5 снежня 2024, Чацвер, 5:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Толькі змена ўлады можа вывесці Беларусь з крызісу

19
Толькі змена ўлады можа вывесці Беларусь з крызісу
Фота: bymedia.net

Для ўсіх відавочна, што эканамічны крах - гэта вынік палітыкі існуючага рэжыму.

Сайт charter97.org працягвае друкаваць урыўкі з кнігі Андрэя Саннікава «Беларуская Амерыканка ці выбары пры дыктатуры».

Пачатак публікацый тут.

- Першы этап у калонію № 10 у Наваполацку - “дзесятку” - прайшоў адносна спакойна. Вось толькі на сабе давялося адчуць усё тое, што бачыў раней хіба што ў кіно. Рэальным жыццём зрабіліся кадры савецкіх фільмаў пра фашыстоўскія канцлагеры. І я апынуўся раптам унутры таго кіно.

Ноч, чыгуначны насып. Зэкі сядзяць на кукішках, рукі за галаву. Ланцуг аўтаматчыкаў, нямецкія аўчаркі. Прабежкі па адным да “сталыпіна”. З усімі “кешэрамі” – ёмістымі торбамі з сінтэтыкі. Унутры вагона іх паспешліва раскідваюць па камерах-купэ.

Рушыў цягнік. Канваіры выклікаюць на шмон па адным у асобнае купэ. Потым размяркоўваюць нанова, паводле нейкай уласнай логікі. Едзем усю ноч. З прыпынкамі ў пунктах знаходжання турмаў, калоній, ізалятараў часовага ўтрымання. Частка зэкаў высаджваецца, пэўная частка падсаджваецца.

Потым ужо на маіх шматлікіх этапах буду заўсёды здзіўляцца гэтаму нябачнаму, але надзвычай інтэнсіўнаму транспартнаму жыццю краіны. У турмах дакладна ведаюць, у якія дні і куды сыходзяць этапы. Калі цябе выхопліваюць з камеры на этап, - а вызначаецца тое найчасцей па бланку-опісу рэчаў, які табе прыносяць зранку ў дзень этапу, - можна ўжо здагадацца, куды павязуць.

Этапы, наколькі я памятаю, ходзяць амаль кожны дзень. Сотні людзей кожны дзень развозяць па краіне ў “сталыпіных” - тысячы на тыдзень, дзесяткі тысячаў на месяц. Распрацаваны адмысловыя графікі далучэння “сталыпіных” да саставаў або фармавання асобных цягнікоў.

У калоніі мяне чакалі. Начальнік яе Аляксандр Сівоха паспяшаўся сысці ў адпачынак – ад граху падалей. Адміністрацыя насцярожана прыглядалася. Затое зэкі падтрымалі мяне з самага пачатку.

Цяпер тое можна ўзгадваць з усмешкай, але тады сапраўднай пакутай для мяне было захаванне барады. Я ж насіў яе ўжо недзе гадоў трыццаць. І ўявіць сябе безбародым проста не мог. Пачаў спрачацца з ДПНК – дзяжурным памочнікам начальніка калоніі , - які прымаў этап. Пісаў нават нейкія заявы. Патрабаваў паказаць дакумент, якім барада забараняецца. Адпаведны цыркуляр і сапраўды знайшлі.

Аднак у каранцін я пайшоў усё ж з барадой, толькі пастрыжаны пад нуль. Цяпер я разумею, што мяне адразу маглі накіраваць у штрафны ізалятар – туды траплялі і за меншыя ўчынкі. Напэўна, вырашылі пакуль што не чапаць, каб лішняга вэрхалу не падымаць. І тое рашэнне адміністрацыі было надзвычай мудрым. Мая першая ноч тут прайшла з захаванай барадой. Але ўжо раніцай, мыючыся пад кранам, я ўбачыў сябе ў цьмяным люстэрку і быў проста ў жаху. Заблытаная барадзёнка да аголенага чэрапа ніяк не пасавала. І я ўмомант пазбавіўся яе, каб не палохаць сябе адлюстраваннем у люстэрку і сваім выглядам не засмучаць жонку на будучым спатканні, якога я так чакаў.

У каранцінным атрадзе, куды новыя зэкі накіроўваюцца як мінімум на два тыдні, я адразу атрымаў ад іншых зняволеных газеты. А таксама “грев” – цыгарэты, гарбату і харчы, якія перадаваліся патаемна з іншых атрадаў. У мяне ўсяго свайго пакуль было яшчэ дастаткова. Аднак адмовіцца – гэта адрынуць шчырую дапамогу таварышаў па няшчасці. Некаторыя дэманстратыўна перадавалі гарбату, цыгарэты праз сетку ў “лакальцы” – адгарожанай тэрыторыі перад кожным атрадам. За гэткія ўчынкі звычайна парушальнікаў адпраўляюць у ШЫЗА – відэакамера нездарма ж скіраваная наўпрост на каранцін. Пасля некалькіх гэткіх выпадкаў я да той сеткі нават не набліжаўся, каб не падстаўляць іншых.

У каранціне пазнаёміўся з Ігарам Аліневічам, анархістам, якога ўзялі ў Маскве з дапамогай расійскіх спецслужб. Мне падалося, што ён занадта адкрыты для зоны. Магчыма, гэта ўсё было выклікана тым неверагодным прэсінгам і збіццём, праз якія ён прайшоў у “Амерыканцы”. Рэакцыя на прывіднае паслабленне. Ягоная адкрытасць і нават некаторая наіўнасць спалучаліся з імкненнем даходзіць ва ўсіх пытаннях да сутнасці, не пакідаючы па-за ўвагай нават нязначныя дробязі.

Ігара вербавалі ў КДБ. Прапаноўвалі пайсці да іх хакерам. Ён рашуча адмовіўся.

Напэўна за гэта і атрымаў вялізны тэрмін – восем гадоў. Ігар любіць планаваць і ставіць перад сабой сур’ёзныя мэты. Ён напісаў самую праўдзівую кнігу пра беларускія турмы – “Я еду ў Магадан”. Тое, што напісана ўсё гэта ў зоне, – подзвіг. Яшчэ Ігар хацеў, падняўшыся з каранціна ў атрад, кінуць паленне і зрабіцца вегетарыянцам. Спадзяюся ўсё ж, што паленне ён кінуў, а вегетарыянцам не стаў. Пайка ў зоне гэтаму не спрыяе, а на “дзесятцы” харчаванне ўвогуле было найгоршым з усіх турмаў і зон, якія мне давялося прайсці.

У каранціне давялося сутыкнуцца з ідыёцкімі правіламі, на якія надзвычай багатае тутэйшае лагернае жыццё. Адным з тых дэбілізмаў было пастраенне пасля пад’ёму для праслухоўвання лукашэнкаўскага гімну. Гэта настолькі прыкра і подла, што я вымушаны быў знайсці выйсце, нават не ўступаючы ў канфлікт з адміністрацыяй. Я пачаў напяваць сабе “Магутны Божа” – гімн беларускага духу. Менавіта таму і вынес яго ў эпіграф да гэтай кнігі. Здзівіўся, калі заўважыў, што некаторыя фрагменты спалучаюцца нават з мелодыяй, якую даносіў да нас рэпрадуктар. Падчас каранціну ў “дзесятцы” я спяваў “Магутны Божа” кожную раніцу. Цікава было бачыць, як зэкі наперадзе і за мною “клеілі вушы” – падступалі бліжэй і выцягвалі шыі, каб пачуць, што я там вымаўляю.

Мяне размеркавалі не ў самы кепскі атрад. Аднак зразумеў гэта я толькі пасля таго, як мне давялося зведаць іншыя атрады ў іншых зонах. На “дзесятцы” былі ўсё ж умовы даволі прыстойныя. Кубрык усяго толькі на шэсць чалавек. Асабістая тумбачка. Спакойныя суседзі. Запісваюць у брыгаду на “кардонку” – яна рэжа загатоўкі для кардонных каробак. Цярпець можна.

Цяпер я магу ў поўнай меры ацаніць тое стаўленне і падтрымку, якія былі ў мяне ў “дзесятцы”. Мне прыносілі самыя розныя газеты. Нейкім цудам здабылі і падаравалі нават кароткахвалевы прыймач. І я цяпер кожны дзень мог слухаць беларускую “Свабоду” ў патаемным закутку, які зэкі зрабілі менавіта для мяне. Стрыечны брат Лёша зладзіў харчовую перадачу неверагодным шляхам – дамовіўшыся нейкім чынам з адным са зняволеных, што той аддасць мне палову сваёй. Сапраўды, трэба пасядзець за калючым дротам, каб зразумець, што гэта такое – аддаць палову сваіх харчоў, гарбаты, цыгарэт, якія ты можаш за паўгода атрымаць хіба толькі аднойчы.

Вядома ж, ніколі не забуду і тыя блінцы, што адмыслова для мяне спёк адзін сур’ёзны зэк з чырвонай нашыўкай, якая азначае: “схільны да ўцёкаў”. Якім неверагодным чынам змайстраваў ён электраплітку з дзвюх цаглін, кавалка нержавейкі ды падключанага да разеткі абрыўка дроту, застаецца загадкай. Яшчэ большая загадка, дзе ён мог здабыць усё патрэбнае для цеста - сырыя яйкі, цукар, муку. Гэта ж забаронена ў зоне. За кожны такі складнік тут пагражае карцэр. І як увогуле можна было там усё прыгатаваць, калі за “чырвонымі нашыўкамі” назіраюць бесперапынна. І яго потым кінулі ў карцэр на дзесяць дзён. Тыя квадратныя блінцы, якія мелі форму кавалка нержавейкі, памятаць буду заўсёды.

“Прамка”, або вытворчая зона, на якую я ў той час хадзіў, мела адну вялікую перавагу. Там пасля працы кожны дзень можна было прымаць душ.

Вярнуўся з адпачынку начальнік калоніі Аляксандр Сівоха. Размова з ім адбылася без нечаканасцяў. Пытанне пра тое, ці напішу я прашэнне аб памілаванні, ён задаў ды яшчэ і паўтарыў. Але асаблівага ціску гэтым разам не было. Я меркаваў, што начальнік калоніі запатрабуе неадкладна падпісаць усе тыя паперы, якія раней падпісваць адмаўляўся. Гэткага подпісу патрабуюць звычайна ад усіх, акрамя хіба тых, хто “в отказе”. Аднак гэтую праблему ён нібыта вынес за дужкі размовы. Такім чынам, я апынуўся ў становішчы ўнікальным для калоніі: застаюся “в отказе”, аднак не трапіў у штрафны ізалятар, куды за гэта звычайна змяшчаюць. Напэўна, спраўдзіўся мой разлік, што найперш яны пачнуць “выбіваць” з мяне прашэнне аб памілаванні, а іншыя паперы іх ужо не надта хвалююць.

Паціху пачаў я тут абжывацца, ствараючы сваю ўласную руціну, у якой можна было б неяк існаваць. Адрамантаваў матрац, на турэмным сленгу – “вату”, здабыў пару пластыкавых харчовых кантэйнераў, вельмі неабходных ва ўмовах зоны, зрабіў сабе бел-чырвона-белую конаўку, з якой кожную раніцу выходзіў у “лакальку” піць каву. Называў гэта для сябе “ўзняццем сцяга”. Аддзяліў тых, з кім мог размаўляць, ад тых, з кім вымушаны быў размаўляць. Нават вызначыў для сябе нейкія бліжэйшыя планы: штосьці прачытаць, нешта змайстраваць.

А ў верасні 2011 года з “дзесяткі” мне ўдалося “выгнаць” на волю яшчэ адну маю палітычную заяву.

Толькі змена ўлады ў Беларусі можа вывесці краіну з крызісу. Болей таго, толькі змена ўлады зможа захаваць Беларусь як незалежную дзяржаву, уратаваць нашу мову і культуру. Сёння для гэтага ў нас ёсць унікальны і, самае галоўнае, рэальны шанс.

Пасля 19 снежня 2010 года ўсяму свету было ўжо зразумела, што рэжым Лукашэнкі небяспечны для беларусаў, что беларускі народ не падтрымлівае цяперашнюю ўладу, аднак пазбаўлены права выбару, таму што голас ягоны ігнаруюць. Для ўсіх відавочна, што эканамічны крах Беларусі - гэта вынік палітыкі існуючага рэжыму. Больш таго, далейшае знаходжанне пры ўладзе Лукашэнкі прывядзе да поўнага калапсу эканомікі.

Мы можам і павінны сёння змяніць свой лёс і аднавіць добрае імя Беларусі ў адносінах з нашымі суседзямі, Расіяй і Еўропай, а таксама са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Усе чакаюць, што мы, нарэшце, самі гэта зробім. Менавіта гэтае пытанне павінна стаць галоўным для беларусаў. Час для дыялогу з уладай застаўся ў мінулым. Апошняя спроба дыялогу скончылася 19 снежня збіццём тысяч людзей і арыштамі сотняў. Калі рэжым гаворыць пра дыялог, ён мае на ўвазе ўтрыманне улады любой цаной і знішчэнне апазіцыі. Трэба памятаць сваю гісторыю і не забываць яе ўрокаў.

Сёння шмат хто яшчэ ўзгадвае дыялог з уладай у 1999 годзе, але пазбягае прынцыповай ацэнкі гэтага дыялогу. На мой погляд, гэта былі самыя ганебныя старонкі ў гісторым беларускай апазіцыі, таму што сфармаваная офісам АБСЕ і рэжымам Лукашэнкі перамоўная група вяла дыялог, заплюшчыўшы вочы на смерці і знікненні палітычных лідараў. У красавіку 1999 года пры нявысветленых акалічнасцях памёр Генадзь Карпенка. У траўні – знік Юры Захаранка. У верасні знікаюць Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Аднак “перамоўшчыкі” нават і не ўзгадваюць пра іх.

Адно гэта пазбаўляе рэжым права гаварыць пра дыялог, а апазіцыю – нават разглядаць такую магчымасць. Вынік таго дыялогу – яшчэ 12 гадоў мярзотнай дыктатуры. Апазіцыя не можа дазволіць уладзе ў чарговы раз выкарыстоўваць сябе. Не гэтага чакае народ Беларусі. Не гэтага чакаюць нашы суседзі і ў Расіі, і на Захадзе, а таго, што Беларусь нарэшце стане нармальным і прадказальным міжнародным партнёрам.

Я ведаю, што мая пазіцыя, мае заявы падоўжаць тэрмін майго знаходжання ў няволі, але гэта і з’яўляецца сведчаннем сапраўдных намераў рэжыму. Усе падставы для змены ўлады, для вяртання народу права выбару сёння існуюць. Патрэбны толькі рашучасць, мужнасць, прынцыповасць.

Гісторыя ствараецца сёння. Гісторыю ствараем мы. Разам мы пераможам!”

Напэўна, для маіх катаў гэта было апошняй кропляй. І мяне раптам вырвалі на этап. З гэтага этапу і пачалося сапраўднае пекла з правакацыямі падчас этапавання ў “сталыпіных”, з падсаджваннем у камеры ў транзітных турмах зэкаў са “спецзаданнямі” наконт мяне, з пагрозамі забойства, згвалтавання, змяшчэння ў псіхушку, з катаваннямі холадам, голадам, пазбаўленнем сну, фізічнымі пакутамі, псіхалагічным уціскам, ізаляцыяй ад знешняга свету, здзекам над маімі роднымі, якія не маглі нават атрымаць адказ на простае пытанне – дзе я і што са мной. Калі б наважыўся я апісваць усе тыя вытанчаныя катаванні і здзекі, атрымалася б напэўна асобная кніга. Не ведаю, ці будуць у мяне калі-небудзь сілы на гэта.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках