1 сакавiка 2024, Пятніца, 1:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Берасцейскі абласны суд не задаволіў скаргу палітвязня Юрыя Рубцова

6
Берасцейскі абласны суд не задаволіў скаргу палітвязня Юрыя Рубцова
Юры Рубцоў
ФОТА: «Радыё Свабода»

Калегія абласнога суда ў Берасці разгледзела касацыйную скаргу актывіста Юрыя Рубцова.

Палітвязень прасіў суд скасаваць прысуд Пружанскага раённага суда, згодна з якім яго прызналі вінаватым ва ўхіленні ад адбыцця «хіміі» і асудзілі на 2 гады калоніі.

«Скаргу выслухалі, нібыта вывучылі ўсе аргументы абароны, але пакінулі без задавальнення. Самога Рубцова ў суд не прывозілі. Падтрымаць яго прыходзілі мясцовыя прафсаюзныя актывісты», - паведаміла абаронца Юрыя Рубцова карэспандэнту «Радыё Свабода».

Адмова ў задавальненні скаргі азначае, што прысуд у дачыненні да Юрыя Рубцова ўвайшоў у дзеянне. Больш за 2 месяцы «хіміка» Рубцова ўтрымліваюць у следчым ізалятары ў Баранавічах. Куды яго адправяць адбываць новае пакаранне?

«Гэта пакуль невядома. Калоній агульнага рэжыму ў краіне хапае, могуць адправіць куды заўгодна. Сваякі Юрыя маюць права напісаць заяву ў Дэпартамент выканання пакаранняў МУС з прапановай канкрэтнай калоніі, часам такія заявы ўлічваюцца, але наперад сказаць немагчыма», - сказала адвакат.

Пакуль адвакату невядома, ці будзе Юры Рубцоў далей абскарджваць прысуд Пружанскага раённага суда. «З Берасця еду ў Баранавічы, дзе, спадзяюся, змагу з ім сустрэцца. Там усё высветлю», - паведаміла абаронца.

Паводле звестак, пасля апошняй сустрэчы Юрыя Рубцова з адвакатам, якая адбылася ў пачатку ліпеня ў баранавіцкім следчым ізалятары, палітвязень трымаў галадоўку пратэсту супраць абыходжання з ім як са злачынцам. У следчым ізалятары звесткі пра галадоўку Рубцова не пацвярджаюць.

У канцы 2014 года актывіст з Гомеля Юры Рубцоў трапіў на 1,5 года на «хімію», назваўшы «падонкам» суддзю, які пасля Чарнобыльскага шэсця судзіў яго напаўголым. Напярэдадні Рубцова затрымалі міліцыянты і сарвалі з яго цішотку з надпісам «Лукашэнка, сыходзь». На «хіміі» ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна Юры Рубцоў зрабіў на грудзях тату з такім жа надпісам. «Хімік» Рубцоў патрабаваў працы, якая б адпавядала заяўленаму Аляксандрам Лукашэнкам сярэдняму заробку па краіне ў 500 даляраў, але такой працы ў Пружанскім раёне для Юрыя Рубцова не знайшлі. За адмову выходзіць на працу з нізкім заробкам міліцыянты завялі на актывіста крымінальную справу паводле артыкула аб ухіленні ад адбыцця пакарання. Суд Пружанскага раёна прызнаў Юрыя Рубцова вінаватым паводле гэтага артыкула.

Апазіцыя і праваабаронцы ў Беларусі, а таксама за мяжой прызналі Юрыя Рубцова палітвязням і патрабуюць ягонага вызвалення.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках