Дамскі «Сталін»
24- 19.08.2015, 8:10
- 35,813
Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі Андрэя Саннікава «Беларуская Амерыканка ці выбары пры дыктатуры».
Пачатак публікацый тут.
- Гаварыў ён ціхім голасам. Гэткія звычаі былі ў партыйных функцыянераў савецкага часу. Такім чынам яны падвышалі сваю значнасць, прымушаючы суразмоўцу мімаволі напружваць слых, каб зразумець аднастайнае мармытанне якога-небудзь надзьмутага індыка. Зайцаў гаварыў ціха. Словы ягоныя блыталіся ў вусах. Глядзеў найчасцей у стол. Толькі зрэдку дазваляў сабе кінуць у мой бок позірк, які напэўна ж падаваўся яму неверагодна пранізлівым. Паліў бесперапынна. Вось толькі тут у яго выйшла недаравальная прамашка. Не мог Сталін дазволіць сабе тонкія дамскія цыгарэткі.
Я і не здагадаўся б напэўна, што мяне гэтым разам прывялі да старшшыні КДБ, калі б напярэдадні ў камеру не падкінулі паслужліва газетку з фотаздымкамі усіх функцыянераў лукашэнкаўскага ўраду. Да таго мне нават і ў галаву не прыходзіла пацікавіцца, а як жа выглядае той ці іншы ягоны “міністр”. А гэтую газетку я прагледзеў і таму таварыша Зайцава пазнаў. Інакш меркаваў бы, што гэта нейкі чарговы гэбэшнік, хіба толькі рангам вышэй.
Мой прывод да Зайцава таксама быў вытрыманы ў лепшых сталінскіх традыцыях. З камеры мяне вывелі 31 снежня незадоўга да адбою. Камера наша рыхтавалася да сустрэчы Новага году. Здолелі прыгатаваць нават “селядца пад футрам” – і таго іржавага турэмнага селядца, і буракі, і цыбулю нам часам давалі на вячэру. У вакенцы перад кратамі стаяла нават маленькая ялінка з перакуленай вінаграднай галінкі, на якой зіхацелі самаробныя цацкі з цыгарэтнай фольгі. Незадоўга да Зайцава мяне вадзілі і да Арлова. І там я нават не папрасіў, а хутчэй паставіў яго перад фактам, што мы збіраемся сустракаць Новы год. Арлоў паспяшаўся ўзгадаць пра тутэйшы рэжым, але неяк не надта пераканаўча. Я зразумеў, што забараняць нейкія рухі адразу пасля адбою ў гэтую ноч не будуць.
Пасля з’яўлення ў “Амерыканцы” вялікай групы затрыманых 19 снежня, недзе праз пару дзён, адключылі знешнюю антэну. У тых камерах, дзе былі тэлевізары, сігнал ішоў цяпер вельмі слабы, аднак, хоць і з вялікай цяжкасцю, тое-сёе мы зразумець маглі. Хоць і не надта вялікі, а ўсё ж дысананс у надта ўжо зладжанай турэмнай рэчаіснасці. Антэну адключылі, па гэбэшнай завядзёнцы схлусіўшы, нібыта ў іх там штосьці зламалася. Насельніцтва “Амерыканкі” засталося не толькі без тэлевідовішчаў ды аднабокіх навін, але і без гадзінніка, карыстацца якім у камерах было забаронена.
А я заслужыў нават шчырую павагу сукамернікаў, падказаўшы спосаб, які дапамог вярнуць жыццё згасаючаму тэлевізару. Антэну мы зрабілі з акуляраў у жалезнай аправе. У суседа былі запасныя. Знялі з дужак пластыкавыя наканечнікі, металічную дужку аправы ўваткнулі ў гняздо. І сігнал сапраўды пачаў прабівацца. Тады ўжо мы ўдасканалілі нашу “антэну”, дадаўшы да яе канца звычайную “шлёмку” – жалезную турэмную міску. Павярнуўшы яе ў пэўным напрамку, можна было ўжо дамагчыся даволі выразнага сігналу. Наша “антэна” лавіла нават больш каналаў, чым стацыянарная.
Стол ужо гатовы. Тэлевізар працуе. Нават у душ адвялі. Заставалася хіба толькі дачакацца поўначы ды сустрэць Новы, 2011 год. Але тут мяне раптам выцягваюць з камеры і, не сказаўшы нічога, вядуць няведама куды. Ніякіх паказанняў я не даваў, а таму падобна на тое, што вядуць не да следчага. Вывелі з турмы, скіраваліся ў будынак КЛБ. А ў такім разе – усё ж няйначай да следчага. Іду з цяжкасцю, баліць перабітая нага. Выйшлі на той паверх, дзе месцяцца кабінеты следчых. Праводзяць па доўгаму калідору, збочылі ў такі своеасаблівы апендыкс. І вось – кабінет. Там нікога няма. Звычайны гэбэшны кабінет. Бачна толькі, што на адну асобу. Усё зразумела – начальніцкі. Памяць выкрэсліла дашчэнту абрысы таго пакою. Хаця памятаю, што разглядаў, але ніякай увагі той хвіліне чакання, відаць, тады не надаў. Прапанавалі сесці. З вялікай цяжкасцю неяк прымасціўся каля сцяны. Канваір стаіць побач. Уваходзіць вусаты начальнік – той самы Зайцаў. Патрабуе перасесці да стала і адпускае канваіра.
Прапануе каву. Не адмаўляюся, бо спадзяюся, што для начальства павінны ж прыгатаваць неблага. Памыліўся глыбока. Гэткае ж дзярмо, як і сама ўстанова.
Зайцаў пачаў гаварыць, і я спачатку нават не паверыў сваім вушам. Палілося такое саўковае глупства, якое дазвалялі сабе хіба што прымітыўныя прапагандысцкія фільмы. Цяжка было нават паверыць, што гэта рэальнасць. А вось партыйна-сталінская манера гаварыць ледзь чутна, тут была вельмі дарэчы – усё можна прапускаць міма вушэй. Нічога важнага для мяне, для нашага далейшага жыцця побач з карнікамі, у словавывяржэннях Зайцава не было і быць не магло.
Шпіянаж… замежныя агенты… дзяржаўны пераварот… тэрарызм… мільёны даляраў… Гусінскі… Беразоўскі… выбухоўка… баевікі… зброя… ужо ўсе прызналіся… з турмы можна і не выйсці… чыстасардэчнае прызнанне… падумайце пра сям’ю… нам усё вядома… мільёны даляраў… здрада радзіме… хто кіруе…
Часам Зайцаў выклікаў замілаванне і нават агаломшваў неверагодным палётам гэбэшнай думкі.
- А ведаеце, што ўсім шпіёнам і агентам тут трэба? Якая ў іх мэта?
- Можа, замахнуліся на бяспеку? – выказаў я меркаванне, маючы на ўвазе тую акалічнасць, што перада мной – галоўны адказны за тутэйшую бяспеку. Аднак Зайцаў рашуча адмёў усе магчымыя меркаванні як неістотныя і выдаў толькі яму вядомую таямніцу:
- Іх мэта – наш народ! Вось дзе наша галоўнае багацце і наш сакрэт.
- ?..
Вываліўшы перада мной усю гэтую ахінею, Зайцаў у нейкі момонт страціў кантроль над сабой, забыўшыся, што гаварыць павінен голасам ціхім і пераканаўчым. Калі я, запярэчыўшы, сказаў, што “гэта мой горад і мая краіна”, ён сарваўся на крык. “Зашмат сабе дазваляеце! – лемантаваў начальнік гэбістаў. - Ды хто вы такі, хто вам даў права?” І гэта яшчэ можна было зразумець: ён жа – тыповая набрыдзь, як і большасць нашых катаў.
Падканвойная сустрэча нарэшце скончылася. Мяне прывялі ў камеру, дзе дзве “наседки” – назавём іх “жывёла” і “мент” – прадоўжылі маю ідэйную апрацоўку. Яны прыводзілі ў якасці прыкладу імёны як найменей трох былых сукамернікаў з ліку арыштаваных за Плошчу, якія паводзілі сябе “больш разумна”, пісалі Лукашэнку, а з Зайцавым размаўлялі нашмат даўжэй і больш памяркоўна, а таму ўжо недзе на волі або ў хуткім часе павінны выйсці. Не цяжка было зразумець, чаму я апынуўся менавіта ў гэтай камеры. Няйначай у іх былі найлепшыя паказчыкі па перавыхаванню.
Тым не менш Новы год мы сустрэлі з елкай, селядцом “пад футрам” ды расійска-беларускай папсой у тэлевізары. Усё, як належыць.
Наступная прымусовая размова з Зайцавым адбылася 16 студзеня. Да гэтай “падзеі” мяне рыхтавалі старанна. Кожны дзень з пашкоджанай нагой ганялі па крутой лесвіцы ўверх-уніз. Вядома, з усімі асабістымі рэчамі, у тым ліку і з матрацам. Гэты надгляд, а дакладней татальны вобыск, адбываўся ў бетонным падвальным памяшканні. Прымушалі распранацца, голым ставілі да сцяны ў жудасны холад. З нейкай д’ябальскай асалодай раскідвалі ўсе рэчы па падлозе. Ды яшчэ прымушалі прысядаць на балючую нагу. А то раптам пачыналі імітаваць паспешлівы перавод у іншую камеру. Людзі ў масках цішком моцна білі па нагах, падносілі да вуха электрашокер, а калі я скіроўваўся па іх камандзе ў сутарэнні, лупілі дубінкамі па жалезнай лесвіцы. Выводзячы з камеры, да болю сціскалі рукі кайданкамі, учынялі “ласточку”, падымаючы скаваныя за спіной рукі да такой ступені, што трашчалі суставы.
А пасля вяртання ў тую камеру пачыналіся істэрычныя маналогі “жывёлы” – гэта ж з-за мяне пакутуюць людзі. Крыху пазней далучаўся “мент”, які пераконваў, што ніякага выйсця няма і ўжо надышоў час даваць паказанні.
Падчас другой размовы, якая адбылася 16 студзеня 2011 года, Зайцаў выглядаў яшчэ больш агідна. Патрабаваў прызнанняў, прыкметна нерваваўся, нават зрываўся на гнеўныя тырады на мой адрас, забыўшыся пра сваю “сталінскую” маску. Было падобна на тое, што ўжо запатрабавалі канкрэтных вынікаў “раскрыцця змовы”, а дасягненні ў гэбістаў мізэрныя.
Зайцаў пагражаў маёй жонцы і сыну. Ягоны выкрык пра тое, што ў дачыненні да іх будуць выкарыстаныя самыя жорсткія меры, нельга было пакінуць па-за ўвагай. Так, для іх усё гэта зусім не цяжка, калі Іра тут побач, у камеры “Амерыканкі”. А Даньку яны ўвогуле збіраліся здаць у дзіцячы прытулак. Але цяпер было зразумела, што Зайцаў пагражае фізічнай расправай. На маё мімавольнае пытанне “ды як жа вы можаце?” ён толькі прашыпеў у адказ штосьці падобнае: “А хопіць цырымоніцца!” Цяжка было нават уявіць, што міністр, ды яшчэ генерал, можа вось так адкрыта і бессаромна пагражаць забойствам жанчыны і малога дзіцяці.
З неверагоднай цяжкасцю вытрымаў я другую сустрэчу са старшынём КДБ, разумеючы, што наступнай будзе мне ўжо занадта. І сарвуся тады канчаткова. Але на шчасце трэцяй сустрэчы не было.
Нягледзячы на пагрозлівы тон тых размоваў, Зайцаў два разы “пракалоўся”. Першы раз, калі ён спытаў, а што азначае лозунг маёй кампаніі – “Пора менять лысую резину!” Прамовіўшы ўсё гэта, ён не вытрымаў і засмяяўся. Але адразу спахапіўся і палахліва закашляўся. Ён добра ведаў, што і галоўнага гэбіста таксама падслухоўваюць. А магчыма, і на камеру здымаюць размову.
Другі “пракол” быў істотны: ён паведаміў мне, што неабходную колькасць подпісаў сабралі толькі два кандыдаты. Пазней я нават спрабаваў выклікаць яго ў суд у якасці сведкі, каб і там усё гэта пацвердзіў. Вядома ж, ён не з’явіўся. А калі б і прыйшоў, то вядома ж, адмовіўся б ад сваіх слоў. Але ж так атрымалася, што ўпэўнены ў непахіснасці рэжыму і сваёй беспакаранасці Зайцаў прызнаўся мне, што ўлады выбары сфальсіфікавалі.
З 10 кандыдатаў у прэзідэнты неабходныя 100 000 подпісаў сабралі толькі двое. Мяркую, што Зайцаў проста вынес “за дужкі” Лукашэнку. І размова ішла толькі пра двух апазіцыйных кандыдатаў. Аднак наўрад ці ён памыліўся б, калі б гаварыў пра ўсіх кандыдатаў. Патрэбную колькасць подпісаў без аніякага махлярства Лукашэнка сабраць не змог бы.
Цяжка нават уявіць сабе больш абсурдную сітуацыю: старшыня КДБ прызнаецца ў фальсіфікацыі выбараў у размове з кандыдатам у прэзідэнты, якога абвінавачваюць у арганізацыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў.
Прызнанне Зайцава было непрыхавана нахабным. Фактычна ён прызнаўся ў тым, што ўлады, для якіх быў відавочным пройгрыш дыктатара, цынічна маніпулявалі выбарчымі працэсамі, жорстка падавілі мірную дэманстрацыю, якая пратэставала супраць гэтых маніпуляцый. А потым яшчэ кінулі ў турмы мноства людзей толькі за тое, што яны фальсіфікацый гэтых не ўспрымалі.
Пряцяг будзе