Праваабаронцу Судаленку памежнікі выносілі з вагона за рукі і ногі
4- 26.08.2015, 12:23
- 75,831
Затрыманаму давялося выклікаць «хуткую дапамогу».
Увечары 25 жніўня на чыгуначнай станцыі ў Маладзечне беларускія памежнікі і мытнікі з ужываннем сілы знялі з цягніка Вільня-Менск гомельскага праваабаронцу Леаніда Судаленку. У свой родны горад ён змог дабрацца толькі сёння а шостай раніцы, перадае «Радыё Свабода».
«Я вяртаўся з літоўскай сталіцы ў Гомель. На памежным пункце пропуску Гудагай мяне праверылі мытнікі - нічога забароненага я не вёз, і мытнікі пайшлі далей. Праблемы пачаліся, калі мой пашпарт праз сканар стаў правяраць памежнік. Відавочна, што маё прозвішча ў нейкім «чорным спісе». Памежнік адразу выклікаў старшага змены. Вярнуліся і мытнікі, праўда, не тыя, што мяне правяралі. Папярэдзілі, што ў Маладзечне мне трэба будзе выйсці з цягніка.
У мяне былі квіткі з Менска на гомельскі цягнік, я спазняўся, таму папрасіў растлумачыць прычыну затрымання. Адказалі, што будуць праводзіць паглыблены мытны агляд. Я дастаў з заплечніка раздрукаваны артыкул 117 Мытнага кодэкса і яшчэ раз спытаў, якія дастатковыя падставы ёсць, каб гэта рабіць. Паколькі нічога зразумелага ні мытнікі, ні памежнікі мне не патлумачылі, то я адмовіўся пакідаць вагон», - распавёў Леанід Судаленка.
У Маладзечне праваабаронцу сустракалі больш за дзесятак памежнікаў і мытнікаў, яго сілай вынеслі з вагона за рукі і за ногі. «Вынас» памежнікі здымалі на відэа. У Судаленкі падняўся крывяны ціск - яму выклікалі «хуткую дапамогу».
«Мне зрабілі асабісты агляд з распрананнем, з перапісваннем рэчаў. Шукалі нейкія пластыкавыя банкаўскія карткі. А ў мяне ў партманэце - 144 еўра і 243 тысячы беларускіх рублёў. Праводзіў агляд інспектар Аляксандр Лябецкі, а дазвол, як мне паведамілі, даў начальнік Менскай рэгіянальнай мытні Аляксандр Багдзевіч», - распавёў Леанід Судаленка.
Дзвюма гадзінамі пазней праваабаронцу адпусцілі. У Менск на гомельскі цягнік ён спазніўся і павінен быў браць новыя квіткі і на цягнік да Менска, і з Менска да Гомеля. Ні мытнікі, ні памежнікі аніяк не дапамагаюць знятым з цягніка грамадзянам дабрацца да месца прызначэння.
Гэта не першы асабовы агляд на мяжы праваабаронцы Судаленкі. Ён цяпер судзіцца з Ашмянскай мытняй за кампутар, які забралі ў яго яшчэ ў траўні і дагэтуль не вярнулі.
«Судовая справа з мытнікамі за кампутар, магчыма, таксама дадала ўвагі да маёй сціплай персоны. Учорашнія дзеянні мытнікаў я таксама буду абскарджваць. Але, як мне здаецца, найбольш камусьці не дае спакою мая праваабарончая дзейнасць, сістэмная праца з Камітэтам правоў чалавека ААН. Адсюль і агляды на мяжы, і крымінальная справа аб распаўсюдзе парнаграфіі нібыта ад майго імя, і пагрозы праз інтэрнэт на адрас маёй сям'і», - мяркуе Леанід Судаленка.