! Каманда не застанецца без падтрымкі на выязных матчах!» - гаворыцца ў ім.

Фанаты наваполацкага «Нафтана» таксама прынялі пастанову адмовіцца ад наведвання хатніх матчаў каманды на нявызначаны тэрмін. Звязана гэта з неадэкватнымі паводзінамі міліцыі на ўсіх хатніх матчах, ператрусамі ў актыўных фанатаў і неабгрунтаванымі затрыманнямі. Пры гэтым, заўзятары абяцаюць падтрымаць каманду на выязных матчах.

«На гэты момант сітуацыю на фан-сектарах змяніць нерэальна, таму і байкатуем, праблема вырашыцца ў сярэдзіне кастрычніка - пасля выбараў, потым і мы вернемся. Спадзяемся, што знікне неабгрунтаваны прэсінг», - кажа прадстаўнік заўзятараў «Нафтана».

З ягоных слоў, сітуацыю не зменіць і тое, што замест міліцыянтаў на трыбуны будуць пускаць сцюарды.

«На маю думку ўвесь кантроль усё роўна будзе ажыццяўляцца праз праваахоўныя органы, сцюарды нічога не зменяць. На «Барысаў-Арэне», здаецца, сцюарды, а міліцыі ўсё роўна поўна», - мяркуе ён.

Віцебскія фанаты байкатуюць хатнія гульні сваёй каманды праз тую ж прычыну - міліцэйскае свавольства. Да байкоту далучыліся фанаты светлагорскага ФК «Хімік».

Тым часам чэмпіянат Беларусі ў футболе ўсталёўвае антырэкорды наведвальнасці. У сярэднім кожны матч 14-га тура наведалі 1457 гледачоў. А на гульню «Нафтан» - «Менск» прыйшло ўсяго 350 аматараў футбола.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках