15 красавiка 2024, панядзелак, 18:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падазраваны ў справе аб графіці: Білі па рэбрах, твару, нагах

34
Падазраваны ў справе аб графіці: Білі па рэбрах, твару, нагах
Ярослав Ульяненков

Новыя падрабязнасці арыштаў за графіці на беларускай мове ў Менску.

Яраславу Ульяненкаву 32 гады, ён мянчук. Зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік, працуе ў харчовай галіне. Вучыўся ў Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва. Цікавіцца гісторыяй, лёгка размаўляе па-беларуску. Неўзабаве ў яго і ягонай грамадзянскай жонкі народзіцца дзіця, піша «Наша нiва».

Яраслаў - падазраваны ў крымінальнай справе за нанясенне патрыятычных графіці, што «груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства». На графіці напісаныя словы «Беларусь мае быць беларускай».

11 жніўня а 18:50 у кватэру Яраслава на Каменнай Горцы сталі стукацца невядомыя. Ён распавёў, што адбывалася далей.

«Крычалі, што міліцыя, адкрывайце. Я быў у ваннай, хацеў папярэдзіць родных, але не паспеў, таму што дзверы ўжо выламалі. Прычым выбілі так прафесійна, што дзверы ўсё яшчэ спраўна служаць.

Гэта былі людзі ў масках, з пісталетамі. Іх было чалавек 5-6. Скруцілі мяне, пачалі крычаць: «Тварам на падлогу, рукі за спіну. Надзелі кайданкі, сталі біць.

Білі па рэбрах, у твар, па нагах. Калі я ляжаў, сталі павучаць: «Ты што, самы разумны? Чаму не адмыкаў, калі табе тэлефанавалі? Хочаш у дрэннага хлопчыка пагуляць, а мы любім дрэнных хлопчыкаў. Яшчэ некалькі разоў ударылі. Гэта доўжылася хвілін дзесяць.

Я не разумеў, што гэта такое, з чым звязана. Прасіў растлумачыць. «Ты што не разумееш, думаеш, усё гэта проста так», - крычалі яны. Ніякага адэкватнага тлумачэння мне не далі. Затрымлівалі як якога-небудзь наркабарона.

Ёсць інфармацыя, што аднаго з хлопцаў, не ведаю, каго дакладна, затрымлівалі праз акно, заляталі з даху па тросе.

Нарэшце, «маскі-шоу» выйшлі, увайшлі следчыя. Калі мяне збівалі, то панятых не было, яны ўжо з'явіліся пазней. Панятымі былі суседзі.

Я быў адзін дома, мая цяжарная жонка цяпер у Магілёве, яна наважыла нараджаць там. Я ж тут працую і езджу да яе.

Пачаўся ператрус у доме. Панятыя заўсёды былі ў пакоі са мной, хоць міліцыянты хадзілі па кватэры. У выніку патапталіся па фотаздымках, кнігах, бялізне, на якой я сплю. Поўная знявага да асобы.

Я займаюся дызайнам, так забралі нават старую нявыкарыстаную фарбу. Забралі пяць пар абутку, ноўтбук, сістэмны блок, знешні жорсткі дыск, тэлефон. Сказалі, апранайся, едзем з намі. Ператрус праводзілі супрацоўнік ГУБАЗіК МУС. Няясна, прычым арганізаваная злачыннасць і карупцыя да графіці?

У выніку мяне прывезлі па адрасе вуліца Сапёраў, 7. Там падышоў чалавек - Ігар Паўлавіч, - які пачаў на мяне ціснуць. «Думаеш, самы разумны? За цябе ніхто не падпісваецца. Давай нармальна паказанні». Мяне збілі некалькі хвілін таму, а зараз хочуць, каб я паказанні даваў! У мяне шок, цела баліць, усё баліць. Ён хацеў, каб я сказаў, маўляў, гэты хлопец мяне паклікаў рабіць тое, а я адмовіўся, а той хлопец паклікаў іншае рабіць, а я таксама адмовіўся. Карацей, хацелі, каб здаў хлопцаў.

На наступны дзень прыехалі на кватэру маіх бацькоў. Правялі там ператрус.

Дзяржаўны адвакатка - што яна была, што яе не было. Хі-хі, ха-ха, больш фліртавала з сілавікамі. Ніякай дапамогі не было.

Да мяне зноў падышоў Ігар Паўлавіч, які прапанаваў выйсці, пагаварыць. Ён пачаў ціснуць на мяне цяжарнай жонкай, адкуль ужо ведалі. «У цябе жонка вось-вось народзіць, а ты тут абы чым займаешся, едзь да яе ў Магілёў», - кажа. Калі пагодзішся супрацоўнічаць, то паедзеш дадому. Ты мне - я табе.

Потым я пайшоў на афіцыйны допыт. Я пацвердзіў, што размовы аб графіці сапраўды былі, але не памятаю, хто мне прапаноўваў туды ехаць, сто гадоў таму было. Сказаў, што адмовіўся ехаць, бо жонка цяжарная. Пыталіся, прапаноўвалі яшчэ ў чымсьці ўдзельнічаць. На тым мяне адпусцілі.

Сёння на новым допыце быў новы адвакат, якога знайшла мая жонка праз праваабаронцаў. Зараз справа раскручваецца. Нічога новага я ім не сказаў.

У мяне статус падазраванага і пад падпіскай аб нявыездзе. На гэты момант арыштаваныя тры хлопца - Слава, Вадзім і Максім. Гэта ўсё нармальныя, здаровыя хлопцы. Ніякія яны не радыкалы».

Яраслаў кажа, што ні да палітычных партыяў, ні да моладзевых арганізацый не датычны. Роўна як і не мае дачынення ні да анархістаў, ні да футбольных фанатаў.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках