3 траўня 2024, Пятніца, 17:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вярхоўны суд адмовіўся разглядаць скаргу на адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча

27
Вярхоўны суд адмовіўся разглядаць скаргу на адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча
ФОТА: SVABODA.ORG

Вярхоўны суд Беларусі адмовіўся разглядаць скаргу на адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў вылучэнні Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты.

Пра гэта паведаміла БелаПАН жонка палітыка Марына Адамовіч, якая з'яўляецца кіраўніцай ініцыятыўнай групы.

24 ліпеня яна размаўляла праз тэлефон з памочнікам суддзі Валянціны Кулік. «Памочнік мне паведаміў, што будзе накіраваны ліст з адмовай, з якога я ўсё даведаюся, але мне ўдалося дамагчыся ад яго інфармацыі, што скарга разглядацца не будзе», - сказала Адамовіч.

Яна адзначыла, што да атрымання афіцыйнага адказу не можа паведаміць, паводле якіх прычын адмоўлена ў разглядзе скаргі. «Магу толькі здагадвацца, чаму адмоўлена. Думаю, што выкарыстоўваецца ўсякая магчымасць, каб не даць трыбуну мне і ўсім, хто пагадзіўся ўвайсці ў ініцыятыўную групу Мікалая», - сказала Адамовіч.

Нагадаем, Цэнтрвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Статкевіча на пасяджэнні 20 ліпеня. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, каментуючы пастанову ЦВК, сказаў: «Я думаю, што група Статкевіча добра разумее, што ніякіх юрыдычных прэтэнзій з іх боку няма і быць не можа. Але я разумею, што гэта палітычны рух, і палітычны рух не заўсёды кіруецца законам. Яны праштурхоўваюць, прасоўваюць сваю палітычную ідэю, для іх гэта важней, чым самі выбары. Яны ведаюць, што мы паступілі ў поўнай адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам».

22 ліпеня Адамовіч падала скаргу ў Вярхоўны суд. Яна паведаміла, што пастанова аб абскарджанні дзеянняў Цэнтрвыбаркама ёю было прынятая яшчэ падчас пасяджэння ЦВК. «Мы мяркуем, і думаю, што абгрунтавана мяркуем, што не рэгістрацыяй ініцыятыўнай групы парушаныя правы 1.700 грамадзян, якія ўваходзяць у склад ініцыятыўнай групы», - сказала жонка палітыка.

Мікалай Статкевіч - кандыдат у прэзідэнты на мінулых выбарах, асуджаны ў траўні 2011 года на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года. Ён павінен выйсці на волю ў снежні 2016 года. Міжнародныя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зняволеным.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках