За прапанову каранаваць Лукашэнку - штраф 4,5 мільёна
33- 27.07.2015, 18:56
- 29,768
Мікалай Лусто, які праводзіў адзіночны пікет каля будынка Цэнтрвыбаркама ў Менску, атрымаў штраф 25 базавых адзінак.
Суд Маскоўскага раёна Менска прызнаў актывіста грамадскага аб'яднання «Альтэрнатыва» і сябра партыі БНФ Мікалая Лусто вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце і пакараў штрафам 25 базавых адзінак, паведамляе «Радыё Свабода».
![](https://i.c97.org/p/galleries/2015/gi-13975-66484-big.jpg)
Прысуд вынесла суддзя Таццяна Матыль.
Мікалай Лусто прызнаў віну часткова. Актывіст не адмаўляў, што выйшаў на адзіночны пікет, але кажа, што кіраваўся Канстытуцыяй, якая гарантуе свабоду выказвання меркаванняў і права на мірныя сходы.
Суд улічыў, што ў Мікалая Лусто абодва бацькі інваліды. Ягоны бацька трапіў у лякарню, маці засталася адна, а яна з цяжкасцю перасоўваецца па кватэры. Суд даў магчымасць сябрам Лусто, прысутным на працэсе, з'ездзіць да ягоных бацькоў і прывезці ў суд дакументы, якія пацвярджаюць інваліднасць.
Трымалі Мікалая Лусто асобна ад іншых затрыманых. Яго ахоўвалі АМАПаўцы ў цывільным. Журналістам мець стасункі з ім не давалі.
24 ліпеня ў Менску каля будынка Цэнтрвыбаркама быў затрыманы актывіст грамадскага аб'яднання «Альтэрнатыва» Мікалай Лусто, які праводзіў адзіночны пікет. У руках актывіст трымаў плакат «Навошта выбіраць? Трэба каранаваць! Не - выбарам!». Са слоў сведак, акцыя працягвалася менш за хвіліну. Да актывіста адразу падышоў ахоўнік і адвёў яго ў будынак ЦВК.