27 снежня 2024, Пятніца, 4:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Дзядок: За кожным турэмшчыкам стаяць спецслужбы

17
Мікалай Дзядок: За кожным турэмшчыкам стаяць спецслужбы
Мікалай Дзядок
ФОТА: RFE/RL

Палітвязень Мікалай Дзядок, які сустрэў сёння свой 27-ы дзень нараджэння на волі, удзячны беларусам за салідарнасць.

Пра гэта Мікалай Дзядок распавёў у інтэрв'ю сайту charter97.org.

- Сёння ў Вас падвоенае свята - дзень нараджэння і выхад на свабоду. Рэдакцыя charter97.org віншуе Вас з гэтымі дзвюма падзеямі. Як адбывалася Вашае вызваленне? Калі Вы пра яго даведаліся?

- Шчыра дзякую за віншаванні! Вызваленне адбывалася так: у камеру ні села, ні пала адчыніліся дзверы, увайшлі два супрацоўнікі і сказалі, каб я збіраўся з рэчамі на выхад, не тлумачачы навошта і куды. Мяне падвялі да самай брамкі калоніі, і толькі тады мне сказалі, што я еду дадому. Мне аддалі ўсе мае рэчы і вывелі за брамку калоніі.

Там мяне сустрэлі тры чалавекі падазронага выгляду, якія пасадзілі мяне ў аўтамабіль, давезлі да Оршы і там уручылі білет на цягнік. З цягніка я патэлефанаваў родным, і на платформе мяне сустрэлі сваякі, паплечнікі і праваабаронцы.

- З чым Вы звязваеце Вашае вызваленне?

- На мой погляд, тут не можа быць іншай прычыны, акрамя спалучэнняў чыннікаў эканамічных і дыпламатычнага ціску Еўразвязу на беларускія ўлады. Я мяркую, эканамічны крызіс з'яўляецца прычынай таго, што нас вызвалілі. Да гэтага дадалося тое, што Еўропа ўвесь час ціснула на Лукашэнку з нагоды наяўнасці палітвязняў. Але заняпад эканомікі – першачарговы чыннік.

- Вядома, што ў час Вашага зняволення на Вас беспрэцэдэнтна ціснулі: і паводле колькасці дзён, праведзеных у штрафным ізалятары, і паводле ўмоў утрымання ў памяшканнях камернага тыпу. Вы можаце ахарактарызаваць дзеянні адміністрацыі як выкарыстанне катаванняў да зняволеных?

- Гэта залежыць ад таго, наколькі шырока трактаваць паняцце катаванняў. Калі пад імі разумець бесчалавечнае, грубае абыходжанне - то так, яны ўжываліся. Мяне часта змяшчалі ў даволі цяжкія ўмовы. Гэта былі і перагружаныя камеры, і халодныя камеры, дзе было немагчыма спаць.

Агулам стаўленне турэмшчыкаў дыктуецца «зверху». За кожным турэмшчыкам стаяць спецслужбы, якія паказваюць, як працаваць з канкрэтным палітвязням і ў якой ступені на каго ціснуць.

Для кожнай калоніі, турмы палітвязень - гэта як парушына ў воку, за ім заўсёды будзе падвышаная ўвага і на яго найперш будзе накіраваны адміністрацыйны ціск.

З нагоды катаванняў: гэта было альбо змяшчэнне ў асаблівыя ўмовы, альбо псіхалагічны ціск.

- Якім чынам ціснулі псіхалагічна?

- У асноўным гэта - дробныя правакацыі. Альбо слоўныя, альбо з дапамогай іншых зняволеных, якія лаяльныя да адміністрацыі. Гэта і нацкоўванне, і стварэнне канфліктных сітуацый паміж зняволенымі, абмежаванне ў перапісцы, затрымліванне і празмернае цэнзураванне лістоў.

- Юры Рубцоў ацаніў вызваленне палітвязняў перад «выбарамі» як торг закладнікамі. Якое ваша стаўленне да будучых так званых «прэзідэнцкіх выбараў»?

- Для мяне сам інстытут прэзідэнцтва не з'яўляецца дастаткова дэмакратычным. А ва ўмовах Беларусі нават такая «кволая» дэмакратычная працэдура праходзіць без выканання фармальных нормаў і правілаў. Гэта яшчэ больш абясцэньвае «выбары» ў вачах большасці людзей у Беларусі. Вельмі многія людзі ў іх не вераць.

- Што б Вы хацелі перадаць тым людзям, якія змагаліся за вашае вызваленне?

- Увесь час, што я знаходзіўся ў зняволенні, я адчуваў гэтую безупынны падтрымку, якая не спынялася ні на дзень. Я з вялікай радасцю ўспрымаў навіны аб кожнай, хай самай маленькай, акцыі салідарнасці, кожны артыкул у прэсе. Кожны ліст, кожная паштоўка, асабліва ад незнаёмых людзей, прыносіла велізарную радасць.

У мяне было ўражанне, што тысячы людзей салідарныя са мной. Магу толькі сказаць ім шчырае дзякуй. Фактычна, дзякуючы іх падтрымцы я і выстаяў, змог не зламацца ў тых няпростых умовах і захаваць веру ў тое, што я раблю. Вашая падтрымка значыла для мяне вельмі многае, яе нават немагчыма пераацаніць.

Нагадаем, што Мікалай Дзядок адбыў 4,5 гады зняволення за нібыта хуліганскія дзеянні ў дачыненні да афіцыйных будынкаў і павінен быў выйсці на волю 3 сакавіка 2015. Аднак 26 лютага суд Ленінскага раёна Магілёва асудзіў палітвязня паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» да 1 года зняволення ў калоніі строгага рэжыму. 30 красавіка суд касацыйнай інстанцыі пакінуў гэты прысуд у дзеянні.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках