Палітвязню Юрыю Рубцову - 54 гады
10- 29.07.2015, 15:01
- 21,070
Юрыю Рубцову, нядаўна асуджанаму да двух гадоў зняволення, сёння споўнілася 54 гады.
Свой дзень нараджэння ён сустрэў у следчым ізалятары Баранавічаў.
Юры Рубцоў нарадзіўся 29 ліпеня 1961 г у горадзе Гомлі. Жанаты.
Падчас акцыі «Чарнобыльскі шлях-2014» у Менску 26 красавіка звярнуў на сябе ўвагу яркай цішоткай з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!». Пасля акцыі быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.
28 красавіка 2014 г яго прывезлі ў суд Савецкага раёна г. Менска для разгляду адміністрацыйных пратаколаў паводле артыкулаў 17.1 КаАП («дробнае хуліганства») і 23.4 («непадпарадкаванне законным патрабаванням службовых асобаў»). Пры гэтым яшчэ пасля затрымання з Юрыя знялі футболку, цэлы дзень трымалі ў судзе з голым торсам, у такім выглядзе яго прывялі і да суддзі Кірылы Палулеха, пры гэтым амаль нікога не пусцілі на разгляд адміністрацыйнай справы. У якасці рэакцыі на гэтую сітуацыю Юрый выказаў сваю ацэнку, назваўшы такія судовыя працэсы «судзілішчам», а суддзяў, які выносяць незаконныя судовыя пастановы, «падонкамі». У выніку ён атрымаў максімальны тэрмін адміністрацыйнага арышту 25 дзён (цягам якіх трымаў галадоўку ў ЦІПе), а затым была распачатая крымінальная справа паводле артыкула 391 Крымінальнага кодэкса («Знявага суддзі або народнага засядацеля»).
6 кастрычніка 2014 Юры Рубцоў быў асуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 1 году 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» і РГА «Беларускі Хельсінскі камітэт» у супольнай заяве патрабуюць вызвалення Юрыя Рубцова і перагляду справы ў адпаведнасці з прынцыпамі справядлівага судовага разбору.
22 снежня 2014 г накіраваны для адбыцця пакарання ў вёску Куплін Пружанскага раёна.
Новая крымінальная справа на Юрыя была заведзеная 18 сакавіка 2015 года паводле артыкула 415 КК «ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі». Пад варту яго ўзялі 6 красавіка, з 13 красавіка этапавалі ў следчы ізалятар г. Баранавічаў. Суд Пружанскага раёна прызнаў Юрыя Рубцова вінаватым паводле гэтага артыкула і прысудзіў яго да двух гадоў зняволення.
Апазіцыя і праваабаронцы ў Беларусі, а таксама за мяжой прызналі гомельскага актывіста палітвязням і патрабуюць яго вызваліць.