Лукашэнка пацвердзіў, што трымае Статкевіча ў якасці закладніка
38- 4.08.2015, 14:25
- 45,608
Дыктатар фактычна паставіў пытанне аб вызваленні палітвязняў у залежнасць ад прызнання «выбараў».
Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў, адказваючы на пытанні журналістаў «Еўрарадыё», «Радыё Свабода» і tut.by. Cа слоў дыктатара, пытанне аб былым кандыдаце ў прэзідэнты, які знаходзіцца ў зняволенні, цяпер на парадку дня.
«Я не стану хітраваць, гэтае пытанне - на парадку дня. Вызначыць гэта магу толькі я. Але я не вызначаўся, калі гэта будзе. Я гэтае пытанне ў такім ключы не разглядаў. Калі яго выпускаць, то выпускаць да выбараў. Калі не выпускаць, то не выпускаць. У найбліжэйшы час вы будзеце пра гэта ведаць. Калі іншы варыянт, то часу шмат», - заявіў ён.
Разам з тым Лукашэнка распавёў, што даваў магчымасць Статкевічу напісаць прашэнне аб памілаванні.
«Ён хоча быць у турме і выйсці адтуль героем. Я яму даю такую магчымасць, а вы кажаце - выпусціць. І што мне рабіць? Я магу выпусціць, калі чалавек звернецца да мяне з прашэннем, але ён не звяртаецца, бо хоча быць героем», - сказаў дыктатар.
Нагадаем, кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч быў асуджаны на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за арганізацыю масавых беспарадкаў. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Статкевіча вязнем сумлення. На вызваленні апазіцыйнага палітыка настойваюць Еўразвяз і ЗША.
Мікалай Статкевіч - адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які дагэтуль знаходзіцца ў зняволенні. У траўні 2011-га ён быў прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зняволеным.
Першапачаткова асуджаны палітык адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі №17, аднак у студзені 2012-га яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы і перавялі ў магілёўскую турму №4 на тры гады. Пасля заканчэння гэтага тэрміну, 12 студзеня гэтага года, Статкевіча вярнулі ў шклоўскую калонію, дзе ў першыя ж два дні ў дачыненні да палітыка склалі два рапарты аб парушэнні правілаў унутранага распарадку.
4 траўня на пасяджэнні суда ў шклоўскай папраўчай калоніі №17, дзе ўтрымліваўся Мікалай Статкевіч, была прынятая пастанова аб ягоным пераводзе на турэмны рэжым да канца тэрміну пакарання (1 год 7 месяцаў 15 дзён). А 6 траўня палітык быў этапаваны ў турму №4 горада Магілёва.