Васіль Шлындзікаў: Сапраўдны крызіс у Беларусі - яшчэ наперадзе
16- 20.08.2015, 11:06
- 37,074
Кіраўніцтва прывязала эканоміку да Расеі - і атрымала сумны вынік.
Беларусь знаходзіцца толькі на пачатку эканамічнага крызісу, і гэта вынікі эканамічнай палітыкі, якая праводзілася апошнія два дзесяцігоддзі. Пра гэта ў інтэрв'ю «Радыё Рацыя» распавёў былы генеральны дырэктар аб'яднання «Амкадор», сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Васіль Шлындзікаў.
«У Беларусі захаваная савецкая прамысловасць. Нічога не было зроблена па яе рэфармаванню і адаптацыі да рынкавых умоў. Наадварот, тыя людзі, кіраўнікі, якія спрабавалі рабіць рэформы, хутка пашкадавалі пра гэта», - сцвярджае экспэрт.
«Мы прывязалі сваю эканоміку да эканомікі Расеі - і атрымалі вынік. Вынік такі, што гэта толькі пачатак крызісных праяў. Усё ў нас наперадзе. Мяркуючы па тым, як паводзіць сябе кіраўніцтва Расеі ў дачыненні да Украіны, у дачыненні да Заходняга свету, чакаць зняцця санкцый - не варта. Хутчэй можна чакаць узмацнення санкцый, так як канфлікт у Данбасе не згасае і мае тэндэнцыі да ўзмацнення. А гэта значыць, працэсы збяднення ў Расеі і шчыльна звязанай з ёй Беларусі прадоўжацца», - прагназуе Васіль Шлындзікаў.