5 снежня 2024, Чацвер, 5:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нельга «обумнять» дыктатараў

20
Нельга «обумнять» дыктатараў

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі Андрэя Саннікава «Беларуская Амерыканка ці выбары пры дыктатуры».

Пачатак публікацый тут.

- Я пазбягаю асабістых характарыстак дыктатара. Не адказваю на пытанні журналістаў пра тое, што ўяўляе сабой Лукашэнка як чалавек. Не яму я супрацьстаю, а таму, што ён робіць як кіраўнік дзяржавы, той сістэме асабістай улады, бязлітаснай і нялюдзкай, якую ён стварыў.

Як чалавек Лукашэнка мне абсалютна нецікавы, болей таго – агідны. Няма ў мяне падобных знаёмых, а тым болей, сяброў. Калі і здаралася сустракаць такіх людзей у жыцці, стараўся аддаліцца на пэўную дыстанцыю, каб не бачыць іх і не чуць. А сустракаць, як і кожнаму з нас, вядома ж даводзілася. У турмах і на зонах іх шмат. Гэта яны, прыкінуўшыся няшчаснымі і ўбогімі, стараюцца ўцерціся ў давер, каб у зручным выпадку адразу ж і напаскудзіць. У школе такія шныраць па чужых партфелях, чапляюцца да малых і заўсёды гуртуюцца з гэткімі ж, як і самі. Яны ўмеюць карыстацца ўсімі навокал, не дапамагаючы нікому. Сваім чалавечым убоствам яны вымяраюць іншых і па гэтым жа прынцыпе знаходзяць сабе падзельнікаў.

Усё жыццё яны помсцяць за свае дзіцячыя крыўды. Чым старэйшымі робяцца, тым больш помсцяць. Уладу ўспрымаюць толькі як магчымасць заставацца беспакаранымі. Красці беспакарана. Вынішчаць людское жытло і разбураць сем’і. Калечыць і забіваць людзей, атрымоўваючы вялікае задавальненне ад паўнаты ўлады над безабароннымі. Страціўшы канчаткова мараль, яны пазбаўляюцца і чалавечага стаўлення да жыцця і ўжо цалкам паддаюцца жывёльным інстынктам. Яны прыходзяць да ўлады толькі дзеля таго, каб любой цаной яе ўтрымліваць. Да іх імгненна пачынаюць прыліпаць гэткія ж мярзотнікі, як і яны самі, нутром адчуваючы, што прыйшоў важак і прывёў за сабой іх час. Калі ім дазволіць у першыя моманты іх улады ўзяць верх, грамадства вельмі хутка апынецца ў закладніках, пачне распадацца і страчваць адчуванне прыстойнасці.

Так адбылося і ў Беларусі.

Я калісьці прасіў сваіх сяброў-журналістаў не аналізаваць Лукашэнку. Я быў перакананы, ды і цяпер прытрымліваюся таго ж погляду, што пошукі глыбокага сэнсу ў чалавечай нікчымнасці заахвочваюць нягоднікаў і раз’ядаюць мараль. Дыктатар чэрпае сілы ў тым, што ў банальнай сквапнасці, злосці, зайздрасці хтосьці спрабуе ўгледзець прыкметы дзяржаўнай мудрасці, знайсці нейкі глыбінны сэнс у паводзінах разбэшчанага хама.

Дзмітры Муратаў, рэдактар “Новой газеты”, з якім мы гэтую тэму абмяркоўвалі, знайшоў трапную фразу: “Нельга обумнять дыктатараў”.

Пасля першых у Беларусі прэзідэнцкіх выбараў у 1994 годзе, на якіх перамог Лукашэнка, у нас не было канфлікту рэфарматараў з кансерватарамі. Нягледзячы на вялікую ролю нацыянальна-дэмакратычных сілаў, якія прывялі Беларусь да незалежнасці, уладу па-ранейшаму ўтрымлівалі савецкія рэтраграды. Прагныя да ўлады люмпены Лукашэнкі сутыкнуліся са старой камуністычнай наменклатурай.

Лукашэнка ў першыя месяцы свайго кіравання мог быць розным: з пенай ў рота бэсціць

БНФ, плакаць у парламенце, чытаючы антыкарупцыйны даклад, шчыра верыць у сваю выключнасць і пацець ад нянавісці да незалежнай прэсы. Ён мог здавацца моцным і слабым, лібералам і тыранам, можна было нават з лёгкасцю памыляцца на гэты конт, аднак толькі не наконт ягоных кадраў. Карычневай жыжкай пранікалі яны ва ўсе эшалоны ўлады і забяспечвалі трыўмф некампетэнтнасці, гэта значыць – Лукашэнкі. Яны вызначаліся звышнатуральнымі рэфлексамі ўсё імгненна хапаць і яшчэ высокім узроўнем чалавеканенавісніцтва. Фармаванне лукашэнкаўскай улады скончылася разгонам апошняга абранага парламента і поўнай перамогай люмпена над наменклатурай.

Пэўны час Міністэрства замежных спраў, у якім я працаваў, яшчэ трымалася нейкім чынам ў баку ад гэтай зацятай барацьбы. Нам удавалася нават праводзіць рашэнні, якія надзвычай раздражнялі Лукашэнку, напрыклад, па пытаннях раззбраення. Аднак было ўжо зразумела, што доўга ўсё так заставацца не можа.

З Лукашэнкам я бачыўся толькі аднойчы, напярэдадні майго прызначэння на пасаду намесніка міністра. Аўдыенцыя з ім – на шчасце, першая і апошняя – развеяла практычна ўсе спадзяванні на ягоную адэкватнасць. Я быў проста ўражаны беспадстаўнай агрэсіўнасцю.

Памятаю, што адразу пасля той сустрэчы патэлефанаваў свайму сябру, дэпутату Вярхоўнага Савета Валянціну Голубеву. Мы ішлі па цэнтры Мінска, і я гаварыў яму, што доўга не затрымаюся ва ўрадзе. Валянцін пераконваў, што варта пацярпець і займацца сваёй справай, што на гэтым узроўні я магу зрабіць шмат чаго карыснага для краіны.

А ўсяго праз месяц Валянціна збілі проста ў залі парламента разам з групай дэпутатаў, якія праводзілі галадоўку на знак пратэсту супраць планаў Лукашэнкі памяняць дзяржаўную сімволіку. Валянцін патэлефанаваў мне раніцай і распавёў, што адбылося. Я параіў яму як найхутчэй распаўсюдзіць інфармацыю, найперш па амбасадах.

Калі ў той дзень я прыйшоў на працу, мне паведамілі, што са мной хоча паразмаўляць амбасадар ЗША Кенэт Ялавіц. Усе мае калегі пазбягалі з ім сустракацца. Цяпер ужо не ўзгадаю дакладна, па тэлефоне мы размаўлялі або я прыняў яго. Кен выказаў глыбокае абурэнне ў сувязі з начным збіццём парламентарыяў. Ягонае абурэнне я падзяляў, а таму параіў не пакідаць па-за ўвагай гэта цынічнае злачынства. Кен, на мой погляд, быў агаломшаны. Было ж зразумела, што за збіццём дэпутатаў стаялі людзі Лукашэнкі. Напэўна, амбасадар ЗША менш за ўсё чакаў, што ў МЗС яго не толькі выслухаюць, але і выкажуць параду жорстка рэагаваць на дзеянні тутэйшых уладаў. Для мяне ж было неістотным, што тэлефоны праслухоўваюцца і пэўныя высновы будуць абавязкова. Мне вельмі хацелася, каб адказам на дзікі ўчынак была жорсткая міжнародная рэакцыя.

І яшчэ я хацеў проста грымнуць дзвярыма пасля таго фальшывага рэферэндуму, калі з’явіліся ў Беларусі недарэчныя герб і сцяг савецкага ўзору. Аднак так многа было ўжо распачата ў розных галінах, што немагчыма было ўсё кінуць, не скончыўшы нават пачатага. Сябры таксама настойвалі на тым, што дзеля гэтага варта крыху і пацярпець. Аднак у прынцыпе сваё рашэнне сысці я прыняў менавіта тады, пасля “рэферэндуму” 1995 года.

Я быў знаёмы і з некаторымі з тых людзей, якія ўваходзілі ў перадвыбарчую каманду Лукашэнкі, у прыватнасці з Анатолем Майсеней. Ён быў прыкметнай асобай ў беларускай палітыцы, аналітыцы, інтэлектуальным жыцці. Стваральнік першага аналітычнага цэнтра “Усход-Захад”, выдатны публіцыст, чалавек неверагоднай энергіі, ён спрабаваў актыўна ўплываць на ўсе працэсы, якія адбываліся ў Беларусі. Я з ім сябраваў, і гэтая актыўнасць Анатоля мне імпанавала. Падабалася вельмі і ягоная неверагодная здольнасць да навучання. Ён не саромеўся вучыцца. Як гэта ні сумна, але на пачатку дзевяностых не было ў нас яшчэ ні прафесійных аналітыкаў, ні журналістаў-міжнароднікаў. На вялікі жаль, і цяпер іх няшмат. Толя сам спрабаваў заняць усе гэтыя пазіцыі. Ён разумеў, якая гэта жыццёвая неабходнасць для маладой дзяржавы – мець уласны погляд на свет.

Анатоль Майсеня

Мне даводзілася ўдзельнічаць ва ўсіх першых сустрэчах лідараў СНД у якасці эксперта. Анатоль таксама, як вядомы журналіст, там прысутнічаў. Памятаю, мы разглядалі ўсё дэталёва, да драбніц, і да пачатку, і падчас гэтых сустрэч. Толя звычайна прыслухоўваўся да маіх парадаў – з кім варта паразмаўляць, да каго звярнуцца па каментар. І да кожнага мог падысці, і каго заўгодна разгаварыць. Ён заўсёды быў падрыхтаваны да размовы і надзвычай засяроджаны на тым, што павінен быў высветліць, а таму суразмоўцы, незалежна ад таго, высокапастаўлены гэта генерал або прэзідэнт адной з краінаў СНД, заклапочаныя ўласнымі праблемамі, праз хвіліну ўжо ўключаліся ў размову, захопленыя ягонай палкай манерай абмеркавання тых надзвычай няпростых праблем.

Аднойчы Толя віхурай наляцеў на маршала Шапашнікава на лётным полі кіеўскага аэрапорту і пачаў адразу выцягваць з яго патрэбную інфармацыю. Незадаволенасць Шапашнікава, на той час галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі СНД, доўжылася літаральна хвіліну. Праз некалькі хвілін яны ўжо хадзілі па ўзлётнай паласе пад дробным дажджом, захопленыя размовай. Толя гаварыў хутка, крыху заікаўся, але падчас сваіх інтэрв’ю непрыкметна ператвараўся з журналіста ў суразмоўцу на роўных. А таму нават самыя знакамітыя людзі гэтак жа і ўспрымалі яго – як роўню.

Вясной 1994 года ў Цюрыху праходзіла буйная міжнародная канферэнцыя, у якой удзельнічаў і Анатоль Майсеня. Я ў той час працаваў у нашым прадстаўніцтве ў Жэневе і, даведаўшыся пра канферэнцыю з рассылкі, паехаў у Цюрых, каб пабачыцца з Толем. Мы сядзелі ў холе гатэлю і размаўлялі, доўга і шчыра. Ужо была прынятая новая канстытуцыя Беларусі, краіна рыхтавалася да выбараў. Рыхтаваўся да іх і Лукашэнка. А Толя быў у ягонай камандзе. Менавіта ён і агучыў мне стратэгію “маладых ваўкоў”, як называлі ў той час тую каманду.

Галоўнае – выйграць выбары, а недарэчны Лукашэнка будзе пад кантролем, і тады ўзнікне магчымасць правесці рэформы, такія неабходныя для Беларусі. Я ўсё гэта ўспрымаў вельмі скептычна, гаварыў, што безаблічныя асобы ў выніку сваёй неадукаванасці пачынаюць паводзіць сябе непрадказальна і рашэнні шукаюць у тым, што яны ведаюць. Аднак у выпадку з Лукашэнкам усё яшчэ горш – ён ведае толькі, як кіраваць, прыніжаючы іншых. Толя гарачыўся, пераконваў мяне, што як яны спарадзілі яго, гэтак жа могуць з ім і развітацца.

Пазней Анатоль Майсеня перайшоў у жорсткую апазіцыю да той асобы, якую ён у свой час

дапамагаў “спарадзіць”. Бліскучую публіцыстыку гэтага выдатнага журналіста, асабліва артыкул “Беларусь у імгле” варта было б вывучаць у школе.

Толя загінуў 12 лістапада 1996 года. Па афіцыйнай версіі Майсеня заснуў, “не справился с управлением” і быў вінаваты ў той аварыі. Асабісты ягоны аўтамабіль на 286 кіламетры

шашы Брэст-Мінск на вялікай хуткасці сутыкнуўся з аўтамабілем ГАЗ-53, які рухаўся насустрач. Майсеня атрымаў цяжкія траўмы і памёр па дарозе ў шпіталь.

Смерць Толі ўскалыхнула Беларусь, было падобна на тое, што нават сыходам сваім ён папярэджваў, якая трагедыя набліжаецца. Генерал Юры Захаранка, міністр унутраных спраў Беларусі, які адразу выехаў на месца здарэння, сцвярджаў, што аўтакатастрофа не была выпадковасцю. Не ведаю, ці ўсё так. Тады не думаў пра гэта. Такое падавалася неверагодным.

Гібель Толі абарвала вельмі важную лінію ў жыцці Беларусі, якую весці мог толькі ён.

Праз два з паловай гады пасля той катастрофы надышоў страшны для Беларусі 1999 год, які назаўсёды вызначыў прыроду лукашэнкаўскага рэжыму. Адзін за адным пачалі бясследна знікаць ягоныя асноўныя апаненты. Пры загадкавых акалічнасцях раптоўна памёр Генадзь Карпенка, бясспрэчны лідар апазіцыі. Пра такіх людзей гавораць – відны. Ён сапраўды, дзе б ні апынуўся, адразу звяртаў на сябе ўвагу. Віцэ-спікер парламента, член-карэспандэнт Акадэміі навук, дырэктар вялікага завода, спартовец – суддзя ўсесаюзнай катэгорыі і проста абаяльны чалавек, ён быў сваім у любой кампаніі. Менавіта з Карпенкам я звязваў свае надзеі на перамены ў Беларусі. Ахвотна з ім працаваў, прызнаючы ягоны аўтарытэт і ягонае лідэрства.

У траўні знік генерал Юры Захаранка, паплечнік Карпенкі, які ствараў у той час саюз афіцэраў. Міністр унутраных спраў Захаранка адмовіўся выконваць незаконныя загады Лукашэнкі і быў адпраўлены ў адстаўку. У нашым ценевым урадзе, якім кіраваў Генадзь Карпенка, генерал Захаранка быў адказным за сілавы блок, і баяўся яго Лукашэнка не беспадстаўна. Пасля адстаўкі яшчэ больш узрасла ягоная папулярнасць у асяроддзі людзей у пагонах.

У верасні таго ж года разам са сваім сябрам бізнесменам Анатолем Красоўскім знік Віктар Ганчар, выдатны юрыст і прамоўца, чалавек з лідарскімі якасцямі і амбіцыямі. Ён таксама ўваходзіў у вузкае кола лукашэнкаўскай каманды, заняў пасаду віцэ-прэм’ера ў ягоным урадзе, але зразумеў вельмі хутка, што Лукашэнка імкліва скіроўвае краіну ў бездань асабістай улады. Ганчар сышоў у адстаўку і стаў адным з найбольш моцных лідараў апазіцыі. Працаваў ён таксама і з Генадзем Карпенкам.

У чэрвені наступнага года знік тэлеаператар Зміцер Завадскі. Ён калісьці ўваходзіў у групу журналістаў, якім дазвалялася асвятляць дзейнасць Лукашэнкі.

Было зразумела, што ў краіне праводзіцца спецаперацыя па ліквідацыі палітычных праціўнікаў Лукашэнкі. З’явілася інфармацыя, што існуюць нават спісы на ліквідацыю, у

якіх ўжо болей за сто чалавек. З некалькіх крыніц і я ўжо атрымаў паведамленні, што ў тых спісах ёсць і маё імя. Давялося пакінуць Беларусь на некалькі месяцаў, тым больш, што на пачатку 1999 года на мяне, Змітра Бандарэнку і Алега Бебеніна напалі фашыстоўскія малойчыкі з РНА (Рускага нацыянальнага адзінства). Мне пераламалі рэбры, зламалі нос, аднак, дзякуючы самаадданасці Змітра і Алега, якія адцягнулі фашыстаў на сябе, я застаўся жывы. Цяпер ужо зразумела, што выпадковым гэты напад быць не мог. У той страшны для Беларусі год загінулі, хутчэй за ўсё былі забіты Генадзь Карпенка, Юры Захаранка і Віктар Ганчар.

Лукашэнка меў рацыю, калі палічыў мяне сваім галоўным ворагам. Ён ведаў і бачыў, што я працягваю тую лінію, якую мы адстойвалі разам з Карпенкам, Ганчаром і Захаранкам.

Напэўна мне ўсё ж пашанцавала, што я пасля доўгіх гадоў супрацьстаяння Лукашэнку “усяго толькі” апынуўся ў “Амерыканцы”, а не знік услед за маімі калегамі і сябрамі.

Працяг будзе

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках