Амапаўцы забаранілі дзяўчатам на Кастрычніцкай плошчы дарыць кветкі
24- 1.08.2015, 17:01
- 18,728
Удзень 1 жніўня на Кастрычніцкай плошчы прайшоў «флэшмоб жаноцкасці».
Прыгожыя і прыбраныя дзяўчаты дарылі кветкі незнаёмым жанчынам. Са слоў арганізатараў, такім чынам яны хацелі нагадаць юным і пажылым жыхаркам Менска, што беларускі выдатныя. Акцыю спыніў АМАП: дзяўчат папрасілі спыніць дарыць кветкі і разысціся.
Як распавёў фотакарэспандэнт tut.by, праз некалькі хвілін пасля пачатку флэш-мобу да Кастрычніцкай плошчы пад'ехаў мікрааўтобус з супрацоўнікамі АМАПу і некалькі праваахоўнікаў у цывільным пачалі здымаць тое, што адбываецца. Ва ўдзельніц акцыі ўдакладнілі, з якой мэтай яны адорваюць кветкамі незнаёмых жанчын, а затым папрасілі згарнуць мерапрыемства і разысціся.
«Задача супрацоўнікаў міліцыі і палягае ў тым, каб сачыць за парадкам у горадзе. Таму цікавасць супрацоўнікаў міліцыі да гэтай акцыі заканамерная. Наколькі мне вядома, пасля непрацяглай гутаркі з удзельнікамі акцыі і ўдакладнення дэталяў міліцыянты прэтэнзій да іх не мелі. Яны не затрымліваліся, не дастаўляліся ў органы ўнутраных спраў», - распавёў прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.